Калі людзі збіраюцца ў гурт

Культура

У апошнія выходныя красавіка 2012 года ў беларускай сталіцы пройдзе ўжо адзінаццаты па ліку фестываль валынкі.

“Дударскі фэст” – міжнародны фестываль, які прысвечаны такому старадаўняму інструменту як дуда (валынка). На самой справе мала беларусаў ведаюць, што дуда (беларуская валынка) – гэта народны беларускі інструмент, вядомы, як і ў шатландцаў, з далёкага сярэднявечча. І вось зараз ўзнік вялікі грамадскі рух па вяртанню ў культурную прастору гэтага інструмента. Дударскі рух Беларусі кожны год ставіць смелыя эксперыменты, напрыклад спалучэнне традыцыйных інструментаў і электроннай музыкі – праект “Пава”, DJ Павел Бальцэвіч, новая праграма гурта “LitvinTroll”, новая праграма гурта “Кашлаты Вох” і інш. Традыцыйна будуць выступаць музыкі з Польшчы – упершыню на Беларусі гурт са Шчэціна “Tryzna”. З праграмай “Полацкі сшытак” выступіць гурт “Стары Ольса” (пазнайміцца з праграмай можна на сайце dudar.info). Але самае важнае – гэта не славутыя мясцовыя музыкі ці знакамітыя госці з-за мяжы. “Дударскі фэст” дае магчымасць выступіць маладым гуртам, дае сцэну і дае ўдзячную публіку тым, хто яшчэ не мае досведу. Штогод “Дударскі фэст” знаёміць слухачоў з новымі калектывамі, і 2012 год – не выключэнне. Упершыню на “дударскую” сцэну выйдзе малады беларускі гурт пад назвай “Тутэйшыя”. Напярэдадні фестываля я сустрэлася з кіраўніком гэтага гурта. Знаёмцеся – чалавек, апантаны сваім інструментам і музычнымі традыцыямі сваіх продкаў – Дзяніс Шматко.

 

— З чаго пачалося Вашае захапленне дудой?

— Калі чалавек бярэцца за нейкі інструмент і хоча навучыцца граць на ім – хутчэй за ўсё робіць ён гэта з-за таго, што атрымлівае асалоду ад гука гэтага інструмента, і ад эмоцыі, якой насычае гэты інструмент, магчыма, “балдзее” і ад знешняга выгляду. І вось тут усё і пачынаецца. У свой час я так пабачыў дуду і прапаў…

— Як праходзіла навучанне гранню на дудзе?

— Навучанне гранню на гэтым інструменце, часцей за ўсё, праходзіць доўга, марудна і з пераменным поспехам. З самага пачатку здаецца, што навучыцца граць, не кажучы ўжо пра дасягненне майстэрства, вельмі складана. А часцей за ўсе, здаецца, што проста немагчыма! Гадзінамі, суткамі, тыднямі і нават месяцамі гвалцяцца вушы суседзяў, родных і сяброў… Ды ўсіх навокал! І я вам скажу, што аматараў, ці прыхільнікаў такога “грання” хутчэй за ўсё не знойдзецца! Час ад часу ўжо і сам пачынаеш сумнявацца, ці атрымаецца што-небудзь…

 

— А што адчувае малады дудар, калі робіць першыя поспехі?

— Ці чакана, ці не вельмі, але вынікам цяжкай працы, дбайнасці, упартасці і трывання загучыць першая мелодыя ў вашым выкананні… Вы адчуеце тое, што адчуў я ў свой час. Гэта непараўнальна ні з чым! Палёт, паветра, радасць, самота, смех, спакой і яшчэ шмат чаго… Усё адразу! І нават нягледзячы на тое, што вось гэтай самай першай мелодыяй вы будзіце яшчэ доўга гвалціць усё тых жа самых родных і суседзяў, гэта будзе кайф! Не ад гвалтавання. А ад таго, што з-пад вашых пальцаў, з вас, праз інструмент, “выліваецца” МУЗЫКА!

І з кожным новым дасягненнем, з кожным вывучаным творам, з кожнай нотай асалода становіцца ўсё большай і большай. Пры гэтым жаданне граць узмацняецца ў тысячы разоў! Адточваецца майстэрства. Становіцца зразумела, што на самой справе складанага нічога не было! Трэба было проста пачаць, а астатняе атрымалася само па сабе. Па троху ўжо і першыя вашыя слухачы – родныя і суседзі – разумеюць, што ад вас ім нікуды не падзецца і яны пачынаюць прыслухоўвацца. Вось менавіта яны і будуць сведкамі таго, што нічога немагчымага не бывае! А калі атрымлівацца будзе добра – то, магчыма,  яны і стануць першымі аматарамі вашай творчасці.

— Калі з’явілася жаданне стварыць гурт?

— Прыходзіць пэўны час, калі разумееш, што на самой справе, не важна колькі ведаеш твораў. І вывучыць новыя не складае праблемы. Вось гэта і ёсць наступны крок. Пераходу ад “колькасці” да “якасці”. А вельмі добра дапамагчы у гэтым можа спалучэнне з іншымі інструментамі. Кожны інструмент мае свой гук, характар, адценне і сваю эмоцыю. І толькі калі чуеш гучанне дуды на фоне іншых інструментаў, калі гук пераплятаецца, час ад часу “хаваецца” за астатніх, а потым выходзіць наперад, уздымаецца і падае – вось тады пачынаеш разумець паўнавартаснае гучанне свайго інструмента.

Вы ўявіце сабе некалькі чалавек, кожны з якіх прайшоў усе вышэй апісаныя выпрабаванні. Кожны з якіх толькі са сваёй асабістай нагоды ўзяўся за пэўны інструмент і мае пэўныя мэты. Кожны з якіх апантаны сваім інструментам! І яны граюць разам…

— Кажуць, што музыкі ў гурце –  гэта адзінадумцы. Так праўда, гэта людзі ў нечым падобныя між сабой?

— Гурт пачынаецца з непадобных на першы погляд людзей, якія збіраюцца разам з нейкай, нельга сказаць адной і той жа, але вельмі падобнай думкай. Кожны прыносіць у гурт частку сябе і атрымліваецца своеасаблівы “мікс”, з якога і пачынаецца жыццё гурта як жывой істоты.

На гэтым этапе прыходзіць разуменне яднання. Кожны ўдзельнік адчувае сябе часткай нечага большага, і гэтае большае – частка кожнага… І ад гэтага нараджаецца новы кшталт “пёрлава”. Гэта пачуццё гурта. Месца твайго інструмента ў гэтым гурце. Месца гэтага гурта ў тваім жыцці.

— У чым асаблівасць маладога, новастворанага гурта?

І вось ужо ёсць новы гурт. Новая “баявая адзінка”. ТАК, менавіта “баявая адзінка”! Таму, што кожны ўдзельнік паасобку – гэта проста музыка. Супер-мега-профі ці пачынаючы – не важна. Адзін… А гурт – гэта натхненне, сябры і аднадумцы. І калі кожнага ўдзельніка гурта, хоць і кожнага па свойму, кранае тое, што робіць гурт, “качае” тое, як гурт гучыць, як гучыць кожны інструмент і ўвесь гурт цалкам. Калі неабыякавы далейшы лёс гурта і жывая ідэя  – датуль будзе жыць у гурце гэтая самая “пёрлавая” разынка, якая не дасць згубіць натхненне і цікавасць да сваёй любімай справы. Не дась загінуць гурту.

І яшчэ адна думка, якая не дае мне пакою. Калі людзі збіраюцца ў гурт, ім проста прыемна разам граць. Яны граюць толькі дзеля сябе і свайго задавальнення. Ніхто ад іх нічога не чакае, удзельнікі гурта нікому нічога не павінены. А чым больш вядомасці – тым больш аматараў. Людзей, якім падабаецца вашая творчасць, людзей, якія чакаюць нечага новага ад гурта, людзей, якіх нельга расчараваць. А дзеля гэтага патрэбна працаваць, працаваць і працаваць!!!

Вось тут і “каменьчык”. Страшнавата думаць пра тое, што любімая справа можа пераўтварыцца ў працу. А што яшчэ горш – добрыя сябры – у супрацоўнікаў… Праца можа абрыднуць. А да “супрацоўнікаў” можаш пачаць ставіцца так, як да сяброў ніколі б сабе не дазволіў…

Вось таму і патрэбна гэта “пёрлавая” разынка. Яна заўсёда нагадае: хто вы, што вы робіце, навошта вы гэта робіце. І, што за ўсё важней, з чаго ўсё пачыналася.

 

 

 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *