Сёння ў “Кніжным салоне” — “Ладдзя Роспачы”

На мінулым тыдні беларусы адзначалі 80-годдзя свайго класіка – непаўторнага рыцара беларускай зямлі Уладзіміра Караткевіча. Сёння ў “Кніжным салоне” адбылася доўгачаканая прэзентацыя выдання ягонай навелы “Ладдзя Роспачы”. У імпрэзе ўзялі ўдзел беларускія паэты Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў, перакладчык Васіль Сёмуха, літаратуразнаўца Вячаслаў Рагойша, музыкі Лявон Вольскі і Алесь Жбанаў, гурт “Rahis“.
Падзея гэтая сталася дзякуючы намаганням беларускага журналіста і паэта Глеба Лабадзенкі, які яшчэ ўвесну на сваім блогу пачаў збіраць грошы на кнігу. Ён адзначыў, што праца над падрыхтоўкай рукапісу, а пасля і своеасаблівай работай над памылкамі цягнулася цэлы год. Кніга выдадзеная на народныя грошы – аказалася, у гэтай справе паўдзельнічалі людзі з многіх рэгіёнаў Беларусі. Кожны з фундатараў атрымаў колькасць асобнікаў кнігі адпаведна грашоваму ўнёску.
У выніку мы маем арыгінальную непадцэнзурную навелу, якая адрозніваецца ад падчышчанага варыянту твора на 296 правак. Сама кніга мае наступную структуру:
• Першая частка – уласна караткевічаў рукапіс,
• Другая частка – друкаваны тэкст, у якім пазначаны ўсе выпраўленыя моманты.

Цікава, што ў тэксце з праўкамі таксама не ўсё проста: гэтыя праўкі падзеленыя на чатыры групы. Першая з іх – уласна караткевічавы праўкі, другая – “нажнічкі” – цэнзарскія праўкі, трэцяя – “пяро” – допісы майстра, чацвёртая – ўласнаручна выкрасленыя моманты.
Унікальнасць выдання “Ладдзі” заключаецца ў тым, што цяпер кожны чытач можа прасачыць работу Караткевіча са словам: як ўважліва ён ставіўся да кожнага словазлучэння, сказа, не шкадаваў выдаляць цэлыя абзацы напісанага.
Глеб Лабадзенка акцэнтаваў увагу на такі момант, як праўка цэнзарамі беларусчыны. Усё, што мела дачыненне да беларусаў, утойвала хаця б намёк на прыналежнасць да нацыі, а не савецкага народа, правілася. Напрыклад, у арыгінале навелы словы Смерці пададзеныя Уладзімірам Сямёнавічам так: “Больш за ўсё не люблю прыходзіць да беларусаў, надта жыццё любяць”.Савецкі цэнзар пакінуў гэты сказ у выглядзе: “Больш за ўсё не люблю прыходзіць да такіх, якія надта жыццё любяць”. Слова “беларусы” знікла з твора ў 5 месцах. “Горш за ўсё ўсё тое, — працягваў Глеб, — што пасля Караткевіча жорсткай цэнзарскай праўцы падвергліся Васіль Быкаў, Кузьма Чорны, Янка Брыль”.
Паэт Рыгор Барадулін, якому прысвечаны твор, напісаў прадмову да новай “Ладдзі”. На яго думку, Караткевіч — гэта адзін з тых геніяў, “веліч якога будзе мацнець з гадамі”.
Генадзь Бураўкін і Васіль Сёмуха даказалі сваімі аповедамі, што Уладзімір Караткеіч быў жывым чалавекам – рамантычным і вясёлым. Ён любіў людзей. І ён быў рыцарам беларускай зямлі. “Сын, выказнік і апостал беларускай зямлі” – так яго называюць сябры, калегі і палечнікі.
Беларускі паэт Уладзімір Арлоў падсумаваў вышэйсказанае і дадаў некалькі “мінусаў” – у Мінску ўсё яшчэ няма помніка ні Уладзіміру Каратевічу, ні яго героям. Арлоў прыгадаў наступныя караткевічавы словы: “ Дзеля таго, каб быць беларускім пісьменнікам, патрэбна мужнасць. Я мог з куды большых поспехам пісаць па-руску, ці падвучыцца і пісаць па-польску. Аднак я свядома стаў на складаны шлях беларускага пісьменніка”.

Выпраўленыя творы – перажытак тагачаснага савецкага ладу. Калі раман “Леаніды не вернуцца да зямлі” быў перайменаваны ў “Нельга забыць” толькі з-за таго, што ўладарыў тады Брэжнеў Леанід Ільіч – аб якой галоснасці магла ісці гаворка? У нейкай ступені, выразанне нашай свядомасці было трагедыяй. І напэўна, “Ладдзя Роспачы” без цэнзуры раскрые вочы многім беларусам на тое, што дзеелася і што дзеецца.
Класікі на прэзентацыі
Аўтар Кацярына Радзюк

Сёння ў “Кніжным салоне” — “Ладдзя Роспачы”: 4 комментария

  • 06.12.2010 в 21:07
    Permalink

    «адзначалі 80-годдзя» — мусіць быць вінавальны склон
    «паэты… Уладзімір Арлоў» — Арлоў, перш за ўсё, вядомы сваёй гістарычнай прозай. Таму ён і быў запрошаны на прэзентацыю, яго клічуць сучасным Караткевічам
    «літаратуразнаўца Вячаслаў Рагойша» — яго не было. Паэт Сяргей Панізьнік, якога вы чамусьці не ўзгадалі, як і Матафонаву, згадаў яго ў сувязі з вызначэннем жанра прачытанага верша
    «• Першая частка – уласна караткевічаў рукапіс,
    • Другая частка – друкаваны тэкст, у якім пазначаны ўсе выпраўленыя моманты.» — гэта не ўся кніга. Там яшчэ ёсць машынапіс перакладу на рускую мову, аналіз правак і 55 ілюстрацый
    «беларусчыны» — пішацца з вялікай літары і праз «шч»

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 06.12.2010 в 21:15
    Permalink

    «Напрыклад, у арыгінале навелы словы Смерці пададзеныя Уладзімірам Сямёнавічам так: “Больш за ўсё не люблю прыходзіць да беларусаў, надта жыццё любяць”.Савецкі цэнзар пакінуў гэты сказ у выглядзе: “Больш за ўсё не люблю прыходзіць да такіх, якія надта жыццё любяць”.» — насамрэч цытаты выглядаюць наступным чынам: «Калі Смерць прыходзіць па Гервасія Выліваху, кажа: “Больш за ўсё я не люблю прыходзіць за беларусамі. Яны такія прагныя да жыцця, што я пачынаю думаць: ці не памылілася я са сваёй работай?” Што пакінуў рэдактар: “Больш за ўсё я не люблю прыходзіць па такіх, як ты…”
    «за ўсё ўсё тое» — не ведаю нават, што мелася на ўвазе
    “Сын, выказнік і апостал беларускай зямлі” – так» — перад двукоссем мусіць стаяць коска
    «караткевічавы словы», «караткевічаў рукапіс» — ў гэтым выпадку прыметнік пішацца з вялікай літары

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 06.12.2010 в 21:19
    Permalink

    Дзякуй, што вы наведалі гэтую імпрэзу, але трэба ставіцца да напісання матэрыялаў крыху больш адказна. Акрамя ўсяго, выкладзенага вышэй, можна было б указаць, што за «Кніжны салон» такі, дзе ён ёсць і г.д.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 07.12.2010 в 19:47
    Permalink

    І яшчэ вось што. Трэбы зрабіць подпіс да фатаздымка, хто там ёсць хто. Дзе там Караткевіч, дзе Выліваха з Рагойшам і г.д. Бо не ўсе чытачы настолькі дасведчаныя, што могуць вызначыць дзеячоў беларсукай культуры па фатаздымку.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *