Ты стаіш на борціку, гатовы скокнуць у ваду. Напружанне ва ўсім целе. У цябе за спіной месяцы ўзмоцненых трэніровак, а наперадзе – некалькі секунд барацьбы і нястрымнае жаданне перамагчы. З такімі думкамі выходзіць на старт майстар спорту па плаванні і па сумяшчальніцтве студэнтка другога курса Інстытута журналістыкі БДУ Кацярына Раманоўская.
Як ты прыйшла ў плаванне?
У чацвёртым классе на ўроку фізкультуры мы хадзілі на плаванне.У мяне добра атрымлівалася, а ў канцы мая мне прапанавалі перайсці ў спартыўны клас. Я пагадзілася. Каб зразумець, што гэта такое, мы на месяц паехалі ў спартыўны лагер у горадзе Масты (Гродзенская вобласць). Многія не спраўляліся з нагрузкай і сыходзілі, але я рада, што не зламалася і вытрымала.
Ці існуе канкурэнцыя ў спартыўным класе?
Гэта не проста клас, тут мы − каманда, і ўсё роўна, што плаванне −індывідуальны спорт. Мае аднакласнікі за некалькі гадоў сталі мне як родныя. Мы пастаянна ездзілі на спаборніцтвы, адпачывалі разам. Група − мая другая сям’я, а трэнер − другая мама.
У якой краіне спадабалася больш за ўсё?
У Францыі. Калі нам прапанавалі паехаць туды, я была ў захапленні ад гэтай навіны. Дарога была нялёгкай, таму што мы ехалі на аўтобусе два дні, але гэта было нездарма. На спаборніцтвах удзельнічалі прадстаўнікі Расіі, Літвы, Латвіі і іншых краін. Я вельмі хвалявалася, але старалася кантраляваць свае эмоцыі. Я заняла адно першае і два трэціх месцы! Гэта былі невымоўныя адчуванні! А пасля цяжкіх спаборніцтваў адбылася мая дзіцячая мара: мы паехалі ў Дыснэйлэнд.
Ці быў у тваім жыцці момант, калі хацелася ўсё пакінуць? Што цябе спыніла?
Вядома, такое здаралася. Я думаю, гэты было амаль у кожнага спартсмена, асабліва ў падлеткавым узросце, таму што ў гэты час у чалавека шмат амбіцый, але не ўсе разумеюць, што немагчыма атрымаць усё і адразу.
Я вельмі часта хварэла, а плаванне – такі від спорту, у якім нельга даваць сабе час расслабіцца. Хацелася ўсё кінуць, было крыўдна і балюча. Але людзі, якія былі побач, мяне спынялі. Асабліва мама. Бацькі ніколі не прымушалі мяне. Я сама выбірала, чым буду займацца. Я вельмі ўдзячная маме, штоя нападтрымала мяне ў цяжкую хвіліну.
Увосьмым класе ў маёй кар’еры наступіў пераломны момант: за паўгода я атрымала першы разрад і званне кандыдата ў майстры спорту, а праз год ўжо была майстрам спорту.
Каму ты прысвячаеш свае перамогі?
Трэнеру, бацькам. Менавіта дзякуючы ім я такая, якая ёсць зараз. Дзякуй ім вялікі за гэта!
А ў спартыўным жыцці быў які-небудзь непрыемны эпізод?
Як жа без гэтага? Былі такія моманты, калі я моцна хвалявалася, тады ад перанапружання дзёргалася на старце і не змагла працягваць барацьбу. Таксама памятаю, як некалькі разоў на спаборніцтвах мяне дыскваліфікавалі.
Ці ёсць у Беларусі ўсё неабходнае для развіцця плавання?
Зараз у Беларусі з’явілася больш магчымасцей для заняткаў плаваннем. Амаль кожны год у многіх гарадах адкрываюцца спартыўныя комплексы, басейны.
Як змянілася тваё жыццё пасля паступлення?
З’явілася больш часу на заняткі журналістыкай і спортам, усё-такі ва ўніверсітэце практыкуецца самаадукацыя. Пазнаёмілася з цікавымі людзьмі, атрымала шмат карысных ведаў.
Чаму ты вырашыла звязаць сваё жыццё з журналістыкай?
Гэта мая мара з дзяцінства. Заўсёды любіла быць у цэнтры падзей, пісала вершы і апавяданні. Была вельмі актыўнай і дапытлівай. Мне цікава гэта прафесія. Калі я паступіла ў Інстытут журналістыкі БДУ, зразумела, што гэта тое, пра што я марыла, і ніколькі не пашкадавала аб сваім выбары.
Як атрымліваецца сумяшчаць вучобу і спорт?
Амаль ніяк. Прыходжу а восьмай вечара пасля трэніроўкі. Прымушаю сябе рабіць заданні да адзінаццаці вечара, а часам а дзявятай гадзіне кладуся і ўстаю ў шэсць, каб зрабіцьіх. Пасля разумовай нагрузкі ёсць сілы пераключыцца на фізічную, таму што цела не стамляецца. А вось пасля плавання ўжо нічога не хочацца.
Ці падтрымліваюць на журфаку тваю ініцыятыву?
У Інстытуце журналістыкі створаны ўсе ўмовы для заняткаў спортам. Праходзяць спаборніцтвы сярод факультэтаў БДУ. Мяне падтрымліваюць мае аднакурснікі, і мы разам радуемся заваяваным медалям.
Хто з плыўцоў з’яўляецца тваім кумірам?
Вядома, Аляксандра Герасіменя. Яна займалася са мной у адным спартыўным комплексе. Памятаю, калі я была маленькай, мой трэнер, Валянціна Васільеўна Шлык, спецыяльна прыводзіла нас да басейна ў той час, калі Аляксандра плавала, каб паказаць нам яе тэхніку. Герасіменя была маім кумірам з дзяцінства. Валянціна Васільеўна часта параўноўвала мяне з ёй па манеры плавання і фізічных дадзеных. Аляксандра – валявы чалавек. Яна вартая быць прыкладам для пераймання. Вельмі цяжка за ўвесь час гэта не пакінуць. Я вельмі радуюся яе поспехам і жадаю ёй толькі лепшага! Яна малайчына!
Якія якасці павінны прысутнічаць ў плыўца?
На мой погляд, гэта сабранасць, сіла волі, зацятасць, мэтанакіраванасць. Аднак калі ў чалавека хаця б якой-небудзь з гэтых якасцей няма, то плаванне не адкрые іх. Гэты від спорту дапамагае знайсці сябе, навучыцца кантраляваць свае эмоцыі.
Што б ты параіла плыўцам—пачаткоўцам?
Жыццё спартсмена цяжкае і цікавае, але вера ў сябе дапаможа вам выйсці з вады пераможцам. Ідзіце да сваёй мэты нягледзячы ні на што.
Тваё жыццёваекрэда.
Я лічу, што трэба заўсёды самаўдасканальвацца. Самае галоўнае ў жыцці − не стаяць на месцы.
Дар’я ЦАУНЯ, Марыя ДАРАШКЕВІЧ, 2 курс