—Патрыярх друкаванага слова з высокімі чалавечымі якасцямі, яму ніколі не спатрэбіцца адводзіць убок вочы ад герояў сваіх нарысаў, паражае ўраўнаважанасцю і ўпэўненасцю, выдатны аналітык, удумлівы, лёгка ўлаўлівае сутнасць, умее заахвоціць, Асоба з вялікай літары,—характарызуюць Леаніда Матэленка людзі, якія шмат з ім кантактавалі. 52 гады журналіст варожыць над словам у “Міёрскіх навінах”. Сёлета адзначае слаўны юбілей—залатых 70.
—У верасні 64-га пачынаў друкаром, затым літсупрацоўнік, загадчык аддзела пісем, вучобу на завочным аддзяленні журналістыкі ў Белдзяржуніверсітэце сумяшчаў з пасадай інструктара ў райкаме партыі, падчас гэтага актыўнічаў і ў газеце. Пасля прызначаны галоўным рэдактарам, ім быў 37 гадоў. А цяпер на заслужаным адпачынку,—сціпла адзначае Леанід Матэленак.
Насамрэч заслужаны адпачынак апантанаму прафесіяналу толькі сніцца. Штодзень журналіст праводзіць у нястомных пошуках новага і пазнавальнага, шчыра клапоціцца зацікавіць чытача, абагаціць яго свежай, патрэбнай, надзённай інфармацыяй.
—Не вельмі люблю юбілеяў. Што святкаваць: будучае ці былое? Кажуць, аптымісты адзначаюць былое. У маладосці быў рамантыкам, цяпер рэаліст. А ўвогуле, ад настрою.
Мэтр друкаванага слова мае дзве вышэйшыя адукацыі журналіста. Першую атрымаў у БДУ.
—Калі паступаў на завочнае аддзяленне, думаў такая вучоба не дае сістэмных ведаў, пасля стасункаў з некаторымі студэнтамі стацыянару запэўніўся, што быў не правы. Усё-ткі мэтаскіраваны завочнік пры празе самаўдасканалення ведае лепш і разбіраецца больш. Наступны этап вучобы—вышэйшая партыйная школа таксама па журналісцкай галіне.
Працягвае:
—Гады хуткаплынныя… Днямі, стоячы ў вестыбюлі райвыканкама міжволі падумаў: за час маёй працы ў рэдакцыі памянялася 10 кіраўнікоў раёна.
Разважае зноў:
—Важным этапам лічу ўкладальніцтва ў раённую кнігу “Памяць”. Штудзіраваў крыніцы ў розных архівах Віцебска, Мінска… Памятаю, у сталічным складаў спісы рэпрэсіраваных, першы дзень—па рэгламенце з адпачынкам, на другі зранку прыйшоў з кавалкам сала і правёў паўтара сутак, не змыкаючы вачэй ноччу. Затое паехаў дадому шчаслівы, што зроблена грунтоўная праца.
Каб парадаваць сюрпрызам дарагога калегу, рэдакцыя спытала меркаванне ў людзей, з якімі Леанід Матэленак шчыльна супрацоўнічаў, вырашаў надзённыя пытанні.
Пётр ГНУЦЕНКА, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама:
—Леанід Матэленак увасабляе і ўдала спалучае лепшыя традыцыі савецкай і сучаснай журналістыкі, класічны яе прадстаўнік, патрыярх. Мае ўласны падыход і высозны ўзровень. Ушанаваны многімі дзяржаўнымі ўзнагародамі, у тым ліку медалём Францыска Скарыны. Да таго ж, валодае высакароднымі чалавечымі якасцямі—уменнем выслухаць, зацікавіць. Сапраўдны патрыёт Міёршчыны, выдатны настаўнік моладзі. Асабіста з юбілярам знаёмы з 1998-га года, а начуты яшчэ раней. Заўсёды прыемна вырашаць з ім прафесійныя пытанні.
Людміла МЫШЛЁНАК, галоўны спецыяліст начальніка Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама:
—Леанід Аляксандравіч умела ацэньвае сітуацыю і адказвае за кожнае слова. Сустракаючыся з героямі сваіх нарысаў, яму не даводзіцца адводзіць позірк. Паважае прафесію і сябе ў ёй. Прыгадваю, як на выязных “лятучках” тактоўна аналізаваў іншыя выданні, карэктна ўказваў на недахопы. Яму ўдавалася не пакрыўдзіць, а прынесці карысць. Не пускае слоў на вецер, заўсёды досведны, практычны, інтэлігентны.
Казімір ПЯТУШКА, былы рэдактар “Браслаўскай звязды”, цяпер загадчык яе аддзела:
—Я прыйшоў на пасаду рэдактара з аддзела адукацыі, таму ў карэкцыйнай, гаспадарчай, дакументальнай дзейнасці для мяне ўсё было ў навінку. Звяртаўся за парадамі да масцітых калег. Леанід Аляксандравіч мяне заўсёды падтрымліваў, вучыў, тлумачыў. Шлях спадарожны, таму ездзілі на адным аўтамабілі на калегіі: і час скаратаць разам прыемней, заадно і гаварылі пра справы надзённыя. Гэта журналіст з вялізным вопытам. Напэўна, адзіны ў рэспубліцы з такім стажам рэдактарства. Заўсёды падкупляў спакойнасцю, упэўненасцю, добразычлівасцю, ніколі не пакрыўдзіў, нічога не зрабіў наспех. Атрыманыя ад яго маральныя і прафесійныя навыкі скарыстоўваю і сёння.
Раіса ПАРФЁНЕНКА, былы старшыня раённага Савета дэпутатаў:
—З Леанідам Аляксандравічам знаёмыя даўно—з 1984 года. Тады я загадвала сельгасаддзелам у райкаме. Актыўна супрацоўнічалі, рыхтавалі да друку матэрыялы. Мне з ім было лёгка, хутка ўлаўліваў сутнасць. Што называецца, цямкі, з выдатнай памяццю. Да таго ж, неканфліктны. Словам, мы сышліся характарамі. Гэта, вельмі рэдкі, а можа, нават і адзіны чалавек, пра якога я не магу сказаць нічога адмоўнага. Мне заўсёды прарочылі журналісцкі шлях. У канцы 80-х Леанід Аляксандравіч запрашаў мяне працаваць у газету, але я выбрала дзяржаўную службу, прыступіла да кіравання справамі райвыканкама. Яго намаганнямі адрамантавана рэдакцыя, прычым ніколі не прасіў грошай з раённага бюджэту, вельмі гаспадарлівы, разлічваў толькі на свае сілы.
Раман ЛАГУН, былы вадзіцель рэдакцыі:
—Калі я прыйшоў у рэдакцыю вадзіцелем, Леанід Аляксандравіч быў друкаром, паміж намі ўсталяваліся прыязныя сяброўскія адносіны. Падчас кіраўніцтва заўсёды ставіўся па-чалавечы, ніколі не ўзвышаў сябе, не дэманстраваў улады, вельмі справядлівы Засталіся толькі добрыя ўспаміны.
Марыя СЦЯПАНАВА, былы кіраўнік гаспадаркі:
—Леанід Аляксандравіч—Асоба з вялікай літары. Яго пазіцыя—гаварыць праўду. Шмат пісаў пра людзей працы. Ніводнае мерапрыемства ў нашай гаспадарцы не абыходзілася без рэдакцыі. Калі не мог прыехаць сам, заўсёды выпраўляў карэспандэнтаў. Шанаваў у сваіх нарысах і асабістым стаўленні людзей працы. Загартаваны, працавіты, заўсёды ў страі.
Вітольд ЕРМАЛЁНАК, настаўнік-гісторык, стваральнік трох музеяў:
—З Леанідам Матэленкам знаёмыя 40 гадоў. У 1976-м я прыехаў у раён працаваць, а ў 1977-м напісаў першы артыкул у раённую газету пра падзеі грамадзянскай вайны ў нашым краі. Журналіст умее заахвоціць, бо ведае, што гісторыя роднага краю для чытачоў цікавая. Мы аднадумцы, дзелімся новымі набыткамі, разам стваралі кнігу “Памяць”. Гэта грунтоўная праца. Унёсак Леаніда Матэленка істотны ў плане краязнаўства і непасрэдна прафесіі, бо ўдала, лоўка прычэсвае інфармацыю, прыводзіць у прыемна ўспрымальную для чытача форму, што неацэнна. Не аднойчы падтрымліваў мяне ў жыццёвых абставінах.
—Ён—асоба,—праз тэлефон чую падказку жонкі Вітольда Ермалёнка.
На Міёршчыне Леаніда Матэленка ведае амаль кожны і наўрад ці скажа пра яго нешта адмоўнае. На якіх кітах трымаецца прыгожая натура? Думаецца, найперш на шчырасці, павазе і тактоўнасці.
Дарагі калега, штодзень Вам слаўнага настрою, жалезнага здароўя, мех смеху, поўныя нататнікі творчых знаходак! Як клапатліваму сем’яніну—хай радуюць дзеці, унукі, падтрымлівае жоначка. Мы рады такому настаўніку, генералу журналісцкай службы, які заўсёды на варце чытача.
Алена БАСІКІРСКАЯ.
Переделали немного публикацию из «Мiёрскiх навiн» и опубликовали здесь без ссылки. Даже фотки нормально разместить не смогли. И поставили огромный кусок текста, который читать невозможно.
Вот такие слушатели учатся на факультете повышения квалификации и переподготовки Института журналистики БГУ на специальности «Средства массовой информации».
Эх!
Что же, вот такие некудышние слушатели)) тырят свои тексты из «МН»)) ну ничего, к экзамену напишут что-н. новое, что раньше у себя не тырили)) на двойку наскребут. В общем-то, стоило предупреждать, чтоб текст ранее не публиковался.
А насчёт фоток, я не умею их размещать. Научусь со временем.