У журфакаўскай сям’і: рэцэнзія на кнігу Барыса Стральцова «Капуснік, або лад жыцця»

stalcou-kapucnik_abo_lad_jiccyaУ кожнага студэнта журфака, без сумневу, ёсць улюбёны выкладчык. Для многіх больш ранніх пакаленняў журфакаўцаў такім выкладчыкам быў Барыс Васільевіч Стральцоў — адзін з тых, на працах якога трымаецца цяпер тэарэтычная база падрыхтоўкі беларускіх журналістаў.
Але што мы, сучасныя студэнты, ведаем пра аднаго з патрыярхаў нашай прафесіі? Сумленна прызнаюся, да чытання кнігі «Капуснік, або лад жыцця», мае веды пра Барыса Васільевіча абмяжоўваліся толькі тым, што ён напісаў кнігу «Асновы публіцыстыкі. Жанры», якую мы атрымалі ў бібліятэцы на першым курсе. Ну і тым, што ў яго гонар на журфаку названа аўдыторыя. Акрамя Стральцова, так былі ўшанаваны толькі Ефрасіння Леанідаўна Бондарава і Рыгор Васільевіч Булацкі.

Кніга ж адкрывае чытачам зусім іншага Стральцова — чалавека з шырокай душой, яркімі ўспамінамі і складаным, поўным нягод і цяжкасцяў, але цікавым жыццём. Да чытання кнігі я не ведаў, што Барыс Васільевіч быў яшчэ і яркім самабытным празаікам. Асабліва хацелася б адзначыць майстэрскае валоданне беларускай мовай, з лёгкай прымешкай яркіх і вельмі самабытных дыялектызмаў.

Сучасным студэнтам будзе вельмі цікавай частка «Альма-матэр», дзе Барыс Васільевіч распавядае гісторыю свайго з’яўлення на факультэце: «Абярнулася так, што я прыйшоў, калі агульную кафедру, якая  была перагружана рознымі дысцыплінамі, дзялілі на дзве. І мяне, пачаткоўца ў выкладчыцкай справе і навуцы, не даўшы добра агледзецца, прызначылі загадчыкам адной з гэтых кафедраў — тэорыі і практыкі савецкай журналістыкі. Вось тут давялося спачатку пакруціцца — куды толькі мая творчая дэпрэсія падзелася”.
На гэтай пасадзе спадар Стральцоў будзе працаваць доўгія гады, працаваць плённа, дзякуючы чаму ў Беларусі з’явіцца новая плеяда журналістаў-практыкаў. Шмат хто з іх потым таксама будзе выкладчыкам. І гэты нумар “Журфактаў”, прысвечаны Барысу Васільевічу – таксама задума яго вучняў. Той факт, што выбітнага навукоўцу памятаюць, сведчыць перш за ўсё пра тое, што ў нас, на журфаку, існуе пераемнасць пакаленняў. І гэта насамрэч вельмі важна, бо памяць – гэта галоўнае, чым жыве чалавек, тое што робіць яго чалавекам.
Гэта кніга толькі падкрэслівае шматграннасць таленту Барыса Васільевіча. Журналіст, пісьменнік, выкладчык і цудоўны чалавек (а успаміны яго сяброў, усіх, хто знаходзіўся вакол яго на жыццёвым шляху, кажуць пра добразычлівасць, жыццёвы вопыт і сапраўдную чалавечую годнасць). У час падрыхтоўкі гэтага артыкулу знайшоў цікавы факт: калі Стральцоў з’яўляўся недзе, дзе былі яго былыя студэнты, яны заўсёды віталі яго стоячы, каб аддаць належнае свайму Настаўніку.
Пройдуць гады, прыйдуць у нашу альма-матэр новыя пакаленні — і ў іх будуць ужо зусім іншыя ўлюбёныя выкладчыкі. Час ідзе, ўсё з’мяняецца, але памяць пра такіх людзей жыла і будзе жыць.
Вельмі добра, што і мне давялося дакрануцца да гісторыі Барыса Васільевіча — хоць і гэтым маленькім артыкулам.
Таму што без такіх выкладчыкаў, як Стральцоў, знікне галоўнае, што прываблівае на журфаку —адчуванне таго, што мы ўсе — адна сям’я. Сям’я, ў якой шмат пакаленняў.
І гэта гонар — быць часткай журфакаўскай сям’і.

Арамаіс Міракян

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *