«Душа мая і ў небе будзе трызніць Беларуссю…» Ніл Гілевіч

Абитуриент Культура

nil_gilevich

29 сакавіка пайшоў з жыцця апошні народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Для мяне, як алімпіядніцы па беларускай мове і літаратуры і проста чалавека, які глыбока вывучае і паважае беларускую літаратуру, гэта навіна аказалася вельмі сумнай і трагічнай. Гэта адбылося зусім нечакана. Толькі нядаўна мы вывучалі творчасць Ніла Гілевіча ў школе, чыталі, аналізавалі і вучылі на памяць яго лепшыя вершы. Ніяк не ўкладваецца ў галаве, што Беларусь засталася без выдатнага мастака беларускага слова, страціла аднаго з самых таленавітых патрыётаў свайго народа.

Большую частку сваіх твораў аўтар прысвяціў Беларусі, беларусам і мінуламу роднага краю. Вершам “Я –беларус” Ніл Гілевіч на ўвесь свет гаворыць пра тое, што ганарыцца сваёй беларускасцю, нашымі людзьмі і краінай. Словамі “Я родам з племя непакорных і прад бядой не задрыжу!” ён паказвае нашу моц і сваю гатоўнасць абараняць і адстойваць свой родны край.

Усё сваё жыццё Ніл Гілевіч прысвяціў роднай мове. Не толькі пісаў вершы, але і скончыў філалагічны факультэт БДУ, а затым застаўся там працаваць. Неаднойчы чытала, што з вялікім задавальненнем слухалі студэнты яго лекцыі па вуснай народнай творчасці. Гэта яшчэ раз паказвае глыбокую цікаўнасць паэта “філалагічнага пакалення” да духоўнай спадчыны свайго народа, якая стала крыніцай натхнення для сапраўднага мастака слова. Разам з тым Ніл Гілевіч выказваў шчырую занепакоенасць тым, што маладое пакаленне пачынае забывацца на народныя традыцыі. У вершах “Ах, якая над Гайнай купальская ноч!..” і “Святочны, старажытны дух калядны…” паэт заклікае моладзь дакрануцца душой да вытокаў, каб лепей убачыць наступныя дні. Праз гэта адбываецца дыялог паміж пакаленнямі, што вельмі важна для фарміравання асобы сучаснага чалавека.

У сваёй творчасці паэт не мог не закрануць тэмы, якая хвалюе ўсіх і будзе хваляваць заўсёды. Калі пачалася вайна, Нілу Гілевічу споўнілася толькі 10 гадоў. Але яна пакінула свае крывавыя сляды нават у памяці дзяцей. Таму і адносяць Ніла Гілевіча да пісьменнікаў, чыё дзяцінства было апалена вайной. Гэта жудасная падзея не проста засталася ў памяці, але і адыграла вялікую ролю ў фарміраванні светапогляду паэта, яго духоўных каштоўнасцей. Найбольш ярка тэма вайны паказана ў вершы “Ты кажаш, я не ведаю вайны…”:
Застаўшыся з маленства на вайне,
Я аднаго хачу, мая краіна:
Каб гэта скончылася ўсё на мне.
Каб гэта ўсё не стала доляй сына.
У гэтых радках адчуваецца клопат пра будучыню нашай краіны і адначасова гучыць запавет маладому пакаленню.

Гаворачы пра Ніла Гілевіча, я не магу не згадаць яго раман у вершах “Родныя дзеці”, у якім паэт праявіў сваё наватарства і вывеў беларускую літаратуру на новы ўзровень. У гэтым выдатным творы аўтар закранае шматлікія актуальныя праблемы: маральныя ўстоі людзей, адносіны да роднай мовы, мінулае беларускага народа, Вялікая Айчынная вайна і іншыя. Таксама разглядаецца вечнае пытанне: прызначэнне чалавека на зямлі. На маю думку, падагульненнем усіх гэтых праблем, расшыфроўкай назвы твора з’яўляюцца наступныя радкі:
Мы – тройчы дзеці ў вечным крузе.
Мы – дзеці роднае сям’і
І дзеці Маці-Беларусі,
І дзеці Матухны-зямлі.
Трайны ён, круг, ды недзялімы…
Нам усім, хто жыве на зямлі сёння, варта помніць гэтыя словы, каб у наступных пакаленняў было заўтра.

Смерць Ніла Гілевіча – вялікая страта для беларускай літаратуры і культуры. Паэт пакінуў зямлю, але назаўсёды застаўся ў нашых сэрцах. Перадаўшы нам сапраўдны літаратурны скарб, ён пакінуў непадуладны часу адбітак у памяці свайго народа.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *