«Шчасце для ўсіх адно…» Уладзімір Караткевіч

hr-Fc-SqIe4

 

За акном вясна — пара абуджэння ад зімняга сну. Да нас далятае птушыны спеў і шэлест маладых лісточкаў. Па дарозе імчаць машыны, пакідаючы пасля сябе манатонны гул. Мы кожны дзень чуем гэтыя гукі і зусім прывыклі да іх. А яны такія незвычайныя, такія “мірныя”… Імі трэба даражыць. Не заўсёды людзі маглі чуць гэтыя, для нас звыклыя гукі. Быў  час, калі людзі праз акно бачылі зусім іншыя “пейзажы”: не зялёныя кроны дрэў, а  апаленыя і вывернутыя з карэннем ствалы, разбураныя будынкі, языкі полымя, якія знішчалі ўсё на сваім шляху. Людзі чулі не мілагучныя птушыныя спевы, а жудасныя выбухі, кананады грому. Гэты час называўся вайной. Яна пакідае свае сляды на сэрцы Зямлі, на сэрцы людзей, дзеліць іх на “сваіх” і “чужых”. І, каб гэтага падзелу не было, павінна прайсці шмат часу.

Тэма міру ва ўсім свеце, міру паміж людзьмі кранала душы паэтаў, пісьменнікаў. Кожны з іх спрабаваў звярнуцца да яе ў сваіх творах. Уладзімір Караткевіч таксама не абмінуў гэтай тэмы. Мне запаў у душу яго верш “Сплятайце рукі!”. У ім Уладзімір Караткевіч простымі словамі даносіць да народа на першы погляд такую зразумелую, але важную ісціну: “шчасце для ўсіх адно” – мір!

Першы радок верша – заклік: “Браты! Сплятайце рукі!”. Словам “браты” аўтар звяртаецца да ўсіх людзей, тым самым робячы іх роўнымі адзін перад адным. А выраз “Сплятайце рукі!” з вуснаў мастака слова гучыць узнёсла і набывае іншы, больш значны сэнс.

У пачатку верша аўтар спалучае зусім супрацьлеглыя паняцці: дрэннае і добрае, гора і радасць, смерць і жыццё.

Нас нарадзілі ў свет
Не для выбухаў, не для мукі,
Не для слёз дзяўчат і кабет,
Не на тое, каб мёртвым упасці,
Не на тое, каб згнісці ў зямлі…

У гэтым урыўку Уладзімір Караткевіч распавядае чытачу аб выніках вайны, якія прынеслі гора і бяду. Эмацыянальнае напружанне, з якім я чытала гэтыя радкі, змяняецца пачуццём лёгкасці  і ўзнёсласці, калі далей я знайшла адказ на пытанне: для чаго мы нарадзіліся на свет?

А на тое, каб песню і шчасце
Мы нагбом на зямлі пілі.
Каб кахалі, каб вершы пісалі,
Каб ірвалі верас і дрок,
Каб цудоўныя вежы складалі,
Што да сонца імкнуцца праз змрок.

З дапамогай такога супрацьпастаўлення аўтар выклікаў у мяне шматгранную гаму пачуццяў і эмоцый.

У творы Уладзімір Караткевіч выступае грамадзянінам свету. З пазіцыі хрысціянскай маралі ён гатовы аб’яднаць усіх, нагадваючы гэтым міф пра Вавілонскую вежу, на якім грунтуецца другая частка верша:

Вежы светлыя! Вежы любові!
Кожны камень няхай пакладзе.
Не павінны змяшацца мовы,
Як калісьці, у добрых людзей!

У міфе расказваецца, што будаўнікі перасталі разумець адзін аднаго праз тое, што “мовы змяшаліся”  У вершы міф пададзены абстрактна. Замест Вавілонскай вежы тут “Вежы светлыя! Вежы любові!”. Вежы міру! Аўтар праводзіць паралель: Вавілонская вежа разбурылася праз непаразуменне паміж людзьмі. Так і “вежы жыцця”: калі людзі не будуць разумець адзін аднаго, сябраваць, то наша жыццё будзе падобна да руінаў.

У вершы аўтарам задаюцца пытанні, адказ на якія ўжо вядомы ўсім:

Хто сказаў, што патрэбныя слёзы?
Хто сказаў, што розны наш лёс,
І таму, што насы ў нас розныя,
Ты павінен разбіць мне нос?

Яны падштурхнулі мяне да глыбокіх разважанняў на гэту тэму. Прачытаўшы пытанне “І таму, што насы ў нас розныя, ты павінен разбіць мне нос?”, я зразумела наколькі недарэчнымі бываюць нашы ўчынкі, якія часта прыводзяць дасумныхвынікаў.

Хай ён нюхае лепей кветкі
Ці каханай сваёй валасы.
Месца хопіць для ўсіх на палетках,
І на ўсіх хопіць весняй красы.

Гэтымі словамі Уладзімір Караткевіч хацеў сказаць, што замест таго, каб атрымліваць асалоду, любавацца прыгажосцю, мы трацім час на непатрэбныя і дробязныя спрэчкі і звадкі.

Дачытаўшы верш да канца, я зразумела: асноўнай думкай, якую хацеў данесці да нас Уладзімір Караткевіч з’яўляецца апошні радок: “Шчасце для ўсіх адно”. Але, на жаль, не ўсе хочуць разумець гэту думку і сёння. Здаецца, перажыўшы столькі няшчасця і гора, людзі павінны цаніць жыццё. Але папярэдні вопыт не спыняе сучаснага чалавека на дарозе да вялікіх памылак.

Кожны радок  верша – гэта шчырыя словы аўтара, якія ідуць ад сэрца. Уладзімір Караткевіч падбірае простыя, зразумелыя выразы, якія ўздзейнічаюць значна мацней, чым загады і заклікі, бо шчырае слова можа зрабіць вялікі цуд – растапіць нават ачарсцвелую душу.

 

 

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *