«Твору Караткевіча пасуе жанр фільму жахаў»

Новости

Кадр з фільма "Чорны замак Альшанскі", рэж. М. Пташук

Так мяркуе кінакрытык Андрэй Расінскі наконт экранізацыі “Чорнага замку Альшанскага”. Над ёй працуе нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” сумесна з кінакампаніяй “ТРО Союз”. Таксама збіраюцца зняць фільм па матывах раману “Каласы пад сярпом тваім”.

 

Больш мантажу, больш спецэфектаў

 

Здымкі “Чорнага замку Альшанскага” былі запланаваныя на гэты год. Ідэя ж экранізацыі ўзнікла ў Ігара Вугольнікава, старшыні Тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы, яшчэ ў 2009 годзе. Працаваць на праектам “Тро Союз” будзе разам з кінастудыяй “Беларусьфільм”. Генеральны дырэктар Алег Сільвановіч кажа, што кінастудыя мае выключныя правы на экранізацыю твору Уладзіміра Караткевіча, якія ім пашчасціла набыць у пляменніцы пісьменніка Алены Сінкевіч.

Была ідэя перанесці сюжэт у наш час, і Алене яна не спадабалася. Па яе жаданні тэкст сцэнара будзе максімальна прыбліжаны да твора. У якасці рэжысёра фільму выступіць Аляксандр Яфрэмаў, вядомы гледачу па карцінах “Павадыр” і “Снайпер”. Паводле яго задумак, гэта будзе новая версія вядомага кіно. Плануецца выкарыстаць  сучасныя элементы кінаіндустрыі: мантаж, аб’ёмныя выявы, пры гэтым захаваць цэласнасць сюжэту Караткевіча.

Андрэй Расінскі мяркуе, што экранізаваны «Чорны замак Альшанскі» можа згубіць сваю беларускую аўтэнтычнасць. Разам з тым ён лічыць, што для сучаснай экранізацыі твору Караткевіча найлепш пасуе жанр фільму жахаў.

Дарэчы, першая версія фільму здымалася ў наваколлях Камянца-Падольскага ва Ўкраіне, дзе і знаходзіцца замак XVI ст.

Абяцанага 2 гады чакаюць…

У лютым 2010 года была прапанавана ідэя зняць кіно па матывах рамана “Каласы ад сярпом тваім”. Пра паўгады быў напісаны сцэнар і… усё на гэтым. Прайшло ўжо больш за два гады, а “Каласы…” не з’явіліся і дагэтуль.

Аўтар сцэнара Аляксандр Качан адзначае, што «пераважная большасць размоў у фільме мусіць быць па-беларуску. Але ўжываецца таксама расійская, польская і французская».

Заказ на гэты фільм быў ад міністра культуры. У канцы 2010 года ён заявіў, што экранізацыя «Каласоў…» павінна стаць сумесным беларуска-польскім праектам. І тут узнікае заміначка: ці будзе праект лічыцца чыста “нацыянальным”, калі пры яго стварэнні мы будзем карыстацца дапамогай замежных партнёраў? Верагодна, не. Таму на «Беларусьфільме» пакуль не вырашылі, ці будуць палякі нашымі партнёрамі.

Дарэчы, зараз існуюць 4 мастацкія і 3 дакументальныя фільмы паводле твораў У. Караткевіча – па матывах раманаў “Дзікае паляванне караля Стаха” (1979), “Сівая легенда” (1991), “Чорны замак Альшанскі” (1984), “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (1967). Караткевіч напісаў сцэнары для кароткаметражных фільмаў “Сведкі вечнасці” (1964), “Памяць каменя” (1966), “Чырвоны агат” (1973).

Юлія Вілюха



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *