У мінулую пятніцу ў медыятэке на журфаку адбылася літаратурна-музычная імпрэза “Пачуцці праз мову”. Прысвечаны вечар быў Міжнароднаму дню роднай мовы, які адзначаецца ў свеце 21 лютага.
“Мова – душа народа, векавая памяць многіх пакаленняў, наш галоўны нацыянальны скарб. Жыве мова – жыве народ, жыве памяць продкаў”, – гэтыя словы гучалі з вуснаў вядучых мерапрыемства – Андрэя Талерчыка ды Святланы Чыжык. З імі нельга не пагадзіцца. Мова – гэта багацце, якое заўсёды будзе адрозніваць нас ад іншых народаў, а ў цяжкі час – яднаць.
Тэматыкай вечару былі песні, вершы і ўрыўкі з твораў пра каханне. Так, уступнай стала песня на словы Янкі Купалы “Марыся”, якую выканала Святлана Чыжык. З апошніх шэрагаў нават пачуўся каментар Сяргея Канстанцінавіча Бердніка: «Малайчынка! Малайчынка!»
Гучалі тут і вершы такіх знакамітых паэтаў Беларусі, як Янка Сіпакоў, Паўлюк Трус, Максім Багдановіч, Яўгенія Янішчыц і іншых.

Цікавымі былі пастаноўкі, якія студэнты падрыхтавалі з дапамогай выкладчыкаў. “Аўдыявізы” Руслан Залатухін і Яна Бялкоўская выступілі з ўрыўкам з кнігі Івана Шамякіна “Трывожнае шчасце”. Сцэна развітання Сашы з Пятром трагічная, але яна як ніякая другая адлюстроўвае каханне, якое яркім агнём разгарэлася паміж гэтымі яшчэ зусім маладымі людзьмі.

Другой пастаноўкай стаў урывак з твора Івана Мележа “Людзі на балоце”. Словы аўтара чытала Анастасія Аўхімовіч, а ў ролі Ганны Чарнушкі і Васіля Дзятла – Анастасія Кулінчык і Аляксей Худанаў. Нельга было не заўважыць, як тонка студэнты перадалі пачуцці герояў. Сапраўдныя актёры – нічога не скажаш.

Добра, што ў гэты вечар перад невялікай аўдыторыяй у медыятэке журфаку выступілі не толькі студэнты, але і выкладчыкі. Напрыклад, дацэнт кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Жаўнеровіч Пётр Пятровіч прачытаў верш Уладзіміра Караткевіча.

Прыемным было тое, што ўсе ўдзельнікі мерапрыемства з адказнасцю падрыхтаваліся да гэтага вечара. Але ж такое немагчыма без імпэту і неабыякавасці да роднай мовы. Таму ад сябе скажу сумленна: моладзь зацікаўленая вывучаць культуру і традыцыі сваіх продкаў. Падзякваць за добрую арганізацыю і стварэнне ўтульнай атмасферы хацелася б, канешне, выкладчыкам кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання – Шасцярнёвай Ліліі Георгеўне і Горбач Вользе Аляксандраўне.

На мой погляд, гэты вечар даў яго ўдзельнікам падставу задумацца не толькі наконт роднай мовы, але і на такую цёплую тэму, як сапраўднае каханне. І, я спадзяюся, многія з іх, прышоўшы дадому, сказалі самым родным людзям тры простыя словы – я цябе кахаю.
Не используйте слово «прошла» в заголовках материалов о мероприятиях, и ўсё будзе добра 🙂