За 27 кіламетраў ад велічнага Мінска пры ўпадзенні ракі Свіслач у Заслаўскае вадасховішча сціпла стаіць невялікі горад Заслаўе. Гісторыя гэтага горада багатая і цікавая. З гэтым горадам звязаны імёны вядомай князёўны Рагнеды і яе сына Ізяслава. Як распавядае гісторыя, горад заснаваў князь Уладзімір для сваёй жонкі Рагнеды і сына Ізяслава, які з дзіцячым мячом у руках абараніў маці, калі Уладзімір хацеў яе забіць. А было гэта ў далёкім ІХ стагоддзі. З тых часоў гораду давялося шмат чаго перажыць. Двойчы ён быў спалены: падчас феадальнай вайны 1432-1439 гадоў і маскоўскімі захопнікамі ў 1655 годзе. У XVII-XVIII стагоддзі быў цэнтрам графства, якое аб’ядноўвала 4 староствы. Мужна вытрымаў і расійскую ўладу, пад якой апынуўся пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, і нямецкую акупацыю часоў Першай сусветнай вайны. Сёння Заслаўе — сучасны невялікі горад. А сёлета, 6 і 7 верасня ён стаў цэнтрам беларускай мовы, культуры і кнігадрукавання. У гэтым годзе горад ужо ў другі раз прымаў рэспубліканскае свята – Дзень беларускага пісьменства.

Дзень беларускага пісьменства – дзяржаўнае свята, якое адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня. Кожны год свята прымаюць розныя гарады з багатай гісторыяй, цэнтры асветы, культуры і кнігадрукавання.
У Заслаўі свята адзначалася больш маштабна, чым у мінулыя гады. Урачыстае адкрыццё адбылося 6 верасня. У гэты ж дзень дзіцячы парк культуры і адпачынку гасцііна адчыніў свае вароты пасля рамонту.
У нядзелю, 7-ага верасня свята адчувалася на кожнай вуліцы горада. На цэнтральнай плошчы праходзіў фестываль кнігі і прэсы. У межах фестывалю можна было убачыць экспазіцыю кніг — пераможцаў нацыянальнага і міжнароднага конкурсаў “Мастацтва кнігі”, фотавыставу “Пераможцы”, экспазіцыю перыёдыкі выдавецкага дома “Звязда”. Там жа была магчымасць сустрэцца з пісьменнікамі, паэтамі, кнігавыдаўцамі і журналістамі.

Запомнілася свята і тым, што дало магчымасць кожнаму паспрабаваць сябе ў новым амплуа – друкара часоў Скарыны. Гісторык Уладзімір Ліхадзедаў на цэнтральный плошчы прэзентаваў Біблію Францыска Скарыны, якую ён надрукаваў па тэхналогіях 16 стагоддзя. Тут жа Уладзімір Ліхадзедаў дэманструе друкарскі станок і станок для вырабу паперы метадам “чэрпання”. Кожны мог надрукаваць аркуш з Бібліі Скарыны, таму чарга да станка была вельмі вялікая.


З нагоды святкавання Дня беларускага пісьменства ў Заслаўі на адзін помнік стала больш. Быў адкрыты помнік князю Ізяславу.
На дні беларускага пісьменства кожны мог знайсці сабе занятак па інтарэсам. Хтосьці гуляў па гораду майстроў у пошуках “чаркі і шкваркі”. А хтосьці наведаў горад дзеля атмасферы беларускай мовы, культуры.
Дзень беларускага пісьменства – гэта свята, якое дазваляе яшчэ раз упэўніцца ў самабытнасці і прыгожосці роднай мовы, культуры. Хочацца, каб беларусы цікавіліся роднай культурай і мовай, часцей, чым раз у год на Дні беларускага пісьментсва. Атмасфера гэтага свята яшчэ раз пацвярджае думку Францішака Багушэвіча, што “Мова наша ёсць такая ж людская і панская, як французская, альбо нямецкая, альбо іншая якая”. І хочацца верыць, што Дзень беларускага пісьменства паспрыяе таму, каб беларуская мова спаўна “ізноў зазвінела вясновым дажджом”.