Чаму менавiта журналiстыка?

kep2noszfu58

Як хораша на свеце жыць таму, хто мае мару.

Аляксей Зарыцкi

Згадзiцеся, кожны чалавек мае жаданнi, iмкнецца да нечага, марыць… Напэўна, жаданнi адрознiваюцца ад сапраўднай мары тым, што узнiкаюць амаль штодзень, iх лягчэй задаволiць, але ж i асалода ад iх меншая. Мара з’яўляецца нечым большым. Гэта як планка ў скоках у вышыню: чым вышэй яна ўзнята i ты яе пераадолеў, тым больш ты задаволены.

Сучасная моладзь таксама марыць. Але ж нашы iмкненнi значна адрознiваюцца нават ад тых, што былi ў бацькоў колькi год таму. Сёння амаль што ўсе падлеткi маюць адну вялiкую мару – знайсцi менавiта свой прафесiйны шлях у гэтым свеце i не памылiцца з выбарам. Дзецi пакiдаюць перыяд ружовых акуляраў пад назвай «Хачу быць касманаўтам» за плячыма дзесьцi ў дзiцячым садку i па-даросламу сур’ёзна ставяцца да пытання: «Кiм я хачу быць, калi вырасту?» Так, пакуль сяброўкi марылi стаць настаўнiцамi ды ўрачамi, я не ставiла сабе задачу абраць штосьцi канкрэтнае, але вырашыла, што хачу размаўляць з людзьмi, хачу дзялiцца з iмi сваiмi ўражаннямi, уздзейнiчаць на iх думкi i эмоцыi. А як гэта зрабiць я даведалася крыху пазней…

Гэта быў цёплы восеньскi вечар, я перагортвала старонкi кнiг у хатняй бiблiятэцы, калi выпадкова на вочы мне папаўся чарговы нумар гарадской газеты «Вiцьбiчы». Памятаю, так зацiкавiлася iм, што перачытала некалькi разоў. Менавiта тады я зразумела, што знайшла прафесiю, аб якой так доўга марыла, iвырашыла, што хачу быць журналiстам. На наступны дзень я патэлефанавала ў рэдакцыю, спадзеючыся, што мне дазволяць паспрабаваць сябе ў ролi сапраўднай акулы пяра. З таго самага часу вiцьбiчаўскiя дзверы расчынiлiся для яшчэ аднаго карэспандэнта.

Калi я першы раз зайшла ў рэдакцыю, то адразу ж атрымала заданне: напiсаць пра адкрыццё выставы, якая была прысвечана ўспамiнам людзей, прайшоўшых праз вайну. Шчыра кажучы, гэта была цяжкая задача. Не, не з-за таго, што гэта было ўпершыню, i у мяне зусiм не было вопыту. Цяжка было ў маральным плане, бо я жадала напiсаць так, каб чытач здолеў адчуць, што было на шляху дзяцей пакалення бязбацькавiчаў. А каб гэта зрабiць, трэба было перажыць усё самой. Таму я перачытала амаль што ўсе дзённiкi i лiсты з успамiнамi верэранаў. Гэта было жудасна, але ж гэта наша мiнулае, наша гiсторыя, дзе чалавек штохвiлiну ператвараўся ў нумар без iмя i прозвiшча. Пад уражаннем я ў той жа дзень напiсала матэрыял i адправiла ў рэдакцыю. Праз некалькi гадзiн мне патэлефанавалi з Вiцьбiчаў” i запрасiлi зайсцi. У той момант сказаць, што я хвалявалася – нiчога не сказаць. Можа, не спадабалася? Можа, дрэнна напiсала? Можа, не здолела данесцi сваю думку да чытача? Гэтыя пытаннi так i стаялi ў галаве. Але ж калi я ўбачыла вочы галоўнага рэдактара, якiя ўсмiхалiся цёплымi праменьчыкамi, то зразумела, што ўсё добра. Так яно i было. Аказалася, што гэтае заданне яна мне дала невыпадкова – жадала паглядзець, цi здолею я справiцца з цяжкай працай. I я здолела! Кожны, хто чытаў маю нататку, быццам сам перажываў тыя жудасныя хвiлiны. Некаторыя нават плакалi, а гэта было для мяне самай вялiкай узнагародай, бо я выклiкала ў чалавека эмоцыi. Тады я зразумела, што ўвесь сакрэт сапраўднага журналiста ў тым, каб заўсёды заставацца Чалавекам. Калi ты хочаш, каб людзi навокал хоць крышку падабрэлi цi заўсмiхалiся, ты павiнен пiсаць з чыстым лёгкiм сэрцам, павiнен быць высокамаральным i адкрытым да кожнага. Тады i толькi тады ты здолееш штосьцi закрануць у iншых, бо ўсе мы яшчэ з урокаў хiмii ў школе добра ведаем, што падобнае раствараецца ў падобным. А людзi ж i ёсць тыя самыя малекулы, што бесперапынна ўплываюць адзiн на аднаго, i тое, якi гэта будзе уплыў, якую iнфармацыю мы перададзiм суседу, залежыць толькi ад нас. Гэта вялiкая адказнасць, якая для журналiста павялiчваецца ў некалькi разоў.

Паглыбiўшыся ў свет пастаяннага руху, навiн i падзей, я зразумела, што, нягледзячы на сваю цяжкасць, праца карэспандэнта – гэта менавiта тое, да чаго я iмкнулася ўсё жыццё, тое аб чым марыла. Сёння я хачу паступiць ва ўнiверсiтэт журналiстыкi, каб праз некалькi год стаць сапраўдным прафесiяналам у гэтай галiне. Стаць чалавекам, якога лёгка пазнаць па нататнiку ды амаль што сточанаму алоўку ў руцэ, мiкрафону ды фотаапарату, чалавекам з неверагоднай фантазiяй, якая можа адправіць чытача далёка за межы сусвету i любую банальную навіну ператварыць у нешта цiкавае i незабыўнае. Я вельмi хачу стцаць чалавекам, якi можа ўбачыць тое, што ніхто ніколі нават не заўважыць. Мару стаць такім журналістам, якi патрэбны свайму чытачу.

Можа, гэта ўсё навыдуманае, але ж каму было лёгка ў дасягненнi сваёй мары? На тое яна i ёсць мара, каб быць крыху недасяжнай… Але ж ведаеце, сёння я зрабiла яшчэ адзiн маленькi крок наперад, каб дакрануцца да яе.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *