Панядзелак, амаль дзве гадзіны дня. Нехта сядзіць на парах, нехта прыбірае вуліцу, а нехта сядзіць у офісе. Усё звычайна, пакуль мы не пачынаем глядзець на дробязі. Душэўны рэпартаж пра буднічнае жыцьцё.
Выйшаў на вуліцу і бачу, як кіпіць сталічнае жыцьцё. На дарогах імчацца машыны і грамадскі траншпарт, а сотні людзей сьпяшаюцца па сваех справах.
Імчыцца аўтолайт экспрэс, гляджу на гарызонт, які сканчаецца любімай намі “Каронай”. Але ня трэба туды сьпяшацца, давайце паглядзім на прахожых і рабочых, якія заўсёды займаюцца тым, чаго мы ніколі ня бачым…
Ідзем пакрыху ў карону. Для кожнага яна свая: цыгарэтная, ежная, адзёжная, кніжная, канцэлярская, запойная… Але прыпыніцеся! Паглядзім на прыпынкі, дзе людзі самотна чакаюць свій траншпарт, які марудна й падскокваючы павязе іх да мейсцаў, якія ведаюць толькі яны. А пакуль , нашыя рабочыя чамусьці адчынілі люк і яго адгарадзілі. Цікава, што яны будуць рабіць? Наўрад ці мы даведаемся…
А я ўжо стаю ў чарзе за пачакам цыгарэтаў ля касы. Мне трэба сьпяшацца – хутка дэдлайн артыкулаў, але ж я ня магу сабе адмовіць у сваёй маленькай слабасьці. Тым часам гляджу на людзей: нехта бяжыць за чымсьці, а нейкая бабуля сабе купляе крыху ежы. У кожнага свая місія тут, але мая тут самая маленькая: назапашыць матэрыялаў і пачуцьцяў для двух артыкулаў. Ну й пачак цыгарэтаў, канешне!
Выходжу з крамы й пачынаю бяжаць: усяго 15 хвіляў! Час ня прыпыняецца ніколі, пакуль ён існуе для нас. Стаю каля пераходу, а дзве дзяўчыны міла аб нечым гутараць. Я ніколі ня даведаюся, хто яны. Ды й наўрад ці я іх больш пабачу. Але зараз яны тут, перад мною. І размаўляюць. Вось і эстэтыка, чароўнасьць жыцьця!
Вось я й перайшоў. І тут бачу – загнуцы дарожны знак. Магчыма ён ужо даўно такі, але я проста ня заўважаў гэта. А вы бачылі гэта? Думаю, што не.
А ў гэтым пераходзіку, які мы выдатна столькі год ведаем, нейкі шлянг тырчыць. Для чаго ён тут? Хм…
Зазірнуў у будоўлю, якая аказалася адчыненай. Забыліся зачыніць? А можа проста я павінен быў пра гэта напісаць? Вечныя й пастаянныя пытаньні…
Высьветлілася, што тыя рабочыя напачатку артыкула адчынілі ня адзін люк, а ўсе, якія былі на маім шляху. Зазірнуў унутр – вось дзе знаходзяцца ўсе правады, якія нас кормяць і даюць камфорт існаваньня. Цікава, праз колькі хвіляў горад наш памрэ, калі іх ня будзе?
Тым часам па дарозе ляніва ехаў смецьцевоз. Вадзіцель робіць сваю працу, каб зарабіць сабе на ежу. Кожны па свойму выжывае ў жалезабятонных пустотах нашых рэаліяў.
А каля паруса з-за пастаяннай язды тэхнікі трэснуў асфальт, але як прыгожа ён трэснуў!

А дзяўчыначка на плякаціку рэклямуе малачко. Смачнае павінна быць. А як яе зваць? А як яе адабралі? І чаму яна за дротам?…

А рэкляма вэлкому, магчыма, пашкодзілася з-за нядаўняга цыклёну. Вось і вісіць. А колькі ён будзе вісець?

І тут я паглядзеў назад – вось і мой універсытэт. Цікава, што чакае мяне? Ці залічаць мае артыкулы? Ці пасьпею я?

Магчыма, гэта ня зусім артыкул, а хутчэй эсэ. Але ж і паэтычныя рэпартажы маюць права на існаваньне. Нам ня хапае эстэтыкі, нейкай адчувальнасьці. Давайце ж глядзець на дробязі й задаваць сабе пастаяна пытаньні!














Классные фотки!
Ну дык з пляншэта на хуткую руку)
вой, першы добры артыкул, а то ўсе паэты, паэткі, цьфу!