На мінулым тыдні Брэст прымаў удзельнікаў заключнага этапу 29-ай рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры 2012-2013 навучальнага года. Тут сабраліся ўсе самыя лепшыя знаўцы роднай мовы. Гэта прадстаўнікі з усіх абласцей, горада Мінска, ліцэя БДУ, а таксама Брэст вітаў гасцей з Літоўскай Рэспублікі і Рэспублікі Польшча.
Алімпіяднікі – носьбіты беларускай мовы. Юным мовазнаўцам у недалёкім будучым захоўваць, развіваць і несці ў свет мову Янкі Купалы і Якуба Коласа. З’яўляўшыся прадстаўніцай Гродзенскай вобласці, я адчула ўсе плюсы і мінусы алімпіяднага жыцця на сабе.
Ужо на вакзале горада Брэста кожную каманду чакаў уласны аўтобус, які даставіў удзельнікаў алімпіяды на месца прызначэння. У далейшым кожная каманда на любыя мерапрыемствы рухалася на сваім аўтобусе. У рэшце рэшт атрымлівалася, што ўсе 8 аўтобусаў рухаліся адзін за адным і суправаджаліся міліцэйскай машынай. Кожнай камандзе выдзелілі па два суправаджальнікі. 
Першай справай алімпіяднікі засяліліся ў інтэрнат установы адукацыі “Брэсцкі дзяржаўны абласны ліцэй імя П. М. Машэрава” і расклалі свае рэчы. Затым мовазнаўцы паабедалі ў сталоўцы ліцэя. У чатыры гадзіны адбылося ўрачыстае адкрыццё алімпіяды. Свята сабрала не толькі ўдзельнікаў алімпіяды, іх настаўнікаў і членаў журы, але і гасцей. Перад усімі прысутнымі выступілі самыя лепшыя творчыя калектывы берасцейскай зямлі.


Брэсцкі аблвыканкам стварыў спрыяльныя ўмовы для правядзення алімпіяды. Умовы пражывання ў інтэрнаце былі цудоўныя: светлы пакой, мяккія ложкі, ёмістая шафа, душ на 5 чалавек. Усе алімпіяднікі засталіся задаволенымі. На харчаванне таксама скардзіцца не прыходзілася. У сталоўцы гатавалі смачную ежу і абслугоўвалі афіцыянты. Чаго яшчэ трэба для шчасця?
Сама алімпіяда складалася з трох тураў (водгук на мастацкі твор, комплексная работа, вуснае выказванне), кожны з якіх праводзіўся ў асобны дзень. У склад журы ўвайшлі 18 чалавек.
Акрамя напружанай алімпіяднай дзейнасці нас чакала цудоўная культурная праграма. У аўторак пасля абеду дзеці адправіліся на аглядную экскурсію па горадзе Брэсце. У сераду алімпіяднікі наведалі “Мастацкі музей” у Брэсцкай крэпасці і папрысутнічалі на экскурсіі па Брэсцкай крэпасці.
У чацвер юныя мовазнаўцы наведалі ўстанову адукацыі “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна” (“Мая будучыня – філфак”). Вечарам гэтага ж дня самыя дапытлівыя пайшлі глядзець, як ліхтаршчык запальвае ліхтары. Гэта цырымонія адбываецца кожны дзень і пачынаецца ў 19:50. 
Потым стомленыя алімпіяднікі сабраліся за сталом і правялі вечар у прыемнай сяброўскай кампаніі.
У пятніцу адбылося ўрачыстае закрыццё алімпіяды. Дыпломамі і памятнымі падарункамі былі ўзнагароджаны пераможцы. Нават удзельнікі, якія не дасягнулі перамогі, атрымалі кнігі на памяць. Першае агульнакаманднае месца ў гэтым годзе атрымала каманда Мінскай вобласці.

Мне давялося пагутарыць з Аленай Нарутай, прадстаўніцай Гродзенскай вобласці, якая атрымала дыплом 2-ой ступені.
— Алена, як доўга вы займаецеся алімпіядным рухам? Чым выклікана ваша цікавасць да роднай мовы?
— Алімпіядным рухам займаюся з самага дзяцінства. Пачала ў 5 класе, калі настаўніца англійскай мовы ўзяла мяне займацца сваім прадметам. Удзельнічала ў алімпіядзе па англійскай мове да 8 класа, у 9 пайшла на беларускую. Магу сказаць, што заўсёды добра ставілася да мовы дзякуючы бабулі, якая раней працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры і з дзяцінства прывучала ставіцца да яе з павагай. Акрамя гэтага, бацькі таты і маці жывуць у вёсцы, і, прыязджаючы да іх, я проста не магу не гаварыць па-беларуску.
— Як ставіцеся да двухмоўя ў нашай краіне?
— Гэта, канечне, проста немагчыма, каб на сваёй мове ніхто не размаўляў. У рэшце рэшт ва ўсёй гэтай праблеме з роднай мовай вінаватыя толькі мы самі. Памяркоўныя, нерашучыя, заўсёды «мая хата з краю». Калі раптам у адзін дзень людзі прачнуцца і ўбачаць, што ўсё вакол па-беларуску: пойдуць у краму – па-беларуску і незразумела, пойдуць у кіно – па-беларуску агучваецца і незразумела, то многія не захочуць гэтага. І калі ізноў правесці рэферэндум, то ўсё роўна прагаласуюць за двухмоўе. Тут павінен адбыцца нейкі штуршок у чалавечых галовах, і адбудзецца ён не ў адзін дзень.
— Чым запомнілася, уразіла алімпіяда?
— Больш за ўсё, канечне, людзьмі. Без іх мы — нішто. Агульныя думкі, мроі, пачуцці, пакуты, праблемы, страхі і г. д.
— Што было самым хвалюючым на алімпіядзе?
— Самае хвалюючае — гэта, канечне, вуснае выказванне, хвіліны твайго асабістага кантакту з журы. Тут многае складана псіхалагічна, тут ты аратар, які павінен павесці за сабой. Калі ты не ведаеш, хто ты ды яшчэ і няўпэўнены ў сабе — рыхтуйся, для цябе гэта будзе сапраўднае пекла.
— З якімі пачуццямі вы пакідалі алімпіяду?
— З аднаго боку пакідала з палёгкай (будзе ізноў звычайнае, спакойнае жыццё, мяне можна будзе на перапынках знайсці за сваёй партай, спакойную, памяркоўную), а з другога – скончылася адна з самых незвычайных і цудоўных “эпох” майго жыцця, і на яе я ўжо ні ў якім разе не забудуся. Яшчэ было пачуццё, што алімпіяда мне дала значна больш, чым магчымасць не здаваць экзамены ці нешта такое, бо яна змяніла мяне ўнутрана на ўсё жыццё.
— Ці будзеце звязваць свой лёс з роднай мовай?
— Ён ужо звязаны, прычым непарыўна. Ужо ведаю, што не змагу знаходзіцца ў кампаніі, дзе дрэнна ставяцца да беларускага, і па магчымасці не буду ў ёй, не змагу мець абсалютна камфортныя зносіны з людзьмі, якія ганяць беларускае. Хацелася б пайсці на філфак, але ж гэта яшчэ нявырашанае пытанне. Яшчэ ёсць два месяцы, таму буду думаць!
Вось колькі прыемных уражанняў, незабыўных сустрэч і хвалюючых момантаў прынёс мінулы тыдзень нашым алімпійцам. Для кагосьці алімпіяда па беларускай мове і літаратуры скончылася назаўсёды, хтосьці яшчэ вернецца сюды пасталеўшым. У наступным годзе алімпіяда зноў расчыніць дзверы перад юнымі мовазнаўцамі і павядзе іх па сцяжынках ведаў, дабрыні і сяброўства.
Вераніка Уласевіч

Вераніка, ёсць некалькі заўваг:
1. Мне так здаецца, што вы тэкст уставілі з ворда, а не з нататніка. Няправільная вёрстка.
2. Частыя лексічныя паўторы.
3. Падрябязнае апісанне жыцця алімпіяднікаў, гэта ўсцяжарвае ўспрыманне матэрыялу. Увогуле, атрымалася публікацыя пра ўражанні, а не пра алімпіяду.
4. Матэрыял эмацыянальна афарбаваны.
5. Фотаздымкі: па-перш, малыя, па-другое, статычныя.
6. Лішні подпіс аўтара ў канцы публікацыі.
Веранiка, вы малайчына, нататка вельмi спадабалася) уласна перажыты матэрыял тут даволi злучна успрымаецца, а пра фатаграфii- у наступны раз,напрыклад,калi трэба будзе свае фота устауляць, лепей iх крыху абрэзаць,падрауняць,можна нават microsoft picture manager)
Вельми спадабалася матэрыял, вы малайчына,што напiсалi пра гэта. Цiкава чытаць пра уласнаперажытае))
Спадабауся*