Пытанне ад «ЖФ»: навошта «касіць», калі можна адслужыць?

 шэинВалерый Мікалаевіч ШЭІН, дацэнт кафедры тэлебачання і радыёвяшчання:

 – Адразу пасля арміі ў ваеннай форме паступіў у БДУ і ні пра што не шкадую. Не ведаю, чаму, але арміі баяцца, а такога быць не павінна. Калі казаць пафасна, гэта школа мужнасці і сталення. Бачыў у нядаўняй тэлеперадачы, як аднаго вядомага рэжысёра спыталі, ці хоча ён, каб яго дарослы сын служыў.  І ён адказаў, што, вядома, хоча і што сын будзе служыць абавязкова, таму што ў арміі ён стане сапраўдным мужчынам.

Гэта так, ведаю па сабе. Я служыў у авіяцыйных войсках на далёкіх бамбавіках, а гэта вельмі адказная праца. Упершыню трапіў з поўдня на поўнач: служыць давялося ў Запаляр’е. Нязвыкла, што ўзімку там ўвесь час ноч, а летам – дзень. Але я не адчуваў абсалютна ніякіх цяжкасцяў па дзвюх прычынах. Па-першае, я да гэтага займаўся спортам, таму быў у выдатнай фізічнай форме. Па-другое, афіцэрскі калектыў падабраўся добры: да мяне ставіліся як да роўнага.

Вядома, па-рознаму бывае, але я перакананы, што падбіраюцца тыя, хто хоча і Радзіму навучыцца абараняць, і сябе праверыць. Таму што ў арміі патрыятызм вельмі шануецца: без яго служыць нельга. На службе ёсць свае цяжкасці, куды ж без іх. Але калі не звяртаць на гэта ўвагі, то лягчэй і хутчэй пройдзе час. Усё залежыць ад таго, наколькі хлопец гатовы да гэтага і як у цэлым да ўсяго ставіцца.

 Васіль Пятровіч ВАРАБ’ЁЎ, дацэнт, загадчык кафедры медыялогіі і вэб-журналістыкі:воробьев

– Я не служыў, але з’яўляюся падпалкоўнікам запасу. Двойчы быў на ваенных зборах. Першы раз яны былі ў Слуцку падчас маёй вучобы на чацвёртым курсе і працягваліся два месяцы. Тады атрымаў званне лейтэнанта. Другі раз зборы таксама доўжыліся два месяцы і праходзілі пад Мінскам.

Лічу армію цудоўнай школай для кожнага сапраўднага мужчыны. Адным шанцуе прайсці гэты перыяд жыцця ў маладыя гады як абавязковую службу, другія ў сувязі з прафесійнай прыналежнасцю служаць Радзіме ўвесь час. Зразумела, што і вайсковыя навыкі, і побыт выхоўваюць пэўныя адносіны да армейскіх і ўвогуле чыста мужчынскіх калектываў, але яны даюць цудоўную нарыхтоўку на жыццё і разуменне «не было б вайны».

 отливанчикАляксандр Уладзіміравіч АДЛІВАНЧЫК, старшы выкладчык кафедры гісторыі журналістыкі і менеджменту СМІ:

– Успамінаў пра армію амаль ніякіх не засталося… Я служыў яшчэ ў 90-я – гадоў дваццаць таму. Зараз узгадваць тыя часы не выпадае, бо нагоды няма: з саслужыўцамі не сустракаўся амаль з самога дэмбелю.

Але памятаю, што, калі паступіў у БДУ, вярнуўшыся з войска, аднакурснікі на мяне глядзелі як на дзівака: чаму, маўляў, не «касіў», не адмазваўся ад службы? Я на сваім курсе быў адзіны, хто адслужыў. Неяк не лічылася прэстыжнай вайсковая служба ў тагачасным студэнцкім асяродку.

Арцём КУЛІКОЎ, студэнт 1 курса спецыяльнасці «Журналістыка (вэб-журналістыка)»:артём 1 курс

– Так атрымалася, што я паспеў і павучыцца, і ў арміі пабываць, і зноў паступіць ва ўніверсітэт. Знаёмыя мне задаюць адны і тыя ж пытанні: «Ну як там?» «Што табе дала армія?» Я лічу, што нельга даць адназначнага адказу. Напрыклад, я быў зусім не ў класічнай, «казармавай», арміі, дзе ў сталоўку – строем, а сон з 22 да 6 гадзін.

Давялося мне служыць на заставе на мяжы з Літвой, дзе кожны дзень штосьці адбывалася, добрае і дрэннае. Суткамі, бывала, без сну і ежы, аднак служба нашмат цікавейшая, чым у хлопцаў за агароджай ў частцы. А войска дасць табе роўна столькі, колькі ты сам захочаш атрымаць. Для аднаго – форма, страчаны час і нервы, для другога – каштоўныя жыццёвыя ўрокі. Я, напрыклад, стаў больш шанаваць дробязі, якія раней наогул не заўважаў, прымаў як належнае. Адно магу сказаць тым, хто яшчэ збіраецца служыць (па сваёй волі ці не): нічога страшэннага там няма, будзеце ўспамінаць як адзін вялікі лагер са сваімі жартамі, хоць часам і дзіўнымі.

 ТЭКСТ: Таня МОРАВА, Шура ГРАМЫКА, 4 курс

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

админ ЖФ

"ЖФ" родились в 2009 году на кафедре периодической печати. Наша прописка: г. Минск, Кальварийская, 9.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *