Сцяпан Васільевіч ГОВІН: «У дзяцінстве чакаў надыходу зімы, бо тады можна было наведваць школу кожны дзень»

Новости

“ЖФ” завіталі да выкладчыка, які шмат зрабіў для гісторыі і журналістыкі. Яго агульны стаж складае 62 гады, у тым ліку 49 гадоў навукова–педагагічнай працы ў БДУ. Герой нашай рубрыкі – Сцяпан Васільевіч ГОВІН. img007 - копия (2) img014– Што Вы памятаеце з дзяцінства? – Я нарадзіўся 17 красавіка 1938 года ў вёсцы Сакалова Бярозаўскага раёну, на Брэстчыне. Была Вербная нядзеля, а праз тыдзень – Вялікдзень. У часы, калі Заходняя Беларусь адносілася да Польшчы, недалёка знаходзіўся Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер. У кнізе «У суровыя гады падполля» змешчаны ўспаміны людзей, якія пабывалі ў гэтай страшнай турме. Дзіўна, але я памятаю восень 1939 года, калі мне было дзесьці паўтара гады. Тады Чырвоная армія вызваляла Заходнюю Беларусь. Стаяла добрае надвор’е. У двары польскай гімназіі адбыўся святочны мітынг. Я сядзеў у маці на руках, апрануты ў доўгую ільняную кашулю. Аўтобус, салдаты, мясцовыя жыхары, гучная музыка – такім запомніў я вызваленне ад палякаў. Тады Заходняя і Усходняя Беларусь адрозніваліся. Чырвонаармейцы здзіўляліся, што каля многіх нашых хат ёсць прыбіральні. А калі папера там ляжыць, то гэта здавалася ім вялікай раскашай. Жылі бедна, спачатку ў вёсцы, а потым на хутары, домік быў зусім невялікі. Бацька пабудаваў прасторны хлеў з смалістага бярвення. Завялі гаспадарку, карову, каня – і тут пачалася калектывізацыя. Бацьку з гэтага новага бярвення загадалі будаваць калгасны клуб.

– Вам было тры гады, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, а калі скончылася – сем. Што засталося ў памяці з тых падзей? – Да нас прыйшоў узвод венграў. У вёсцы расло вялікае дрэва, дзе тыя зрабілі пост для нагляду. Партызаны прыходзілі рэдка, але калі наведваліся ноччу, то забіралі і вопратку, і ежу. Памятаю, як прышлі гэтыя партызаны і ўзарвалі ў падполлі падлогу, думалі, мы нешта хаваем. Але што там было ўтойваць?

– А якія ўспаміны звязаны са школай?img007 - копия (3) – Партызаны спалілі гімназію, таму вучыліся па сялянскіх хатах. Хадзіў у школу суседняй вёскі. У нас не было добрай вопраткі, падручнікаў, сшыткаў ці паперы. Маці купіла буквар за два дзясяткі яек. Мне не падабалася, што яго прыходзілася дзяліць з дзяўчынкай, якая жыла побач. З шасці гадоў я пасвіў кароў, спачатку сваю, а потым суседскіх. Гэты перыяд пачынаўся ў красавіку, а заканчваўся ў кастрычніку. Адзін дзень іду ў школу, другі – кароў пасу. Выходзілі з братам малодшым, які пасвіў кабылу. Часам мы з ім мяняліся. Звычайна выганялі кароў на досвітку, дзесьці ў чатыры гадзіны раніцы, і позна вечарам прыганялі. Мне трэба было паспець збегаць да суседкі за букваром, узяць заданні і пры лучыне ці керасінцы зрабіць урокі. А як мне хацелася быць на занятках кожны дзень! Таму для мяне святам быў надыход зімы. І ўсё роўна, што ісці трэба было некалькі кіламетраў па снезе ў сцюжу. Тады было вельмі папулярным хадзіць у кіно. Бацька паглядзіць на мяне, пашкадуе і дасць той цяжка зароблены рубель на кіно, каб я пасядзеў у будынку, а не стаяў пад вокнамі.

– Кім марылі стаць у дзяцінстве? – З дзяцінства марыў стаць настаўнікам. Пасля школы ў 15 гадоў пайшоў вучыцца ў Мінскае педвучылішча імя Крупскай. У гэтай ўстанове набыў фундамент пісьменнасці. Тады чатыры гады вучыліся пасля сямігодкі. Вучэбны корпус і інтэрнат знаходзіліся ў адным будынку. Недалёка быў завод імя Кірава, туды бегалі ў сталоўку. Наш перакус – батон, 100 грамаў падушачак і чай, іншы раз нават заваркі не было. За дапамогай звяртаўся не да бацькоў, а да сястры, якая працавала будаўніком. У суседняй вёсцы Бронная Гара ёсць чыгуначны вакзал, дзе нават спыняліся міжнародныя цягнікі. Калі вяртаўся з вучобы ноччу, саскокваў з цягніка і ішоў чатыры кіламетры праз лес з торбамі (вёз дадому цукар, крупы), баяўся сустрэць ваўкоў. Цяпер думаю, што ж гэта я рабіў! Першыя матэрыялы пабачылі свет, калі вучыўся ў педвучылішчы. У газету «Физкультурник Белоруссии» я пісаў артыкулы на спартыўную тэматыку. Выбраў журналістыку, бо гэта прафесія абараняе і выхоўваечалавека. У педвучылішчы навучыўся іграць на домры. Гэтае ўменне мне потым спатрэбілася ў БДУ. Калі скончыў педвучылішча, у маім дыпломе была толькі адна тройка – па матэматыцы, астатнія чацвёркі і пяцёркі. Мяне адправілі працаваць пад Мінск, у Семкаў-Гарадок, выхавальнікам у дзіцячы дом. Першы клас – малыя дзеткі, а ў чацвёртым пераросткі пасля вайны ўжо спрабавалі курыць.

 img011 - копия– Пасля працы ў Семкава Вас забралі ў войска. Дзе праходзіла Ваша служба? – Гэта было ў лістападзе 1957 года. Спачатку ў Наваградку навучаўся месяц, а пасля прысягі перавялі ў Ліду, дзе адслужыў два гады. Тут журналістыку таксама не пакідаў, пісаў у газету «Во славу Родины». Туды ж пазней быў прыпісаны на выпадак ваенных падзей. У 1960-м ішоў апошні год службы, я быў ужо ў Гродна. Калі наш дывізіён расфарміравалі, мяне адправілі не дадому, а ў Баранавічы на будаўніцтва аэрадрома. На той час была такая сістэма: калі атрымоўвалі выклік з вучэбнай установы, то з арміі звальнялі. Я адправіў дакументы ў БДУ. Але выклік на экзамены прыйшоў у апошні дзень, дакументы былі ўжо падпісаны, таму трапіў усё ж у Баранавічы. Там пабыў тыдзень, і мяне адпусцілі на экзамены. Тады набіралі толькі адну групу – 25 чалавек, таму конкурс быў вялікі: пяць чалавек на месца. Бралі тых, хто адпрацаваў дзе-небудзь два гады і больш ці хлопцаў пасля арміі. Пад гэтыя параметры я падыходзіў.img011

– Што запомнілася са студэнцтва?

– Пішам дыктоўку. У мяне база ёсць, таму суседзі ў бок штурхаюць, пытаюцца, як пісаць тое і гэтае слова. Спачатку дапамагаў, потым злаваўся, бо трэба ж і самому праслухаць сказ і добра напісаць. Займаўся спортам (баскетбол, легкая атлетыка), спяваў. Аднойчы мяне паклікалі на радыё запісаць песню А. Дземідзенкі «Студэнцкі вальс», за гэта атрымаў тры з паловай рублі ганарара. Адзін раз выкладчыца з кафедры замежнай мовы дала вывучыць песенку на французскай мове, каб потым змог яе спець на вечарыне. Я вельмі кепска размаўляў па-французску, але ўсё ж згадзіўся. Вечарына не адбылася. Ды і добра.

Запіс песні  А. Дземідзенкі «Студэнцкі вальс» на радыё
Запіс песні А. Дземідзенкі «Студэнцкі вальс» на радыё
филфак группа
Студэнты журналісцкага аддзялення філалагічнага факультэта

– Ці была тады ў Вас магчымасць дзесьці друкавацца? – Друкаваўся не вельмі часта. Тады з пропускамі заняткаў было строга, у рэдакцыях абавязкова патрабавалі даведку з месца вучобы. Хацеў стаць радыёжурналістам. Супрацоўніцаў з Мінскім і Брэсцкім абласнымі радыё, з «Сельскай газетай». Напрыклад, з маёй группы чалавек 15 сталі радыё- і тэлежурналістамі. Працаваць у раённую газету ніхто не паехаў. Вучыўся добра, таму атрымліваў павышаную стыпендыю. Гэту надбаўку аддаваў у агульны кацёл, які мы збіралі для падтрымкі тым, хто быў без стыпендыі.

img004 - копия– Куды трапілі пасля вучобы? – Скончыў аддзяленне журналістыкі філфака з чырвоным дыпломам, таму ішоў у спісе на размеркаванне першым. Пасля заканчэння БДУ працаваў на Магілёўскім радыё карэспандэнтам. Але так склаліся абставіны, што працаваць ў гэтым горадзе доўга не давялося: мяне адправілі на пераразмеркаванне. Так я апынуўся ў лагойскай раённай газеце «Ленінскі сцяг». Спачатку на пасадзе карэспандэнта, а потым быў загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы. Акрамя гэтага, мне даверылі весці школу маладога журналіста. Таксама два-тры разы на тыдзень вёў перадачы на радыё па 20–30 хвілін у якасці дыктара. На працу на кафедру журналістыкі мяне запрасіў у 1966 годзе Рыгор Васільевіч Булацкі, які ў 1967 годзе стаў дэканам толькі што створанага факультэта журналістыкі БДУ. Я стаў сёмым па ліку выкладчыкам кафедры.

шеин
З дацэнтамі А. І. Раковічам і В.М. Шэіным
руденко
З памочнікам дэкана М. І. Сілуянавым і намеснікам дырэктара А.А. Рудэнка
премия за книгу
У час узнагароджання прэміяй Саюза журналістаў СССР у Маскве. (1980 г.)
Саченко и ректор
Балгарская дэлегацыя. Говін С. В., І. І. Сачанка, Дэкан П.І. Ткачоў
слука, саченко
На пасяджэнні кафедры з дацэнтамі І.І. Сачанкам, дэканам факультэта і загадчыкам кафедры Р.В. Булацкім, дацэнтам А.Г. Слукой

Бондарева

2013-09-11-k2– Вы напісалі кнігу «Канфесійны друк у Беларусі». У чым Вы бачылі неабходнасць гэтага выдання? – Кнігу рыхтаваў шэсць гадоў. Пачаў чытаць на факультэце спецкурс «Канфесійны друк у Беларусі». Я збіраў прэсу, літаратуру, звяртаўся па дапамогу менавіта да прадстаўнікоў канфесійных СМІ. Займацца гэтым мне, чалавеку, які вырас у атэістычнай дзяржаве, было цікава і адначасова цяжка.

семья
З жонкай Верай і сынам Дзімам

Што скажаце пра сям’ю? – Я хацеў назваць сына Кірылам, а жонка – Дзімам. Калі пайшоў рэгістраваць у ЗАГС, яна была ўпэўнена, што запішу па-свойму. Але я назваў так, як яна захацела. Калі нарадзіўся сын, то лічылі кожную капейку. Вазіў яго ў дзіцячы сад з Серабранкі да Опернага тэатра. Адразу ў новым раёне месца нам не далі. Сын заўсёды цікавіўся батанікай. Я думаў, пойдзе вучыцца на біялагічны факультэт, але ён выбраў радыётэхнічны. Яго жонка працуе медсястрой. «Гуманітарка прыехала», – так любіў казаць сын, калі мы з жонкай прыязджалі да іх з сумкамі. Памятаю, як унук Жэня сядзіць малы за камп’ютарам. Я яму кажу: «Ты ўжо ўмееш гэтым карыстацца?», а ён кажа: «Хочаш, і цябе навучу!» Дарэчы, ён, як і бацька, праграміст. Яны ўжо 15 год жывуць па-за межамі Беларусі.

– На Ваш погляд, што ў жыцці галоўнае? – Азіраючыся назад, бачу, што маё жыццё было цяжкім, але лічу: я зрабіў усё, што прызначана кожнаму чалавеку, – пабудаваў дом, пасадзіў дрэва, выгадаваў сына. Трэба памятаць: важна не толькі мець імкненне да ўсяго новага, што падае нам жыццё, але і «пакорпацца» ў мінулым.

Алена ЛЯЎШЭНЯ, 3 курс



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *