Усе мы сцвярджаем, што мама – самы дарагi, самы родны, самы добры i самы ласкавы чалавек ва ўсiм свеце. Гэта так. Як і тое, што кожная мацi вельмi любiць сваё дзiця, шкадуе яго i заўсёды хоча, каб яно было добрым, паслухмяным, нiколi не хварэла. А яшчэ ўсе маці мараць аб тым, каб іх дзеці сталі самымі лепшымі. І робяць для гэтага ўсё магчымае і немагчымае.
Не аднойчы даводзілася быць сведкай таго, як маці яшчэ зусім маленькіх дзетак імкнуцца задаволіць усе іх жаданні: убачыла дзіця ў магазіне прыгожую цацку – атрымай, калі ласка, захацела смачную цукерку – ну як жа я не куплю? Безумоўна, гэта дробязі, і дрэннага ў тым, каб стварыць свайму маленькаму сыну ці дачцэ радаснае дзяцінства, нічога няма. Але, калі з цягам часу “мама, купі!” кладзецца ў аснову сямейных адносін, ужо складаней. Бацькі неўсвядомлена, самі таго не хочучы, выхоўваюць маленькага эгаіста, які лічыць, што раз яму падарылі жыццё, значыцца, абавязаны даць і ўсё астатняе, прычым лепшае, чым у Пеці, Васі ці Машы з паралельнага класа. І мама стараецца, часта адмаўляючы сабе ва ўсім, чым толькі можна, каб яе дзіця мела самае моднае адзенне, найлепшы мабільны тэлефон, камп’ютар…
З гадамі дзецi вырастаюць i, як птушкi, пакiдаюць роднае гняздо. А мацi застаюцца адны i толькi тым i жывуць, што радасцю тэлефоннага званка, новай сустрэчы з імі. Дзеці звоняць, каб расказаць, што збіраюцца схадзіць у модны дарагі клуб, на канцэрт, што ім трэба аплаціць кватэру, дзеляцца марамі пра новы аўтамабіль, адпачынак у далёкай краіне, уласнае жыллё… І ў гэтай сітуацыі большасць маці стараецца дапамагчы ўсім, чым можа. Яна купляе сабе толькі самыя неабходныя прадукты, пераконвае сябе, што туфлі ці паліто, набытыя некалькі гадоў таму, яшчэ не выйшлі з моды і змогуць паслужыць чарговы сезон, а пра паездку ў санаторый нават і не думае. У пісьменніка Віктара Карамазава ёсць апавяданне “Дзяльба кабанчыка”. У сваiм творы аўтар паказаў дзяцей, якія прыехалі ў родную вёску да маці па свежаніну. Каб не кабанчык, мацi яшчэ не хутка дачакалася б сваiх дачок. Жанчына разумее гэта, i слёзы набягаюць на вочы. Але хiба бывае доўгай матчына крыўда? Як толькi дочкi з’явiлiся на парозе, яна адразу ж знiкла, саступiўшы месца радасцi. З якой асалодай дзелiць жанчына мяса!Яна зусiм забывае пакiнуць што-небудзь сабе. Але дочкі гэтага як быццам не заўважаюць. Нават пасля заўвагi сына i адна, i другая маўчаць – iм не хочацца пазбавiцца нi аднаго кавалка. Ды толькi мацi застаецца мацi. Яна гатова аддаць дзецям усё, каб толькi чым-небудзь парадаваць iх, дапамагчы. Самая вялікая для яе радасць–адчуваць сябе патрэбнай дзецям. На абурэнне сына, якi адзiны паклапацiўся пра мацi, жанчына шчыра адказвае: “Каму ж я, сынок, раблю? Вам i раблю. Мне той кавалак не палезе ў горла, калi вам не аддам”.
Вось такая замалёўка з жыцця. Я не выступаю катэгарычна супраць дапамогі бацькоў дзецям – ім у жыцці неабходна даць добры старт. Але мне здаецца, што тут, як і ва ўсім, патрэбна мера. У сваім імкненні быць карыснымі сыну ці дачцэ ўсё ж нельга забываць і пра ўласныя інтарэсы. І як было б добра, каб усе дзецi разумелі, што бываць у родным доме ў маці і бацькі трэба не толькі на святы або калі ўзнікае неабходнасць у матэрыяльнай дапамозе, а проста так. Бо любіць і шанаваць бацькоў трэба ўжо за тое, што яны ёсць.
P.S. Дарэчы, хутка Дзень маці, а таму не забудзьцеся паклапаціцца пра падарунак свайму самаму роднаму чалавеку.