Віцебск – мой маленькі Парыж

chagall

Беларуская зямля багатая на таленты, яна мае сваю гісторыю, людзей, што склалі яе славу, свае запамінальныя мясціны. Памяць пра ўсё гэта захоўваюць не толькі музеі, але і сама атмасфера города ці мястэчка, пабудовы, пейзаж…
Мой родны горад таксама мае сваю гісторыю, і яго ведаюць у свеце ў першую чаргу дзякуючы работам Марка Шагала. Вы, напэўна, здагадаліся, што я родам з Віцебска. Менавiта яго выявы ёсць на многіх карцінах Шагала. А.Ахматава пісала, што «Шагал ужо прывёз у Парыж свой чароўны Віцебск», але не толькі ў Парыж. Вядома, што віцебскія матывы прысутнічаюць у саборах Майнца, універсітэтах Ніцы і Іерусаліма, на плафоне парыжскай Гранд-Апера.
Зараз я хачу правесці вас дарогамі Марка Шагала па сваім родным горадзе i прапаную вам завочную экскурсію па музеі пад адкрытым небам, якую назвала «Дарогамі Марка Шагала, ці Віцебск – мой маленькі Парыж».
«Мілая» краіна пачыналася для маленькага Марка з вуліцы Пакроўскай. Тут ён нарадзіўся, тут вучыўся і тут упершыню закахаўся. «У мяне няма ніводнай карціны, на якой вы не ўбачыце фрагмента маёй Пакроўскай вуліцы», – казаў мастак у адным з інтэрв’ю.
У 1992 г. у дзень нараджэння майстра адкрыты помнік М. Шагалу. Прыгледзьцеся да гэтай постаці… Стомлены, немалады ўжо мастак прысеў у крэсла, у задумлівасці паднёс руку да твару. Тут, на Пакроўскай, знаходзіцца Дом-музей Шагала. На ўнутраным дворыку збіральны вобраз – «скрыпка Шагала» – інструмент, на якім іграе душа ў хвіліны смутку і радасці, струны якой – гэта ніці ўспамінаў.
Яшчэ адно месца, якое я хачу, каб вы ўбычылi, – мост цераз Дзвіну, па якім бегла закаханая Бэла да свайго Марка. Яна пісала: «Наш мост – рай для нас! З няўтульных кватэр з нізкай столлю мы збягаем на мост, каб кінуць пагляд у неба…» Даўно ўжо няма ні Бэлы, ні Марка, а Дзвіна і Віцьба павольна нясуць свае воды ў вечнасць. Дзесьці тут, за ракой, закончалася юнацтва Шагала, як заканчваецца i наша завочная экскурсiя.
Прыязджайце ў Вiцебск, заходзьце ў музей Марка Шагала і знаёмцеся з творчасцю славутага мастака. Першае, што вы павінны ўбачыць, калi наведаеце мой родны горад, – гэта васількі, бо менавіта гэтыя кветкі, што ўспрымаюцца намі як сімвал Беларусі, былі любімымі ў Марка Захаравiча. Шагала называюць «чараўніком васільковага горада». І наш васілёк, размешчаны на былым Сінім доме, на слупах плошчы Перамогі, – гэта не толькі сімвал “Славянскага базара”, гэта яшчэ і васілёк Шагала, i Багдановічаў васілёк, і васілёк у вянку купалінкі, і васілёк на гербе Беларусі. Гэта сімвал нашай сiнявокай краіны, і сімвал нашага горада ва ўяўленні яго славутага сына.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *