«СМІ ў Беларусі» вачыма абітурыента

Што раіць “МВ-радыё” сваім слухачам? Дзе збіраюцца ўсе абітурыенты Інстытута журналістыкі БДУ? Калі спявачка індыйскіх песен паспела палюбіць нашу публіку?
На гэтыя пытанні я знайшла адказы на дваццатай міжнароднай выставе “СМІ ў Беларусі”. Добра, калі вы своечасова паспелі яе наведаць, бо цягнулася яна ўсяго чатыры дні (з 11 па 14 мая). Калі ж не атрымалася, прапаную здзейсніць віртуальную вандроўку разам са мной.
“— І гэта ўсё бясплатна?”
Мая лепшая сяброўка ніякага дачынення да журналістыкі не мае: пра журфак не марыць, часопісы не выпісвае. Ёй бліжэй тэхнічная сфера. Але нягледзячы на гэта, яна з радасцю пайшла са мной на выставу і засталася задаволена. Увесь час Іра дзівілася таму, што шарыкі, сцяжкі ды газеты, прадстаўленыя там, абсалютна бясплатна можна забіраць з сабой. Відаць, не прывыклі нашы людзі да такога.
Бірулька і ручка ў падарунак
Прыкмеціўшы прыгожы матацыкл з сімволікай “Мінск TV”, мы вырашылі неадкладна сфатаграфавацца з ім, каб захаваць гэты момант. Напрыканцы “фотасесіі”, прадстаўнікі тэлеканала прапанавалі паўдзельнічаць у апытанцы. Пытанні былі не цяжкімі, і мы з лёгкасцю з імі справіліся. У падарунак я атрымала ручку і бірульку. Дробязь, але прыемна:)
Няёмка перад хлопцам…
Цудоўны настрой суправаджаў нас на працягу ўсяго дня: утульная атмасфера, смачная кава, премная кампанія побач. Спрыялі такому становішчу і студэнты БДУКІ, якія выклікалі ў людзей пазітыўныя эмоцыі сваімі галасамі. Спадарства спявала беларускія песні, апрануўшыся ў народныя касцюмы. Падчас чарговага выступлення хлопец з калектыва запрасіў нас танцаваць. Але мы былі вымушаны адмовіцца, бо рукі ў нас былі занятыя ўсемагчымымі сувенірамі. І зараз няёмка перад хлопцам.
Журналістыка збліжае людзей
Я вельмі ўзрадавалася, калі сустрэла Таццяну Ўладзіміраўну Сіліну-Ясінскую, маю выкладчыцу. Яна прапанавала ўзяць памяткі наконт паступлення і ў чарговы раз упэўніла мяне ў тым, што спецыяльнасць “журналістыка (друкаваныя СМІ)” — класіка, якая ніколі не згубіць сваю актуальнасць. Але мяне чакала яшчэ адна прыемная сустрэча: менавіта на выставе мы ўбачыліся з сяброўкай, з якой не мелі зносін ужо гады два. Аказваецца, сёння яна такая ж абітурыентка журфака. Заўсёды ведала, што журналістыка збліжае людзей.
Вось такія ўспаміны і засталіся ў мяне пасля гэтай выставы: толькі добрыя моманты, толькі яскравыя фарбы. Спадзяюся, што ў наступным годзе я траплю туды ўжо ў статусе першакурсніцы. Усім паступаючым жадаю таго ж. Мы ўсё здолеем, бо мы разам!
P.S “МВ-радыё” праводзіла майстар-клас, як з нічога зрабіць шыкоўную вопратку, спявачка аказалася адзінай у Беларусі выканаўцай індыйскіх песен, а пра абітурыентаў журфака вы ўсё і так зразумелі.
04PATSte--U

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *