Людзі другога гатунку, альбо чаму сучасныя аграгарадкі не прывабліваюць моладзь

1331802175_ego-014Кожнаму, хто працуе,  хоць аднойчы ў жыцці  задавалі пытанне: “Які памер вашай заработнай платы?” Аўтар гэтых радкоў таксама не выключэнне. Па натуры  я чалавек шчыры і адкрыты, і ніколі не ўтойвала сваіх так званых нядрэнных заработкаў. Тым больш, што на самой справе і ўтойваць асабліва няма чаго.  Але мяне,  вясковага жыхара, заўсёды  вельмі ўражвала меркаванне  ў гэтым плане гарадскіх маіх суразмоўцаў. Маўляў,добра  вам, вясковым!У вас жа ўсё сваё: і “сальцэ”, і “мясцэ”, і г.д. Размова вялася кшталту таго, што заработную плату можна атрымліваць у невялікіх памерах, а можна, увогуле, пражыць і без грошай. Не ведаю, наколькі    каму падабаецца гэткае меркаванне, але ўва мне ў гэты момант, шчыра кажучы, здаецца нешта пераварочваецца. Прыкра становіцца.І тады  хочацца  сказаць шмат чаго і, да свайго сораму, не самага лепшага. Але, стараючыся не прыпадабняцца некаторым, далікатна прамоўчваю… Хаця не заўсёды атрымліваецца і прамаўчаць.Што ж зробіш, што ў нашым грамадстве трывала ўсталяваўся такі стэрэатып, што калі ты вясковы жыхар, дык ты нейкі не гэтакі.Нават не ведаю якое слова падабраць.  У сэнсе “другога гатунку”. Не буду хадзіць далёка – буду гаварыць аб сабе. Будучы  ў адным даволі інтылігентным асяродку я неаднаразова чула ад некаторых суразмоўцаў  выказванні тыпу “вясковыя едуць “заваёўваць” горад, прычым робяць гэта дастаткова напорыста”. Адразу ж хацелася запытацца: “А што, на ваш погляд, калі ты з вёскі,  дык абуй чобаты, завяжы хустку ды даглядай гаспадарку?” Пытанне можа падасца  і грубаватым, але ж вельмі крыўдна становіцца слухаць такое. Тым больш, з вуснаў  людзей такога высокага ўзроўня адукацыі. Але ж, калі запытацца ў гэтых самых гарадскіх “першагатунковых” адкуль іх бацькі альбо дзяды, то амаль заўсёды пачуеш, што яны таксама вясковыя.

Але ж, я адышлася ад думкі. Дык вось, наконт заработнай платы. Сыходзячы з меркавання некаторых гарадскіх жыхароў,  вясковым можна выплачваць такі памер заработнай платы, каб яе хапала толькі на хлеб, а на сукенкі нават і не абавязкова –  у  вёсцы ж добра апранацца не патрэбна.Бо ж нават рэклама на тэлебачанні  прапагандуе: “забруджаныя рэчы – у вёску!” Ды й увогуле нашто яны (грошы) нам!.. У гіпермаркет – не трэба, у басейн, ці фітнэс-клуб – таксама, у тэатр – у нас жа яго і няма. Нам жа грошы  патрэбны толькі для таго, каб набыць камбікармы ці вітамінавыя дадаткі для хатняй жывёлы, альбо насенне і  нейкія мінеральныя ўгнаенні, ці напрыклад хімічныя сродкі для працы  на  “сотках”. А,  яшчэ ледзь не забылася, нам жа патрэбна час ад часу новыя чобаты ды ватоўкі набываць.  Сапраўды ж!..

Што ўсё гэта патрэбна,  згодна, так бы мовіць, на ўсе сто працэнтаў.  Але ж, калі ўжо заходзіць з гарадскімі жыхарамі такая гутарка, дык я заўсёды пытаю: “Што перашкаджае Вам перакваліфікавацца?” Вось, калі ласка, прыязджайце, прыкладам, у  маю родную вёску, дый майце ўсё сваё:  і “сальцэ”, і “мясцэ”. Дарэчы, вёска цудоўная, з развітай інфраструктурай, амаль чатыры гады таму набыла статус аграгарадка . Тут  вам усе ўмовы: па прыездзе адразу ж – навусенькі шыкоўны катэдж. Гэта незалежна ад таго, ці ёсць у вас жыллё ў горадзе. Калі ёсць – не праблема –  здавайце яго кватэраздымшчыкам і прыязджайце. Калі вы крыху спецыяліст у нечым –   пасада ды  яшчэ і службовы аўтамабіль. Зямлі для агародніх клопатаў – колькі душа пажадае,   толькі б вы працавалі. Можаце нават у сельгаскааператыве і парсючка ўзяць, каб не прапасці з голаду на першых парах, прычым нават у растэрміноўку. У вёсцы працуюць усе сацыяльныя аб’екты. Тэатра канешне няма, але ж затоеканцэртнай дзейнасці хапае. Прычым розных узроўняў. Часам і “Бяседа”, і Дарафеева з арт-групай “Беларусы” заязджаюць. Нават “Песняры” былі і хор імя Цітовіча. І што немалаважна – канцэрты ладзяцца за кошт сельгаскааператыва. Калі ўжо пытанне прынцыповае і  проста абавязкова патрэбна патрапіць ў тэатр? Няма пытанняў  – сядайцеў аўтобус (калі няма аўто)  і праз 30 хвілін вы ў Пінску. Там вам  і тэатр. Вядомая справа, гэта не Тэатр музычнай камедыі, але ўсё  такі.

На самой справе ўсе гэтыя мае перакананні – няўдзячная справа. Бо якія б толькі довады я не прыводзіла – усё дарэмна. Ніхто яшчэ з горада ў вёску проста так не пераехаў. Падкрэсліваю “проста так”, гэта значыць без прычыны. Можа і ёсць нейкія прыклады рэдкага выключэння, але, мяркую,  што для гэтага ўсё роўна былі нейкія падставы. І, нават не маючыя свайго ўласнага жылля сем’і, не паедуць у вёску  ў  той нават самы шыкоўны катэдж, а будуць туляцца на здымных кватэрах, альбо ў інтэрнатах. Хіба што толькі маладыя сем’і, якія вымушаны адбываць у вёсцы абавязковы тэрмін адпрацоўкі. Але і тыя,  патрапіўшы сюды, не спяшаюцца абзавесціся хатняй гаспадаркай, а вядуць гарадскі лад жыцця. І я разумею іх, бо ж яны не выраслі “на зямлі” і не прывыклыя да яе. Ды і тыя выдаткі, якія затрачваюцца на вядзенне хатняй гаспадаркі, не перавышаюць прыбыткаў, якія атрымліваеш. І гэта не ўлічваючы ўласных намаганняў і клопатаў. Што ж, кожны мае права    жыць так, як лічыць патрэбным.

“Добра мець хатку ў вёсцы!..” – скажуць некаторыя. Сапраўды. Асабліва добра, калі хтосьці там яшчэ жыве і працуе…

А ўвогуле, на маю думку, хутка прыйдзе той час, калі вясковы жыхар са сваёй уласнай гаспадаркай  ператварыцца  з вытворцы сельскай прадукцыі ў спажыўца.

Дык што можна зрабіць, каб у вёсковых  дамах заставалася моладзь з выхадцаў карэнных жыхароў, а  не засялялі чарговыя “перакаці поле”?..  Не ведаю… Ды й не мне гэта вырашаць… На самой справе, мне здаецца, вельмі цяжка зрабіць нешта вельмі істотнае, каб адбыліся нейкія зрухі ў гэтым накірунку.  Бо ж, насамрэч, зроблена вельмі многае: зменены знешні выгляд сучасных вёсак, пабудавана шматлікая  колькасць жылля, развіваецца сфера паслуг, буйнеюць сельгаскааператывы…  Але ўсё роўна грамадства ніяк  не адыходзіць ад стэрэатыпа “вясковы жыхар –  чалавек “другога гатунку”. І на сённяшні дзень  не гэтак многа з’яўляецца заахвочаных у тым, каб звязаць сваё жыццё з вёскай.

“Рыба шукае  месца, дзе глыбей, а чалавек – дзе лепей” –  казалі некалі старыя  і, мяркую,  яны не памыляліся.

Марыя Кобец

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *