Будаўніцтва пачалося яшчэ ў мінулым годзе да свята «Дажынкі-2011», якія гэтым летам пройдуць у Маладзечне.24 сакавіка Маладзечанскі завод металаканструкцый выканаў гэты заказ. Дарэчы, раней на месяц першапачаткова прызначанага тэрміну. Такім чынам, сума заказу склала 12 мільярдаў рублёў!
Лядовы складаецца з трох частак: гэта спартыўная зала, лядовая арэна і басейн з элементамі аквапарку. Самай складанай для будаўніцтва з’яўляецца якраз лядовая арэна. Былі зроблены спецыяльныя канструкцыі, больш трывалыя для таго, каб зрабіць плыўны, акруглы дах.
Каб паспець не толькі ў час, але і апярэдзіць тэрмін вырабу металічных канструкцый для палацу, рабочыя МЗМК працавалі не ў дзве смены, як звычайна, а ў тры. І хаця гэта навіна добрая, але ж хвалюе маладзечанцаў. Бо будаўніцтва такіх аб’ектаў асабліва складанае, якое патрабуе строгага выканання тэхналогій. Але спадзяемся, работа ў хуткі тэрмін ўсе ж не адлюструецца на якасці будоўлі. Скончыць будаўніцтва аб’екта плануецца ўжо на пачатку верасня.
Такім чынам, разам з Лядовым палацам на 1,5 тысячы месцаў да «Дажынак» у горадзе праводзіцца маштабная рэканструкцыя вуліц і дамоў, перапланіроўка галоўнай плошчы, парка Перамогі, будоўля фантана на месцы дэмантаванага помніка «Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі» і летняга амфітэатра ў парку.
Ксенія Ельяшэвіч
Фота Сяргея Зянько
