Аляксандр ШЭЛЕГАЎ расказаў пра тое, як стаць добрым фатографам

 Лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць… Фатографы – гэта вочы сродкаў масавай інфармацыі. У чым жа сакрэт добрага фатографа? Пра гэта “ЖурФАКТАМ” расказаў Аляксандр ШЭЛЕГАЎ.

фотограф

– Кажуць, што камера – гэта працяг нашых вачэй і розуму. А што для Вас значыць Ваша камера?

– У апошні час пачынаю разумець, што яна не толькі інструмент для рэалізацыі творчых планаў і заробку грошай, але і сябар, які дапамагае мне лепш зразумець гэты свет.его работы 3

– Якую камеру лепш выбраць, калі толькі пачынаеш фатаграфаваць? Ці існуюць нейкія хітрасці?

– Калі вы толькі пачынаеце фатаграфаваць, бярыце тую, да якой больш душа ляжыць. Паспрабуйце ўважліва агледзець некалькі розных ў краме і абраць сваю альбо вазьміце ў сяброў на пару дзён. У першую чаргу здымае чалавек, а не камера. Я б рэкамендаваў пайсці ў краму з дасведчаным фатографам, каб праверыць фотаапарат на прадмет франт- і бэкфокусу. Таксама не павінна быць абсалютна ніякіх механічных пашкоджанняў, у першую чаргу на матрыцы.

– Цяпер у мяне ўжо ёсць камера. далей, для таго каб стаць фатографам, у які бок рухацца? Курсы фатографаў? Майстар-класы? Урокі ў інтэрнэце?

спорт– Можна запісацца на курсы ў фотастудыю: там зможаце на практыцы азнаёміцца больш падрабязна з наладамі камеры і асновамі фотаздымкі. Але большую частку гэтых ведаў вы цалкам можаце набыць самастойна, абапіраючыся на ўласны вопыт і тэорыю, якую можна знайсці ў інтэрнэце. Але самае галоўнае – гэта як мага больш старацца здымаць, хадзіць на розныя мерапрыемствы, дамагацца акрэдытацый, знаёміцца з іншымі фатографамі. Не будзе лішнім і вывучэнне чужых фотаработ, каб зразумець іх памылкі, убачыць станоўчыя моманты і ўвасабляць іх на сваіх здымках. Навучыцеся вы фатаграфаваць ці не – залежыць толькі ад вас. Толькі 5% таленту, астатняе – гэта праца.

– Якімі галоўнымі правіламі Вы кіруецеся падчас здымкі?

– «Калі вашыя фатаграфіі недастаткова добрыя, то вы былі недастаткова блізка» – адзін з прынцыпаў рэпартажнай фатаграфіі, якім я карыстаюся і сёння. Калі ёсць магчымасць, імкнуся здымаць на шырокавугольны аб’ектыў і як мага бліжэй, каб фотаздымак быў «жывы» і глядач мог акунуцца ў самую сутнасць таго, што адбываецца.

– Што асабіста для Вас значыць быць добрым фатографам?

– Важна не ператвараць фатаграфію ў механічны спосаб атрымання прыбытку, а старацца прыўнесці нешта новае ў мастацтва і заўсёды фатаграфаваць з душой.его работы

– Як Вы лічыце, у чым асаблівасць працы фатографа ў СМі?

– Калі гаворка ідзе пра інфармацыйнае выданне, то ў першую чаргу маюць значэнне інфарматыўнасць і аператыўнасць, тэхнічныя моманты адыходзяць на другі план. Калі ж гэта глянцавы часопіс з пастановачнай здымкай, то на першым месцы ўжо будуць кампазіцыя, якасць і апрацоўка.

– Фатограф можа практычна цалкам ператварацца ў журналіста. Але існуюць правілы этыкі журналіста, а ці ёсць правілы этыкі фатографаў?За секунду до победы

– На мой погляд, этыка фатографа не павінна адрознівацца ад этыкі нармальнага чалавека. Сваю працу заўсёды трэба рабіць добра і ставіцца да людзей гэтак жа. Але існуе некалькі агульных правілаў: аддаваць працу своечасова, у зададзены тэрмін; старацца знайсці нешта агульнае з абсалютна любым кліентам; не друкаваць фота без згоды заказчыка альбо саміх сфатаграфаваных; памятаць, што ні адзін кадр не варты жыцця чалавека і, калі сітуацыя крытычная, трэба адмовіцца ад магчыма шэдэўральнага кадра і дапамагчы таму, хто трапіў у бяду.

– Журналісцкая пулітцараўская прэмія ўручаецца і ў галіне фатаграфіі. як Вы лічыце, у чым асаблівасць фотаздымкаў, якія атрымалі гэтую ўзнагароду?его работы2

– Асаблівасць большасці фатаграфій, якія атрымалі «Пулітцара», у тым, што яны здольныя змяніць сацыякультурнае ўспрыманне чалавека. Узяць, напрыклад, знакаміты здымак Кевіна Картэра на тэму голаду ў Афрыцы: сагнутая суданская дзяўчынка памірае ад

голаду, непадалёк знаходзіцца сцярвятнік, які чакае здабычу. Здымак быў набыты «New York Times» і шакіраваў грамадскасць. Пасля тэму голаду ў афрыканскіх рэгіёнах паднялі на ўвесь свет, і былі арганізаваны пункты з раздачай бясплатнай ежы.

– Вы ўжо зрабілі свой ідэальны здымак?

– Не. І, спадзяюся, ніколі не зраблю, але буду да гэтага ўсяляк імкнуцца. Дамагчыся ідэальнага – раўнасільна спыненню самаразвіцця. Ніколі нельга пераставаць развівацца, дасягнуўшы адной мэты, абавязкова трэба ставіць новую.

ДАВЕДКА «ЖФ»релакс бай

Аляксандр Шэлегаў – фатограф. Працуе ў Рэспубліканскім цэнтры фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, на партале Dosug.by, у часопісе «Спорт тайм». Ёсць публікацыі ў часопісах XXL, ICON. Карыстаецца камерай Canon 6d. Перамог ў конкурсе ад БДУ «Фотовеломарафон», а таксама ў рэспубліканскім конкурсе «На грэбні хвалі».

ТЭКСТ: Ганна Васілеўская, 3 курс («ЖФ»)

админ ЖФ

"ЖФ" родились в 2009 году на кафедре периодической печати. Наша прописка: г. Минск, Кальварийская, 9.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *