Студэнт пятага курса гістфака БДУ імкнецца атрымаць «ШТО? ДЗЕ? КАЛІшную» саву!

Новости

Напэўна, кожны з вас чуў пра гульню “Што? Дзе? Калі?”,  якая палюбілася многім пакаленням. А ці ведаеце вы, што студэнт пятага курса гістарычнага факультэта гуляе ў тэлеверсіі? Калі не, то прапануем вам інтэрв’ю з простым і цікавым хлопцам – Аляксандрам Марозавым

Прывітанне, Саша. Віншую цябе з пачаткам апошняга семестра.

Скажы, а ці любіш ты гістфак і БДУ?

Так і не. Так, таму што на факультэце даволі шмат цікавых прадметаў і выкладчыкаў, тут мае знаёмыя, сябры. Да БДУ асаблівай любові няма, больш да факультэта.

Якое самае яркае ўражанне за студэнцкае жыццё?

Мне больш за ўсё запомнілася этналагічная і педагагічная практыкі. На этаналагічнай мы былі ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна. Атрымаўся ў нейкім сэнсе санаторый, мы там больш адпачывалі, чым працавалі. Плюс я сам гарадскі, а ў вёсцы ўсё было па-іншаму. Педагагічная праходзіла ў Ліцэі БДУ, уражанні самыя станоўчыя, у мяне былі вельмі добрыя і мілыя дзеці.

Кім ты бачыш сябе праз тры гады?

Магчыма, паеду вучыцца за мяжу, але аб гэтым гаварыць пакуль рана, узровень ведання мовы патрабуецца дастаткова сур’ёзны. Жаніцца праз тры гады дакладна не планую (смяецца). У гэтым плане я не хачу фарсіраваць падзеі.

Распавядзі, як ты пачаў гуляць у “Што? Дзе? Калі?”

Пачаў гуляць у 9 класе, у 2008 годзе. Для ШДК гэта дастаткова позна. Прыйшоў на турнір паміж школамі ў Гомелі, мне спадабалася, і мы камандай класа пайшлі на трэніроўку да Клімовіча Леаніда Валянцінавіча, дастаткова знакамітай асобы ў свеце ШДК. Спачатку  я гуляў не вельмі актыўна, але пасля паступіў у Ліцэй БДУ і стаў гуляць часцей. У нас былі трэніроўкі два разы на тыдзень, дастаткова шмат розных выязных турніраў.

А як ты трапіў у тэлевізійную каманду?

Трэба “засвяціцца” перад тэлегрупай: альбо добра гуляць у спартыўную  версію ШДК, альбо добра згуляць у тэлевізіённым брэйн-рынгу. Галоўнае, каб цябе заўважылі і запрасілі на адбор. І потым сярод вызначанай групы людзей (чалавек 15-20) праводзіцца адбор у каманду. Я быў вельмі рады, калі прайшоў яго.

Якія ўражанні ад гульні?

За сталом намнога цікавей, чым назіраць за гульнёй з экрана ці са студыі. Калі ты  сядаеш гуляць, тое, што знаходзіцца па-за сталом, проста не існуе. У цябе ёсць толькі хвіліна, каманда —  і ўсё.  Адразу знікае  ўвесь страх. Першы раз перад гульнёй я вельмі баяўся, але , калі толькі сеў за стол, адразу ўсё прайшло,  не да страху. Гульня захапляе.

Пераглядаеш гульні са сваім удзелам?

Першую пераглядзеў з суседзямі па інтэрнату, а паглядзець фінал сабраліся камандай. Збоку, на наш погляд, мы выглядалі дастаткова смешна.

А які варыянт гульні табе падабаецца больш: спартыўны ці тэлевізійны?

Кожная версія добрая па-свойму. Эмоцый і ўражанняў больш ад тэлевізійнай, але спартыўная версія цікавей тым, што ты спаборнічаеш з большай колькацю каманд. І пытанні спартыўнай версіі мне, у цэлым, падабаюцца больш.

Што ўвогуле дае ШДК?

З аднаго боку, гэта моцны ўнутраны штуршок, каб развівацца. Я разумею, што калі хачу добра гуляць, то трэба чытаць кнігі, глядзець фільмы і г.д. Я адчуваю, што развіваюся і не стаю на месцы. З другога боку, я вельмі ўдзячны ШДК за тое, што ў мяне з’явілася шмат цікавых сяброў, знаёмых, аднадумцаў. Зараз працэнтаў 80 майго наваколля – гэта ШДК-шнікі. А яшчэ я пачаў трэніраваць дзяцей, гэта таксама вельмі цікавы і захапляючы працэс.

Як-небудзь змянілася жыццё пасля таго, як цябе паказалі на цэнтральным канале краіны?

У цэлым не. Аднак ваша газета паклікала мяне на інтэр’ю.

Ці ёсць у цябе куміры ў ШДК?

Мусіць, няма. Хочацца, каб у цябе быў свой стыль, свая індывідуальнасць, нейкая асаблівасць.

Якія адносіны ў камандзе?

Вельмі добрыя. Мы перыядычна збіраемся на трэніроўкі, проста пагутарыць, гуляем у настольныя гульні. Лепшымі сябрамі нас не назавеш, але мы сябруем даволі нядрэнна.

 А “саву” атрымаць хочацца?

На аватарку (смяецца). А калі сур’ёзна, то канешне хочацца. Мне  здаецца, што  любы ігрок, які сядае за стол, хоча атрымаць “саву”.

 А твае бацькі ганарацца табою?

Так, канешне. Мама перад гульнёй расказала ўсім сваім сяброўкам, што  я буду  гуляць. А ў час трансляцыі самой гульні яна тэлефанавала на  кожнай рэкламе,  казала, што хвалюецца, што тое ці іншае пытанне  можна было ўзяць і г.д. Яна вельмі моцна непакоілася.

 

Якія якасці ты цэніш у людзях?

Я цаню не канкрэтныя якасці ў людзях, а саміх людзей за іх асаблівасці. У кожным чалавеку мне падабаецца штосьці сваё. Універсальных крытэрыяў у мяне няма.

Пажаданне на вучэбны год.

Жадаю, каб ён прайшоў добра і насычана, каб усе паспяхова здалі сесіі, а пяцікурснікі — абаранілі дыпломы і добра размеркаваліся. А потым знайшлі сябе ў гэтым жыцці.

Дзякуе за гутарку і чакае аватарку з “савою” Вераніка Каско.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *