Мінулым вечарам у галерэі “Ў” маладыя літаратары атрымалі прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча.
Мерапрыемства традыцыйна пачалося з чытання вершаў. На гэты раз прагучала паэзія Рыгора Барадуліна, пасля чаго ўсе прысутныя ўшанавалі памяць Народнага паэта хвілінай маўчання.
Сама цырымонія ўзнагарод пачалася з выступу Лявона Вольскага і Паўла Аракеляна, якія трошкі падбадзёрылі публіку.
Далей па відэасувязі да беларусаў звярнуўся Павел Бераговіч – расейскі бізнэсовец, заснавальнік прэміі. Павел паведаміў, што прэмія перанесена (звычайна яна адбывалася ў пачатку сакавіка) ў сувязі са смерцю дзядзькі Рыгора. Таксама Бераговіч зазначыў, што беларуская літаратура развіваецца, і пажадаў поспеху ўсім прысутным.
Нагадаем, што прэмія даецца ў трох жанрах – проза, мастацкі пераклад і паэзія – жанрах, у якіх працаваў сам Багдановіч.

Пасля звароту арганізатара Андрэй Хадановіч (ён праводзіў мерапрыемства) абвясціў намінантаў-празаікаў, якія прачыталі на публіку ўрыўкі са сваіх твораў. Але не ўсе намінанты змаглі быць на мерапрыемстве, таму за іх чыталі ды атрымлівалі прэмію давераныя асобы. Напрыклад, не было Змітра Дашкевіча – замест яго прыйшла жонка Наста.

У празаічнай літаратуры прэміі атрымалі Кацярына Оаро з кнігаю “Сарочае радыё”, Зміцер Дашкевіч – “Чарвяк” ды Маргарыта Аляшкевіч – “Мадэль для забойства”.
Кожную “партыю” прэміянтаў віншавалі песняю Вольскі з Аракелянам.
Далей ўрыўкі з ужо вядомых твораў зачыталі намінанты-перакладчыкі. Трое з іх (або іх давераныя) сёння былі заслужана ўзнагароджаныя. Гэта Кацярына Маціеўская, якая пераклала на беларускую “Саламею” Оскара Ўайльда, Сярж Мядзведзеў – “Байцоўскі клуб” Чака Паланюка і Ірына Герасімовіч, якая пераклала ў гэтым годзе і прозу , і паэзію (Міхаэль Кумпфмюлер “ Хараство жыцця”. Ільма Ракуза. “Перакрэсліць усё”).

Пасля чарговага ўручэння ды спеваў Вольскага Андрэй Хадановіч заўважыў, што сучасная беларуская літаратура (у тым ліку і пераклад) заўважна развіваецца: нават калі браць колькасць заявак на прэмію, то яна заўважна павялічваецца з кожным годам.
Далей – намінанты ў паэзіі. Пасля агучвання кароткіх і ня вельмі вершаў маладых паэтаў уручаць прэміі выйшлі Валянцін Акудовіч і Уладзімір Арлоў. Акудовіч іранічна і харызматычна распавёў, што хацеў забраць прэміі празаікаў ды перакладчыкаў і аддаць іх маладым таленавітым паэтам. Таксама ён зазначыў дзве асаблівасці паэзіі намінантаў – дзёрзкасць і самоту.
Прэміянтамі ў галіне паэзіі сталі Кірыла Анохін – зборнік “Асцярожна, дрэвы зачыняюцца”, Уладзь Лянкевіч – “70% вады” і Віялета Пачкоўская “Арэхападзенне”.

Асобна зазначылі Дзмітрыя Дзмітрыева (кніга “Спіралі”) за візуалізацыю вершаў.
Завяршылася мерапрыемства тым жа, чым і пачалося – выступам Вольскага і Аракеляна, але ўжо з імі спявала ўся зала.
Штогадовая прэмія “Дэбют” імя Максіма Багдановіча бярэ свой пачатак ад 2011 году. У мінулым годзе прэміянтамі сталі Андрэй Адамовіч (паэзія), Юлія Шарвоа (проза), Ганна Янкута (мастацкі пераклад), а таксама была прызначана спецпрэмія за найлепшы крэатыў, якую атрымаў Глеб Лабадзенка.
У гэтым годзе ў склад журы ўвайшлі Валянцін Акудовіч, Павел Анціпаў, Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Павел Бераговіч, Марыя Мартысевіч, Уладзімір Някляеў, Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч, Наталка Харытанюк.
Фота з сайтаў http://lit-bel.org ды http://www.svaboda.org/
А я атрымаў бублік, і вельмі задаволены