Адчайны крык душы…

Культура

На поўначы Гродзенскай вобласці жыве і развіваецца горад Слонім. Горад жыве спакойным жыццём, і парушаецца спакой жыхароў вельмі рэдка.На мінулым тыдні адзін выпадак ускалыхнуў грамадскасць “Палескіх Афін”. Адныя былі абураны, іншых,наадварот, зацікавіў выпадак. А здарылася вось што…
Краму «1000 дробязей» у Слоніме ведае кожны жыхар горада, а нядаўна гандлёвая ўстанова стала больш вядомай у нашым горадзе дзякуючы аднаму надпісу. А менавіта, невядомая рука напісала яскрава чырвоным спрэем тры простыя, але шматзначныя словы: «Размаўляй па беларуску». Мабыць, некаторых слонімцаў гэты надпіс прымусіў задумацца над лёсам роднай мовы, а іншыя былі абураны: маўляў, чарговыя хуліганскія выхадкі малалетак.

А з кім?

  Але ў дадзеным выпадку гэтых так званых «хуліганаў» хвалюе лёс мовы Коласа і Купалы, а лозунг на сцяне крамы можна разглядаць як адчайны крык душы. Цяжка данесці сваё меркаванне ў цалкам русіфікаванай краіне, у якой з экранаў тэлевізараў, на вуліцы, са сцэны, на працы, — адным словам паўсюль, — гучыць не родная мова. Застаецца толькі голая тынкаваная сцяна, якая моўчкі прыме надпіс, каб пазней ён, магчыма, трапіў у свядомасць грамадзян, якія не па свайму жаданню адмовіліся ад мовы бабуляў і дзядуляў. Так як іудэі пакідаюць карткі з просьбамі да Яхве ў Сцяне плачу, гэтак і невядомы жыхар Слоніма пакінуў свой вокліч душы на халодным бетоне. І не важна, што нехта пакінуў надпіс з памылкай, бо правільна будзе «Размаўляй па-беларуску». Важны сэнс… А ён вельмі глыбокі і балючы, бо закранае пытанне мовы, пытанне балючае, бо як іншакш яго назваць у краіне, якая не размаўляе на сваёй спрадвечнай мове.
Паводле закону, зроблены на сцяне крамы надпіс – гэта акт дробнага хуліганства. І гэта зразумела, бо нехта будзе прымушаны выдаткаваць грошы на аднаўленне фрагмента будынка. Але ці мы, грамадзяне гэтай краіны, здолеем адрадзіць, аднавіць як сцяну будыніны сваю мову, пакінутую нашымі прашчурамі як найбольш каштоўны спадчынны скарб?



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *