Дзесяцікласніца Ганна паехала вучыцца ў Польшчу на пчаляра

IMG_4918Ганна Марцінеўская ў 2013 годзе скончыла дзесяць класаў ДУА “СШ г. п. Мір” і паступіла ў тэхнікум сельскагаспадарчага накірунку на спецыяльнасць “пчалярства” ў Польшчы. Цяперашняе месца вучобы Ганны змяшчаецца ў 10 км ад Любліна, цудоўнага горада з багатай гісторыяй. Пра матывы выбару будучай прафесіі, навучанне і жыццё за мяжой Ганна расказала карэспандэнту.
— Ганна, сёння цяжка ўявіць выдатніцу вучобы, якая прысвячае свой лёс бортніцтву. Што паўплывала на такі неардынарны выбар будучай прафесіі?
— У дзяцінстве я заўсёды дапамагала бацьку на пасецы, таму ўжо досыць добра знаёмая з пчалярствам. Мяне даўно прыцягвала гэтае рамяство, таму і вырашыла прафесійна яго асвоіць.
— Як аднесліся бацькі і сябры да твайго рашэння?
— Бацькі мяне падтрымалі. Асабліва радаваўся бацька, бо хоча, каб я прадоўжыла яго справу. А сябры былі ў шоку. Яны адмоўна ацанілі прафесію пчаляра. Тыповыя асацыяцыі са словам “пчаляр” – гэта стары дзядуля, абкусаны пчоламі, які толькі што і робіць, дык гэта збірае мёд. На самой справе, пчалярства – гэта перспектыўная справа, якая мае шмат адгалінаванняў, у якіх можна працаваць.
— У Беларусі таксама рыхтуюць спецыялістаў-пчаляроў. Чаму ты вырашыла атрымліваць адукацыю ў Польшчы?
— У Польшчы адкрываюцца зусім іншыя магчымасці. У гэтай краіне іншы стыль жыцця. І, канечне, прыцягнула магчымасць размеркавання на практыку па ўсёй Еўропе.
— Ці ўзнікалі цяжкасці з дакументамі падчас паступлення?
— З дакументамі дапамагалі прадстаўнікі тэхнікума. Дастаткова было толькі знайсці кантактныя тэлефоны на сайце і звязацца з імі. Я павінна была зрабіць візу і неабходныя для паступлення дакументы. Цяпер, перайшоўшы на другі курс, маю невялікія праблемы з атрыманнем візы.
— Як цябе сустрэла Польшча?
— У Польшчы вельмі добразычлівыя людзі. Яны заўсёды ўсміхаюцца і дапамагаюць, калі ўзнікае патрэба ў гэтым. Беларусаў успрымаюць як сваіх і кажуць, што мы пабрацімы, бо калісьці былі разам. Акрамя гэтага, палякі вельмі любяць сваю Радзіму. Іх можна назваць сапраўднымі патрыётамі.
— Што можаш сказаць пра польскую сістэму адукацыі?
— Сістэма адукацыі ў Польшчы спрошчаная і ў асноўным накіравана на развіццё кругагляду. Напрыклад, на занятках польскай мовы мы вывучаем сусветную культуру: гісторыю Старажытнага Рыма, асаблівасці і будову тэатра, чытаем творы старажытных грэчаскіх пісьменнікаў, вывучаем шэдэўры вялікіх мастакоў. Таксама адзнака па кантрольнай залежыць ад правільнасці напісання, прычым колькасць закрэсліванняў не ўлічваецца. Вучні заўсёды знаходзяцца ў пошуку, таму не баяцца выпраўляць памылкі. У гэтым вялікая перавага над беларускімі школамі. Аднак па такіх прадметах як фізіка, хімія і матэматыка ў нашай краіне даецца больш ведаў.

Ганна разам з калегам удзельнічае ў конкурсе юных пчаляроў

Ганна разам з калегам удзельнічае ў конкурсе юных пчаляроў

— Якія ўмовы пражывання на новым месцы?
— Мяне засялілі ў інтэрнат з цудоўнейшымі ўмовамі. Дзяўчаты жывуць асобна ад хлопцаў. На кожным паверсе ёсць выхавальніца і бясплатны доступ у інтэрнэт. Пасля заняткаў некалькі гадзін павінна быць ціха, каб падрыхтавацца да наступнага дня. Пасля 22 гадзін таксама
павінна быць цішыня.
— Якую мову ты выкарыстоўвала падчас навучання?
— Усе заняткі выкладаюцца на польскай мове. Перад паступленнем праходзіла курс “Ешка”. Вывучыла польскую мову хутка, бо яна вельмі падобна да беларускай. З выкарыстаннем польскай мовы праблемы ўзнікалі толькі ў першы тыдзень вучобы. У асноўным, я няправільна выкарыстоўвала канчаткі. Цяпер вольна размаўляю і пішу па-польску. На самой справе, я сумую па роднай беларускай мове.
— Якія прадметы ты вывучаеш?
— Вывучаю англійскую і нямецкую мовы, эканоміку, прадпрымальніцтва, земляробства. На прадметах па пчалярніцтву мы вывучаем усё, пачынаючы з пчаліных хвароб і заканчваючы вызначэннем якасці мёду. Мне больш за ўсё падабаюцца заняткі па польскай і нямецкай мовах.
— У чым заключаецца практыка па абранай табою спецыяльнасці?
— У гэтым годзе я была на практыцы ў лепшых маткаводаў бакфаста Польшчы. Яны вельмі гасцінныя і прыемныя людзі. У асноўным, мы займаліся гадаваннем пчаліных матак. Акрамя гэтага, за практыку атрымалі грошы.

Ганна праходзіць практыку ў лепшых маткаводаў бакфаста Польшчы

Ганна праходзіць практыку ў лепшых маткаводаў бакфаста Польшчы

— Чым займаешся ў вольны ад вучобы час?
— У мяне няшмат вольнага часу. Па буднях няма нічога, акрамя вучобы. А выхадныя я правожу з сябрамі. У інтэрнаце ёсць більярд, дзе мы часта бавім час. Таксама наведваем басейн. Калі-нікалі ездзім у Люблін. Гэта вялікі і старадаўні горад з велізарнымі магчымасцямі. Акрамя гэтага, я хаджу на заняткі па народных польскіх танцах. Мы ўжо выступалі з канцэртам у Славакіі.

Ганна (у цэнтры) наведвае гурток польскіх народных танцаў

Ганна (у цэнтры) наведвае гурток польскіх народных танцаў

— Хлопцы ў Польшчы – сапраўдныя джэнтльмены. Праўда гэта ці міф?
— У адрозненні ад беларускіх хлопцаў, палякі ва ўзросце 17 гадоў добра разумеюць, як трэба паводзіць сябе з дзяўчатамі. У нашай групе 7 дзяўчынак і 20 хлопцаў, і ніводны з іх не зойдзе ў аўдыторыю, пакуль не пройдуць усе аднагрупніцы.
— Ганна, дазволь пацікавіцца тваімі планамі на будучыню? Якім ты яго бачыш і аб чым марыш?
— Я задаволена абраным шляхам і ні аб чым не шкадую. Гэта, на мой погляд, галоўнае. Спадзяюся, што пасля заканчэння тэхнікума паступлю ў вышэйшую навучальную ўстанову ў Польшчы. Пасля атрымання вышэйшай еўрапейскай адукацыі хачу вярнуцца ў Беларусь, бо гэта мой родны кут, без якога цяжка прадставіць свой лёс.
— Якую параду можаш даць людзям, якія толькі пачынаюць рабіць першыя крокі ў самастойнае жыццё?
— У першую чаргу, поспехаў вам. А таксама жадаю, каб вы былі ўпэўненыя ў выбары будучай прафесіі, нягледзячы на меркаванні іншых. Старанна стаўцеся да распачатых спраў і даводзьце іх да канца. У вас абавязкова ўсё атрымаецца, як атрымалася ў мяне.

Што ж, Ганна, мы таксама спадзяёмся, што ў цябе ўсё атрымаецца. А пакуль будзем усе імкнуцца да сваіх мэт, кіруючыся прыкладам юнай пчаляркі нашай краіны.

Фота з архіва Ганны Марцінеўскай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *