Ад «Смены – 6» да «Canon». Пётр Леанідавіч Дарашчонак аб фатаграфіі

IMG_6603Ён захапляецца навакольным светам, гісторыяй роднага краю і любіць фіксаваць цікавае на фотаплёнку. Знаёмцеся: кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры гісторыі журналістыкі і менеджменту СМІ Пётр Леанідавіч Дарашчонак.

 – З чаго пачалося Вашае захапленне фатаграфіяй?

– Напачатку гэта было проста аматарствам, а потым стала і практычнай часткай журналісцкай прафесіі. Захапленне фатаграфіяй пачалося яшчэ раней, чым я паступіў на журфак. Напэўна, класа з пятага, калі хлопцы засвойвалі нейкія навыкі: радыётэхніку, фатаграфію і іншыя. Хтосьці хадзіў у гурток, але я быў, так скажам, самавукам. Карыстаўся адным з самых першых фотаапаратаў вельмі прымітыўнай канструкцыі: ніякай аўтаматыкі, адчувальнасць ў 65 адзінак. Звычайная плёнка ці больш «чулая» – 130 адзінак. І з такіх фотаплёнак пачыналася чорна-белая эпапея. Найчасцей гэта было як у акына, які спявае аб тым, што бачыць. Фатаграфуеш людзей, нейкія краявіды, будынкі. Але, на жаль, шмат здымкаў не захавалася.

 – Якімі былі першыя фотаздымкі?     

– Зразумела, вельмі простыя, не пастановачныя кадры. Чорна-белыя. І гэта вельмі казытала, бо часам хацелася сфатаграфаваць прыгожыя краявіды на каляровую плёнку. Памятаю, неяк мы з сябрам дзяцінства, Генадзем Гоманавым, знайшлі прыгожую мясціну: сярэдзіна лесу, дзе было нейкае азярцо з чыстай вадой ды зелянінай. Восенню гэта выглядала асабліва маляўніча. Марылі аб тым, каб сфатаграфаваць гэтую прыгажосць у колеры.

IMGP0053– А як развіваліся Вашыя здольнасці падчас вучобы ва ўніверсітэце?

– Калі гаварыць пра факультэцкі вопыт, то не сказаў бы, што фотаздымкі былі вельмі якасныя: большая частка студэнтаў наогул ніколі не трымала фотаапарата ў руках. Ну і, канешне, зараз, гледзячы на тыя фотаздымкі, толькі дзіву даешся, як наш выкладчык Георгій Захаравіч Бягун яшчэ ставіў нам залікі. Мы тады сапраўды хацелі фатаграфаваць. Як тлумачыў Бягун, у яго часы (даваенныя) знаходзіш нейкі аб’ектыў, павелічальнае шкло, ледзь не ў валёнак яго устаўляеш, чымсьці закрываеш і атрымліваецца фотаадбітак, які з’яўляецца нейкім цудам.DSCN2987

А як наконт вопыту ў фатаграфіі ўжо ў якасці журналіста?DSCN3468

– Калі скончылася вучоба на журфаку, адразу давялося не толькі пісаць тэксты, але і фотаздымкі рабіць з розных мерапрыемстваў, у тым ліку партыйных ці прафсаюзных сходаў. На той час гэта была звычайная справа, таму што, па сутнасці, не было фотакарэспандэнтаў у рэдакцыях шматтыражак. Усё абцяжарваў працэс падрыхтоўкі фотаматэрыялу: трэба было праявіць плёнку, потым друкаваць з дапамогай фотапавелічальніка… Аператыўнасць пры гэтым, канешне, пакутавала. Да нейкіх гістарычных матэрыялаў сам здабываў сабе ілюстрацыі. Прыходзілася ўласнай камерай рабіць здымкі нумароў газет, якія засталіся ў архівах, прасіць дазволу, каб сфатаграфаваць крыніцы, якія знаходзіліся ў аддзеле рэдкіх кніг.

– У кожнага фотаздымка ёсць свая гісторыя. Ці можаце Вы распавесці якую-небудзь?Kopia_DSCN1657

– На малой радзіме, на Віцебшчыне, мне даводзілася фатаграфаваць дом панскага аканома. Усе думалі, што гэтаму дому гадоў пяцьдзясят, можа, восемдзясят. Але высветлілася, што сцены будынку складзены з плінфы (характэрная для старажытнарускага дойлідства тонкая абпаленая цэгла). Атрымліваецца, што насамрэч дому гадоў чатырыста. Для жыхароў Сенненскага краю, у якім дастаткова адметнасцяў, ён застаўся незаўважаны. Сфатаграфаваў яго каля дарогі. Гэта быў маёнтак, які належаў панам Сандрыгайлам і дзе пражываў панскі аканом (пра тое памятае яшчэ мая бабуля, якая прыходзіла туды працаваць). Аканом выходзіў на ганак, ляскаў пугай, і людзі разбягаліся, не атрымаўшы свае пятнаццаць капеек за дзень працы.

Цікава, што каля гэтага будынку праязджала нават Кацярына II у 1780 годзе. І некалькі гадоў таму я вырашыў паехаць туды са сваімі роднымі і сфатаграфаваць дом з усіх бакоў. Але на ім ужо не было даху. Усё выглядала вельмі сумна. Разам з тым, у такія моманты бачна, што мы губляем. Усё калі-небудзь перастане існаваць, і нават такія руіны зраўняюцца з зямлёй. Думаю, кожны, хто любіць сваю малую радзіму і з’яўляецца адукаваным чалавекам, усё ж павінен такія рэчы недзе фіксаваць. Бо вельмі многае проста знікае з твару зямлі. І гэта не адзіны прыклад. Зараз шкадую, што многія рэчы не атрымалася сфатаграфаваць своечасова.

 DSCN1246– У Вас было шмат розных фотаапаратаў, ад самых простых да сучасных. Распавядзіце пра іх.

– Першыя фотаплёнкі, якія гарэлі, як порах, зніклі. Калі фотаздымкі з іх ужо былі надрукаваны, плёнку закручвалі ў фальгу, з аднаго боку падпальвалі і запускалі, як ракету. Яна адлятала на некалькі дзясяткаў метраў. Гаручыя фотаплёнкі былі тымі феерверкамі, якія цяпер толькі кітайцы нам пастаўляюць. Потым плёнкі перасталі быць гаручымі, толькі плавіліся. Увогуле, тэхнічны прагрэс рухаецца вельмі хутка ў апошнія дзесяцігоддзі.

– На што здымаеце зараз?

– На «Canon». Гэта лепшая камера 2012 года. Яна вельмі зручная. Мяне больш нічога і не цікавіла. У большых па памерах фотаапаратах празмерна шмат наваротаў. Лічу, што чым складаней тэхніка, тым хутчэй яна ламаецца.Kopia_IMGP0268

– Усім хочацца, каб іх здольнасці ці нават талент былі прызнаныя іншымі людзьмі. Ці прымалі Вы ўдзел у конкурсах фотаздымкаў?DSCN3692

– У фотаконкурсах не ўдзельнічаў, і асаблівага жадання няма. Гэта задача фотамайстроў. Таму працэнтаў дзевяноста з таго, што дзесьці было надрукавана, не выходзіць за межы майго невялікага асабістага асяродку. Хаця сёння магу лічыць сябе ўжо не аматарам, але такім мастаком-афарміцелем, які досыць доўга займаецца фатаграфіяй, умее кадрыраваць, нешта зняць для газеты.

– Ці ёсць такія здымкі, якія Вы хацелі зрабіць, але не атрымалася?

– Калі мы, трое выкладчыкаў, падышлі да ўніверсітэта ў Капенгагене, дзе было некалькі помнікаў самым славутым выпускнікам, я ўбачыў скульптуру Нільса Бора. Тады вельмі пашкадаваў, што фотаапарат калегі разрадзіўся і мы не змаглі зрабіць здымак. А знакамітую Русалку ў Капенгагене на месцы не знайшлі, бо за пару дзён да гэтага яе павезлі на выставу ў Кітай. Гэта яшчэ адзін сюжэт, які, на жаль, не стаў фатаграфіяй.IMGP0084

Не думаю, што шмат студэнтаў ведала пра тое, чым захапляецца Пётр Леанідавіч акрамя гісторыі. А хто ведае, колькі яшчэ талентаў маюць нашы выкладчыкі? Толькі добрая гутарка здольная высветліць іх здольнасці і хобі. Спадзяюся, што хутка мы даведаемся пра дагэтуль таемных журфакаўскіх спевакоў, танцораў, вандроўнікаў, саксафаністаў або рыбакоў.

ТЭКСТ: Вольга ЛІСОЎСКАЯ, 2 курс («ЖФ»)

админ ЖФ

"ЖФ" родились в 2009 году на кафедре периодической печати. Наша прописка: г. Минск, Кальварийская, 9.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *