Чвэрць века – толькi пачатак, цi святкаванне 25-годдзя газеты, з якой пачалося маё журналiсцкае жыццё

Абитуриент Культура Новости Разное

Logo_Vitbichi1

Мабыць, аддаючы данiну памяцi беларускаму фальклору ў Год культуры, трэба было распачаць размову са слоў накшталт «даўным-даўно ў адным чароўным мястэчку, што раскiнулася на квiтнеючым беразе хуткаплыннай васiльковай ракi…», але ж не, наша гiсторыя бярэ свой пачатак амаль што з самага нараджэння вясны 25 гадоў таму, кажучы крыху дакладней, 2 сакавiка 1991 года. Менавiта ў гэты дзень свет пабачыў першы выпуск новай гарадской газеты «Вiцьбiчы». Гэтая навiна зрабiла самы натуральны фурор у культурным жыцці горада і ўсёй Беларусi. Вiцябчане так зацiкавiлiся знаходкай у газетных кiёсках, што за гады iснавання «Вiцьбiчаў» iх тыраж павялiчыўся больш як у 24 разы! I гэта толькi пачатак.

З-за таго, што газета багата на актыўных, дапытлiвых i кемлiвых супрацоўнiкаў, заўсёды адкрыта да дыялогу са сваiмi чытачамi, у рэдакцыi штодня булькоча ручай ідэй і арыгінальных задум, нараджаючы ўсё новыя i новыя рубрыкi. Прыемна, што «Вiцьбiчы» неабыякавыя да iнтарэсаў сваёй чытацкай аўдыторыi. Кожны знойдзе ў газеце што-небудзь на свой густ: урачы з цiкавасцю прачытаюць раздзелы «Гіпакрат», «Экалагічны веснік», дачнікi — «Крынічка» цi «Вусаты-паласаты», а моладзь згубiць лiк часу, знаёмячыся з рубрыкамі «Залiкоўка», «Сямейны савет». Дарэчы, некалькi гадоў таму, калi я, перабiраючы кнiгi ў хатняй бiблiятэцы, выпадкова знайшла вiцьбiчаўскi артыкул у раздзеле «Дзеля цябе», адразу забылася пра справы i, паглыбiўшыся ў свет моладзевага руху, перачытала ўвесь нумар некалькiразоў. Гэта i быў той самы момант, калi я вырашыла, што хачу пiсаць такiя ж самыя нататкi, удзельнiчаць ў розных гарадскiх мерапрыемствах, даведвацца пра навiны жыцця Вiцебска раней за астатнiх i потым асвячаць падзеі для ўсiх жыхароў, цi, iншымi словамi, — стаць журналiстам. Мне вельмi пашчасцiла, i сёння я з’яўляюся пазаштатным аўтарам у «Вiцьбiчах», працую тым, кiм некалькакi гадоў таму толькi марыла стаць. З-за таго, што рэдакцыя газеты мае практыку працаваць з маладымі журналiстамi, дзяліцца вопытам, даваць iм магчымасць паспрабаваць сябе ў ролi сапраўднага супрацоўнiка «Вiцьбiчаў», моладзь адчувае ўпэўненасць ва ўласных магчымасцях i ў верным выбыры будучай прафесii.

Праца ў «Вiцьбiчах» дала мне не толькi шмат ведаў па хвалюючай мяне сёння праблеме выбару прафесійнага шляху, але i навучыла адказнасцi, арганізаванасці, выхавала густ, дала ўпэўненасць ва ўласных здольнасцях. Таму я магу толькi быць удзячнай свайму Вiцебску за падарунак, што ён мне даў, за неацэннага настаўнiка – маю газету.

Спадзяюся, што любімыя «Вiцьбiчы» пабачаць яшчэ не адну гiсторыю,якая будзе нагадваць маю, i іх дваццацiпяцiгоддзе паўторыцца яшчэ многа разоў, улiваючыся ў плынь вечнасцi, што васiльковай стужкай абаўе родны горад. Чвэрць века – гэта толькi пачатак!



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *