Прыгажосць чалавечай душы ў люстэрку вечнасцi

u_5eea95dad38af90910f77b1c0d8546a8_800

О, боязь за другога чалавека!..
Адна ты робiш чалавека з нас.
Н. Мацяш

       «Аказваецца, электралямпачка, яе ніць, у адну секунду пяцьдзесят разоў патухае і ўспыхвае, патухае і ўспыхвае. Чалавечае вока па сваёй фізічнай прыродзе не здольна ўлавіць, зафіксаваць гэтыя рытмічныя чаргаванні святла і цемры, і нам здаецца, што электралямпачка гарыць роўным спакойным святлом. Нешта падобнае можна заўважыць і ў гісторыі. Імгненні, чалавечыя жыцці зліваюцца ў вечнасць, у адну суцэльную плынь», — такую нечаканую фізіка-гістарычную паралель правёў Леанід Дайнека. I гэта праўда, бо людзі — гэта ўсяго толькі кропкі на плоскасці вечнасці. Яны падобныя адзін на аднаго, ходзяць па зямлі як аднолькавыя шэрыя цені, паўтараючы амаль адны i тыя ж памылкi на конжным вiтку гiсторыi. Час iдзе, а нiчога не мяняецца… Хаця не, хлушу, змянiлася толькi тое, што чым шпарчэй прагрэс iмкнецца напрад, тым хутчэй людзi забываюцца пра самыя асноўныя, галоўныя рэчы, становяцца больш жорскiмi, нават не заўважаючы гэтага. Прыгажосць чалавечай душы, бадай, тое, чым ратуецца свет, гасне на вачах. А гэта ж менавiта яна мае вялікую сілу, якая здольна мяняць наваколле. Дабрыня заўсёды прываблівала людзей, палоніла іх. Яе хвалі ахопліваюць чалавека, робяць яго больш светлым і выцесняюць дрэнныя эмоцыі.
Свет людзей – гэта як Сонечная сiстэма. Вакол адных круцяцца другiя, але ў кожнага ёсць свая арбiта. Чалавечыя зносiны былi, я лiчу, i застануцца назаўсёды самымi цяжкiмi для разумення з’явамi. Ён, чалавек, не можа жыць асобна ад iншых, бо гэта тады будзе не жыццё, а iснаванне, якое заключана толькi ў жывёльных iнстынктах. Без крокаў наперад, без самаўдасканальвання… Згадзiцеся, гэта вельмi сумна. Балюча робiцца нават не ад таго, што чалавеку пагражае дэградацыя ў такiх умовах, а ад таго, што чалавечыя зносiны маюць настолькi вялiкi ўплыў на кожную адзiнку грамадства. Як казаў У. Някляеў: «Адна ў людзей надзея: на людзей». А чалавек, на вялiкi жаль, у сённяшнiм хуткiм жыццёвым русе, дзе машыны i людзi штодзень кудысьцi спяшаюцца, бягуць, ператварыўшыся ў адзiн вялiзны камок шуму i мiтуснi, не заўважаюць нават уласных думак i пачуццяў, што ўжо казаць пра турботы навакольцаў. Аднак простых, самых асноўных чалавечых маральных патрабаванняў яшчэ нiхто не адмяняў. Успамiнаецца ўрывак з верша С. Грахоўскага «Чалавеку патрэбна не слава»:
Чалавеку парэбна не слава,
А людская павага i ласка,
I сардэчнае, шчырае слова,
I вясёлая добрая казка.
Адразу ж разумееш, што, нягледзячы на ўсе выслоўi, напрыклад, «Чалавек – гападар прыроды», цi нешта падобнае, ён па сваёй сутнасцi безабаронная iстота, падобная на нейкую раслiну, якой таксама, як i чалавеку, патрэбна ахова, любоў, дабрыня. Чуласць людзей адзiн да аднаго, спагада i шчырасць — вось камянi, на якiх будуецца светлы заўтрашнi дзень. А тое, цi будзе будучыня грамадства пафарабана ў яркiя колеры, залежыць толькi ад нас самiх.
На вялiкi жаль, сёння амаль што ўсе высокiя маральныя якасцi адышлi на другi план, цяпер лiчыцца смешным, калi чалавек шчыры, добры, калi ён глядзiць на свет вакол сябе як Мульцiк з п’есы А. Дударава «Вечар». Такога грамадзянiна лiчуць коласаўскiм «Сымонам-музыкам», з яго здзекуюцца, яго ганьбяць. «Белая варона» — кажуць пра тых, хто «не умее жыць». А што значыць «не умее»? Проста гэты чалавек абраў для сябе iншы шлях, не пайшоў па пратаптаных сцежках, ён трымае сябе крыху iнакш, чым большая частка грамадства, таму i вылучаецца сярод натоўпу. Але хто сказаў, што гэта непадобнасць да астатнiх дрэнная? Можа, менавiта такi чалавек сваiм прыкладам здолее штосьцi закрануць у людскiх сэрцах, здзьмуе шэрань з замёрзлай чалавечай душы i паднiмiць на паверхню тое, што людзi так старанна спрабуць схаваць, — свой уласны космас пачуццяў. Такі блізкі, здаецца, працягні руку, — і дакранешся да вострага сярпа месяца. Нягледзячы на ўсе законы астраноміі, ён заўсёды побач… Ён ўнутры… Толькі патрэбна захаваць гэты маленькі таямнiчы свет, даць магчымасць сваiм зоркам зіхацець. Спадзяюся, што ўсё ж такi ў хуткiм часе маральныя чалавечыя вагi зраўняюцца – i дабрыня, як не смешна гэта казаць, зноў стане актуальнай. Толькi тады чалавецтва здолее выжыць i будзе мець упэўненасць у заўтрашнiм днi.
Нельга забываць, што чалавек перш-наперш з’ява складаная, непрадказальная. Адразу ж успамiнаюцца словы К. Чорнага: «Чалавек – гэта цэлы свет». А ў грамадстве мы ўсе як маленькiя планеты, якiя штодзень сустракаюцца, размаўляюць, маюць свае сакрэты, думкi. Мы быццам звязаны адной нiкому нябачнай нiткай, якая нiколi не павiнна перервацца, бо, калi знiкне яна – знiкне i сувязь памiж людзьмi, знiкне грамадства, знiкне i будучыня.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *