Як зрабіць журфак утульным?

Новости

Пад лесвіцай, у сталоўцы, у бібліятэцы, а таксама на падлозе, падваконнях ці ўвогуле па-за факультэтам – на «фортках» студэнты сядзяць усюды, дзе знойдзецца вольнае месца. Але спецыяльнага месца для адпачынку на журфаку проста… няма.

Многія з нас, калі трапляюць у буйныя офісы і замежныя ўніверсітэты, з зайдрасцю глядзяць на ўтульныя памяшканні з мяккімі канапамі і крэсламі-мяшкамі. Напэўна, мараць, як будуць сядзець на Кальварыйскай у падобных умовах і перачытваць «Асноўныя творчыя мэтады ў журналістыцы» Стральцова, напрыклад. Мары застаюцца марамі. Канешне, першапачаткова ў нашым будынку планаваўся не журфак. Але цяпер тут вучымся мы, і, значыць, хочам адпаведнай атмасферы.

Lounge-зоны. Як там?

Осакскі ўніверсітэт, Японія (Osaka University)
Осакскі ўніверсітэт, Японія (Osaka University)
 Універсітэт Кавентры, Англія (Coventry University)
Універсітэт Кавентры, Англія (Coventry University)
Універсітэт Грыфіта, Аўстралія (Griffith University)
Універсітэт Грыфіта, Аўстралія (Griffith University)
Медыяінстытут FOJO, Швецыя (Fojo Media Institute) Дарэчы, наш журфак цесна супрацоўнічае з ім. Фота Марыны Сіманавай
Медыяінстытут FOJO, Швецыя (Fojo Media Institute)
Дарэчы, наш журфак цесна супрацоўнічае з ім. Фота Марыны Сіманавай

Як тут?
Вядома, што спецыяльна вызначанага месца для адпачынку студэнтаў на журфаку пакуль няма. «ЖурФАКТЫ» звярнуліся да Вольгі Міхайлаўны САМУСЕВІЧ, намесніка дырэктара Інстытута журналістыкі, з пытаннем: дзе на факультэце можна адначасова піць каву і чытаць кнігі?

– У нас жорсткія правілы пажарнай бяспекі, ды і будынак, як вядома, не быў запланаваны як вучэбны корпус. Выдзеліць асобную аўдыторыю мы не можам, нават для выкладчыкаў не атрымліваецца гэта зрабіць. Лічыцца, што студэнты павінны вучыцца на факультэце, а адпачываць дома ці яшчэ дзе. Але я ж бачу, што яны ўсё роўна сядзяць па ўсіх закутках, нават на падлозе.

Здавалася б: будынак Інстытута журналістыкі. А насамрэч у нас другі, трэці, палова чацвёртага і некалькі аўдыторый на пятым паверсе. Таму мы не можам забраць вучэбнае памяшканне і аддаць студэнтам для адпачынку.

Ідэальны варыянт – памяшканне гардэробу на другім паверсе. Першапачаткова планавалася, што там будзе распранацца адзін факультэт. Але гэта нязручна: спачатку ісці на другі паверх, потым яшчэ куды-небудзь. Гэта вель мі вялікае памяшканне, але зараз ім карыстаюцца толькі прыбіральшчыцы ў якасці кута для ануч і венікаў. Я даўно казала: аддайце яго студэнтам, хай яно будзе ў вольным доступе. Але самой няма часу гэтым займацца. Калі б нехта паактыўнічаў (Студсаюз ці яшчэ хто), я дам згоду, хай перарабляюць. Але калі пачынаць, то трэба весці да канца.

Яшчэ ў нас прадугледжана, каб за кожнае памяшканне быў прызначаны матэрыяльна адказны чалавек. Па вялікім рахунку, трэба знайсці такого выкладчыка, падрыхтаваць план, і справа зрушыцца. Думаю, кіраўніцтва ўніверсітэта не будзе супраць, бо яны падтрымліваюць студэнцкую актыўнасць.

Марына СІМАНАВА, 4 курс



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *