Чаму я пайшоў у журналісты?

 

ФОТО 134У кожнага жыве мара, няхай глыбока ў падсвядомасці, але жыве… Я змалку далучылася да журналісцкага слова, няўпэўнена і хістка пачала асвойваць яго ўласцівасці і праходзіць лабірынты. Чаму лабірынты? Таму што праца над словам… Чакайце… Хутчэй не праца, а гравіроўка даецца вельмі няпроста, а дакладней—няпроста зусім. Яшчэ бязвопытным шкаляром паспрабавала асвятляць вучнёўскае жыццё на старонках раённай газеты. І вельмі цешылася, калі бачыла пад чарговым допісам сваё імя і прозвішча. Ура! Так прыемна было пачуць станоўчыя водгукі, мажліва, у нечым перавышаныя ці незаслужаныя. Але-але… Сябры, знаёмыя… мне заўсёды прарочылі прафесію журналіста. І сама я яшчэ за школьным часам уяўляла свае карэспандэнцкія будні, а ўлетку (вядома, канікулы) ад няма чаго рабіць праторвала шлях да рэдакцыі, нібыта ідучы ў будучыню. Адразу не паступала на журналіста. Падалася на філфак. Не тое, каб моцная любоў да роднай мовы пераважыла дзіцячыя мары, не зусім. А мо і зусім не. Моўная апантанасць, канечне, трымцела ў душы, але стаць журналістам я насамрэч пабаялася. Падабаўся вынік—гатовая публікацыя. Але вельмі дакучаў і мучаў працэс яе стварэння. Пастаянны сумніў у падборы слоў, немажлівасць выказаць думку. Накшталт: сказаць ёсць што, а выразіць няма чым. У вас такое бывала? У студэнтаў на экзаменах рэгулярна :-))). І гэты пакутлівы пошук, імкненне да ювелірнай гравіроўкі слова часта не давалі спакою. Можа быць, што па натуры я такі чалавек. А можа, шлях станаўлення гэткі заўсёды ці почасту. Не ведаю. Аднак факт фактам. Стала філфакаўкай. Цудоўна, хораша, весела. Але… Характар гартаваўся, моўны арсенал узбагаўся, а дзіцячае жаданне расло. Публікацыі не спыняліся. Больш за тое, набылі нейкую творчую аблямоўку: перараслі ў вершы, апавяданні, гумарэскі, эсэ. Непераадольнае жаданне выдаць першы зборнік на чацвёртым курсе філфака ажыццявілася. Кніга паспрыяла ўступленню ў сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі. У апошнія гады вучобы паспрабавала выкладаць у школе. Вёска… Дзеці незацікаўленыя… Матэрыял просты, аднатыпны, заезджаны (для філолага, які гэта прайшоў за школьныя і студэнцкія гады ўздоўж і ўпоперак). Па 10 разоў паўтараючы адно і тое, на самаўдасканаленне ні часу, ні сіл амаль не застаецца. І вось нечаканае тэлефанаванне—і запрашэнне працаваць у рэдакцыю. Тую, да якой колісь шкаляркай праторвала шлях. Ці атрымаецца: дакучалі згрызотныя думкі. Скажу адразу: усякае бывала. Але… калі вучуся на перападрыхтоўцы, значыць—спрыяльнага больш!

Пакуль першы курс. Ды гэта не страшыць, бо ўсяго два. Радуе, што дзяўчаты і хлопец, якія вучацца ў нашай групе—мэтаскіраваныя, адказныя. І сапраўды вельмі многія, а можа нават і ўсе не паступілі проста так, што называецца “для спартыўнага інтарэсу” або “падтрымкі штаноў”—называйце як хочаце. Прыйшлі ўсвядомлена і ўзважана. Гэта не пафас, тое відаць па адносінах да дысцыплін, шчырым жаданні атрымаць добрую адзнаку і… найперш— зацікаўленасці. Некаторыя нават цэлую ноч не спяць, каб добра выканаць “дамашняе заданне”. Што сказаць, малайцы! Зараз кінула кліч “Укантакце”: маўляў, чаму абралі факультэт журналістыкі? Слухаеем адказы.

 

71a9d3AG-28Наталля НЕКРАШЭВІЧ:
—Мне заўсёды падабалася пісаць, у школе ахвотней за ўсё     бралася за сачыненні, а любімымі прадметамі былі руская       мова і літаратура. Ды ў тыя часы факультэт журналістыкі мне здаваўся нейкім завоблачным, нават не ўспрымала ўсур’ёз тую думку, што змагу туды паступіць. Пачала вучыцца ў педагагічным універсітэце і зразумела, што гэта не маё. Вырашыла ўсё-ткі паспрабаваць журфак. На бюджэт не хапіла балаў. Годы ішлі, а мара так і засталася. І вось я тут, чаму невымоўна рада. Вучоба падабаецца,  прадметы захапляльныя, спосаб іх падачы (што нямала важна) таксама. З групай вельмі пашанцавала: людзі творчыя, неардынарныя, з такімі камфортна і прыемна.  Толькі мяне ўсё не пакідаюць адчуванні, што занадта мала      часу на такі грунтоўны матэрыял, ды тут нічога не паробіш, многае залежыць ад нас саміх і самастойнай работы.

 

 

nMKEiEnfucE
Кацярына ПЕРФІЛАВА:
— Марыла вучыцца на журфаку яшчэ са школы. Але праз  матэрыяльныя цяжкасці    не было магчымасці паступіць на платнае, а для бюджэту не мела публікацый.        Таму скончыла Полацкі ўніверсітэт і працую інжынерам у Праектным інстытуце  “Белгіпразем”. Шчаслівая, што на журфаку. Спадзяюся—не расчаруюся, што б ні  казалі. Шкада толькі, што вучыцца ўсяго два гады.

 

 

 

 

 

7LDzIEyWr2Q

  Яна РАБЦАВА:

 Прыйшла сюды, таму што працаваць над слоўным скарбам вельмі падабаецца. Для маёй цяперашняй пасады веды, творчыя навыкі вельмі спатрэбяцца. Яшчэ, канечне, прайшло мала часу з пачатку вучобы. Усяго першая сесія. Аднак-аднак… Не расчаравалася. “ Ну,—скажаце вы,—знайшла чым ганарыцца, за тры тыдні не расчаравалася. Маўляў, гэткі тут тэрмін!!!”. Але-але… Сябры, першае ўражанне—яно самае трывалае і запамінальнае. Як і першае каханне”.

 

З разважанняў вынікае, што даўнюю мару не трэба запіхваць у закуткі, а наадварот—даваць ёй святло, удасканальваць і шчыра верыць, што ЗАПАВЕТНАЕ ЗДЗЕЙСНІЦЦА.

Алена БАСІКІРСКАЯ.

Чаму я пайшоў у журналісты?: 2 комментария

  • 02.03.2016 в 12:37
    Permalink

    Люди, которые сознательно идут в профессию, способны повлиять на окружающий мир. Все прочие просто покупают диплом.

    Рейтинг комментария:Vote +1+4Vote -10

  • 02.03.2016 в 12:39
    Permalink

    забыл о бюджетниках — либо ставят галочку на наличие высшего образования.

    Рейтинг комментария:Vote +1+4Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *