Неверагодная гісторыя ці Звычайны аповед немаўляткі
—Матуля, тата, паглядзіце, я ўжо прачнулася! А разам са мною праснулася і сонейка. Не трэба дзівіцца, што мой голас вельмі гучны. Я так вітаю вас ўсіх. Хоць няма мне і года, але я добра бачу і разумею, што адбываецца навокал. Люблю назіраць за тым, як наш хатні кот Барсік лашчыцца да бабулі, просіць ў яе ежы, люблю пах свежага малака, якое матуля гатуе мне з вялікай любоўю, а яшчэ вельмі цікава сачыць за тым, як мяняецца прырода: дзесьці іграе музыка, яе нясе да нас вецер. Калі я гляджу на сонейка, адчуваю,як салодка і пяшчотна яно пахне. Я хачу панюхаць яего. А як прыгожа падае залацістае лісце са стомленых дрэў, павольна сцякаюць кроплі дажджу па шыбе, як безнадзейна падае долу снег. Дыхаючы паветрам, разумею, што гэта і ёсць сапраўднае жыццё!
Пакуль я сачу за навакольным асяроддзем, мае родныя любяць збірацца каля мяне, весці размовы, высвятляць, на каго я больш падобная. Адны кажуць: “Аленка, якая ты прыгожая, якая разумная!” Я не ведаю, праўду яны кажуць або не, але ад гэтых слоў мне становіцца светла на душы. Я адорваю ўсіх шчырай усмешкай. А калі мне становіцца сумна, пачынаю плакаць. Не ведаю, чаму, але, на жаль, так атрымліваецца. Як жа мне хочацца выказаць усе свае пачуцці словамі, але пакуль што выходзіць няўдалае : “Агу”. Ведаю, што пройдзе трохі часу і бацькі пачуюць мае першыя словы. Я гэтага вельмі чакаю.
Мне здаецца, дарослыя думаюць, што я яшчэ нічога цалкам не разумею. Гэта зусім не так. Кожнае слова, кожны жэст застаюцца ў маёй памяці назаўсёды. Памятаю, як бацькі меркавалі аб тым, якое імя будзе мне падыходзіць. Тата цвёрда сказаў: “Будзе Аленай! Я ўпэўнены, што гэта імя будзе добра адлюстроўваць прыгажосць нашай дачушкі. Аб ёй будуць гаварыць людзі толькі харошае”. Матуля не стала спрачацца і, як заўсёды, пацалавала ўдумках мяне з любоўю, кранаючы надзьмуты жывоцік.
І вось я тут, на паветры. Я нарадзілася. Які гэта цуд! Калі на вуліцы добрае надвор’е, бацькі вязуць мяне ў калясцы на свежае паветра. Там нас сустракае мая сяброўка са сваёй матулей. Сяброўка ўжо не такая маленькая, як я. Ёй ідзе чацвёрты год. Як я паспела заўважыць,ёй падабаецца блакітны колер. Магчыма, таму ўсе яе сукенкі, банцікі і спадніцы менавіта гэтага колеру. Яно і не дзіўна, вочы ў маёй сяброўкі, як кажуць усе навокал, бяздонна-блакітныя, як бяскрайняе неба. Характар у дзяўчынкі непакорны. Ён змяняецца так хутка, як надвор’е ў пачатку мая. Але за гэта яна мне і падабаецца.Я, калі падрасту, хачу быць на яе падобнай.
Ведаеце, я вельмі чакала таго моманту, калі нараджуся. А калі чарга прыйшла, Усявышні спытаў мяне: “Ты вельмі гэтага чакаеш? У нашым царстве шмат дзяўчат і хлопчыкаў, якія таксама хочуць пакінуць мяне і адправіцца ў іншы мір. Але шанс на гэты час ёсць адзін”. І я адказала: “Я веру, што мае бацькі вельмі чакаюць майго прыбыцця. Жыць – гэта так добра! Пахі, гукі, словы, неба, кветкі, празрыстая вада – ўсё незвычайна. Я патрэбна гэтаму міру”. Усявышні станоўча ўсміхнуўся і я адчула зусім новыя, непадобныя ні на што пачуцці…
Матуля, тата, паглядзіце, я нарадзілася!…
Шлапакова Дар’я, студэнтка 1 курса Інстытута журналістыкі.