Дзе знайсці цуд?

Дарослым чамусьці важна, каб дзеці верылі ў Дзеда Мароза ці Зубную Фею, яны прывучаюць сваіх “кветачак” да казак, варта толькі чалавечыку нарадзіцца… Мабыць, гэта таму, што у нас закладзена распаўсюджваць чароўнае? Мабыць, гэта надзея на тое, што ў нашчадкаў атрымаецца ператварыць казку ў жыццё?

mtcud Альберт Эйнштэйн казаў, што “ёсць два спосабы жыць на гэтым свеце. Першы – так, быццам ніякіх цудаў не бывае. Другі – так, нібы ўсё з’яўляецца цудам”.

 Здаецца, я заўсёды выбірала другое. Памятаю, як у дзяцінстве зайздросціла старэйшым, што яны ўмеюць пісаць і чытаць, працуюць з задавальненнем, разумеюць важнасць навін і ведаюць адказы на любое маё пытанне. Без перабольшанняў, гэта сапраўды вельмі здзіўляла. Якое ж было шчасце, калі прачыталася маё першае слова!.. Ведала, што менавіта тады першы крок да таго, каб стаць адной з іх, чараўнікоў-дарослых, быў зроблены.

 З дапамогай вопытных настаўнікаў, бацькоў, дзякуючы асабістай цікаўнасці, Інтэрнэту, кнігам, я ўсё больш пазнаю навакольны свет і мацней пераконваюся, што, колькі б ні жыў на гэтай планеце чалавек, з ім заўсёды будзе суседнічаць цуд. Дакладна заўсёды, таму што мы, звычайныя людзі, самі ствараем яго, нібыта чарадзеі.

 Як гэта магчыма?

Зірніце ў акно. Мабыць, вы ўбачыце шматпавярховы будынак, у пакоях якога з лёгкасцю дзесьці паяўляецца, а дзе знікае святло; ці машыны, што вязуць сваіх гаспадароў, куды тыя накіруць; ці цягнік, які едзе з такой хуткасцю, што ледзьве магчыма палічыць вагоны; ці падлеткаў, якія спрабуюць адтачыць майстэрства катання на скейтбордзе, ровары ці ролікавых каньках… Мабыць, заўважыце, як нехта з асалодай слухае сваю любімую песню на маленькім плэеры-прышчэпцы або размаўляе на вуліцы па тэлефоне… А што гэта за гук? Хтосьці хоча з вамі пазнаёміцца ў vk? Наўрад ці гэта было магчыма ўбачыць на планеце, напрыклад, ХХ стагоддзя.

Безумоўна, свет вельмі хутка мяняецца, чалавецтва развіваецца, і чым далей, тым цікавей! Сёння мы нават жывем даўжэй. І гэта не праз чароўны філасофскі камень, жывую ваду альбо эліксір вечнай маладосці, што спрабавалі вынайсці розумы мінуласці, а праз сучасныя лекі, веды і адкрыцці ў галіне медыцыны, гэта ўсё кемлівыя і ўмелыя ўрачы, якія, дарэчы, таксама людзі.

Чалавек існуе, знаходзіць сябе ў вялікім свеце, паляпшае сваё жыццё – гэта цуд, і ён заўсёды будзе побач.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *