Максім Багдановіч збірае мэблю

Беларускаму паэту споўнілася б сёння 120 гадоў

За што чалавек, які ніколі не пісаў вершаў, атрымаў мянушку Паэт? Як Максім Багдановіч здаваў іспыт па беларускай літаратуры ва ўніверсітэце? І ці творчая гэта прафесія, мэблю збіраць?… У дзень 120-годдзя з  нараджэння Максіма Багдановіча я даведалася, як сёння жывуць цёзкі паэта.

“Пра ткачых люблю, васількі… і бяздольнасць…”

— Максім, скажыце, якая першая асацыяцыя са словам “вянок”?

-Вянок? З кветак вянок, дзяўчыны ўлетку робяць. Збіраюць дзьмухаўцы і робяць. Мяне бабуля, дарэчы, калі малы быў, вучыла прыгожыя вянкі рабіць. А, пачакайце-пачакайце… Гэта вы зараз да таго, ці ведаю я зборнікі вершаў свайго знакамітага цёзкі? (смяецца)

— Да-да, менавіта да таго. Вось, значыцца, ведаеце. Хоць і першыя асацыяцыі пра жаночыя ўпрыгожванні былі. А як, наогул, да творчасці Багдановіча ставіцеся? Любімыя вершы ёсць?

-Любімыя? Пра ткачых люблю, васількі… і бяздольнасць…

Ад родных ніў, ад роднай хаты…

Яны, бяздольныя, узяты …

У школе вучыў, а зараз ужо дакладна і не працытую. Канешне, столькі год прайшло.

-Даўно школу скончылі?

-Ужо і ва ўніверсітэце адвучыўся. Працую два гады.

-А ў Вас спецыяльнасць творчая ці тэхнічная?

-У мэблевым магазіне працую. Гэта як, творча ці тэхнічна? Я сам не вызначыўся яшчэ. Сябры рамонт калі робяць, да мяне звяртаюцца часта. Так я сябе дызайнерам адчуваю, чым не творчая спецыяльнасць? Ну а так, штодзённа, калі мэблю збіраю, тут ужо тэхнічная, канешне.

У нас проста ёсць імёны Максім і Багдан…

У сацыяльнай сетцы пішу хлопцу з Украіны, у якога ў імені і прозвішчы напісана “Максим Богданович”:

-А ў Вас сапраўднае імя і прозвішча тут стаіць?

-Не

-А чаму тады менавіта гэтыя? Ва Украіне пра Максіма Багдановіча ведаюць?

-Што значыць ведаюць? Ты маеш на ўвазе якога менавіта чалавека? У нас проста ёсць імёны Максім і Багдан. Багдановіч-гэта імя па бацьку. Вось я сабе так прыдумаў, таму так тут падпісаны.

Атрымаў мянушку Паэт толькі з-за прозвішча

-Максім, а Вы вершы не пішаце?

-Пісаў толькі ў школе, калі адзнака добрая патрэбна была. Але ж атрымлівалася не хужэй, чым у выдатнікаў.

-Значыцца, задаткі нейкія да творчасці ёсць усё ж такі… Да, наконт школы. Не было такога, каб аднакласнікі жартавалі, нібы Вы павінныя ведаць усю біяграфію ды вершы Багдановіча на памяць?

Канешне! Куды ж без гэтага. Калі прыехаў вучыцца ў Мінск, адразу ж атрымаў мянушку Паэт толькі з-за прозвішча! Наогул, калі кажу, што я – Максім Багдановіч, некаторыя не вераць адразу.

-А Кніжнікам не называлі? Толькі Паэтам?

-Не, да Кніжніка не дайшло.

-А ты што, Пушкін?

-Не, усяго толькі Багдановіч

-Максім, а прозвішча паэта абавязвае да нечага ці, можа, дапамагае?

-Оой! Я калі ва ўніверсітэце вучыўся, яшчэ як абавязвала. У мяне выкладчыцай па беларускай літаратуры была жанчына, якая лічыла, што я павінен ведаць літаратру беларускую “ад і да”, як гавораць. І на экзамене, памятаю, пыталася мяне так, нібы я гэтыя вершы сам пісаў (смяецца).

-А Вы з бацькамі ніколі не абмяркоўвалі, чаму Вас менавіта Максімам назвалі?

-Неяк у дзяцінстве вельмі цікавіўся, калі мае аднакласнікі расказвалі сваім бацькам і сябрам: “Ты ўяўляеш, у маім класе Максім Багдановіч вучыцца!!!” Але чаму мне выпаў такі зорны лёс, так і  дагэтуль не ведаю.

-А, можа, якія -небудзь цікавыя выпадкі былі, звязаныя з прозвішчам? Не прыгадаеце?

Быў выпадак, які, напэўна, унукам яшчэ сваім расказваць буду. Гэта ў той час, калі я яшчэ школьнікам быў. Адправілі мяне выступаць з дакладам па хіміі. Зараз такія мерапрыемствы канферэнцыямі завуць. І там трэба было прозвішчы свае жанчыне-арганізатару прадыктаваць. Наша з сябрам чарга амаль падыйшла, і я бачу, што жанчына прозвішча хлопца, што перада мной стаіць, няправільна піша. Кажу ёй пра гэта. Тая раззлавалася і крычыць: “Ты што, Пушкін, што ведаеш усё?!” Кажу: “Не, усяго толькі Багдановіч”. Яна пабурчала нешта і не верыла мне.  Заставіла мяне паказаць пашпарт, каб дапусцілі даклад чытаць.

Тэлефонны даведнік аператара “Вэлком” налічвае ў Беларусі 803 чалавекі з прозвішчам Багдановіч, Максімаў з іх – 7 .

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Максім Багдановіч збірае мэблю: 2 комментария

  • 10.12.2011 в 12:26
    Permalink

    И что, что тёзка? Обычный мужик, смысл интервью?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 10.12.2011 в 14:07
    Permalink

    ШоБ — Шоб было

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *