Усе ведаюць імёны Шэкспіра, Гётэ, Сервантэса, Пушкіна, Талстога. Гэта сусветная класіка, скажаце вы, як жа іх не ведаць! Безумоўна, гэта так. Але ж паразважаем, што такое класіка. Згадзіцеся, з гэтым паняццем павінен быць знаёмы кожны адукаваны чалавек.
Класіка — гэта творы мастацкай літаратуры,якія ўвайшлі ў яе гісторыю як найлепшыя па змесце і форме, з’яўляюцца ўзорам высокай мастацкасці.
Паняцце класіка ўжываецца ў дачыненні да сусветнай і нацыянальнай літаратуры. Напэўна, у той рад, з якога я пачынала, трэба ўключыць імя В. Быкава, бо, па дадзеных ЮНЕСКА, у 1970-1980 гг. ён быў адным з самых чытаемых пісьменнікаў у свеце. А таксама Р. Барадуліна, чый зборнік “Ксты” быў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі, ды і многія іншыя нашы пісьменнікі вартыя гэтага звання. Успомніць хаця б В. Карамазава, якога, напэўна, лепш ведаюць у Расіі, чым у нас, бо яго творы адразу ж пасля напісання перакладаюцца на рускую мову, друкуюцца там, а у нас набыць іх цяжка. Цэняць яго, бо тое, што піша Карамазаў, не выветрываецца з галавы.
Кажучы пра нацыянальную класіку, канечне ж трэба называць імёны Купалы, Коласа, Багдановіча, Чорнага,Куляшова,Танка, Караткевіча, Быкава, Мележа, Брыля,Барадуліна, Гілевіча, бо яны стварылі нашу нацыянальную літаратуру, высокамастацкую, шчырую, заснаваную на глыбокім веданні народнага жыцця, традыцый. Гэта літаратура сапраўдная, беларуская. А пачалося ўсё, напэўна, з 1863 года. Іменна пасля паўстання К. Каліноўскага за волю прыйшлі ў літаратуру Дунін-Марцінкевіч і Багушэвіч з яго славутым “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”. Дуніну-Марцінкевічу наша культура абавязана яшчэ і пачаткам опернага мастацтва. Гэта нашы класікі 19 стагоддзя.
А потым было пытанне аб праве беларусаў “людзьмі звацца”, размаўляць і пісаць на сваёй мове, у выніку чаго беларуская літаратура падаравала свету “нашаніўскае адраджэнне”, творчасць Купалы, Коласа, Багдановіча, Гарэцкага… Парасткі, якія зарадзіліся на пачатку ХХ стагоддзя ў Вільні і Пецярбургу, далі свае ідэйныя ўсходы: і Янка Купала, і Якуб Колас былі пры жыцці кананізаваныя як нацыянальныя класікі (Купала ў першую чаргу за ўдумлівую, высокамастацкую лірыку. Хто не ведае яго “Спадчыны”, “А хто там ідзе? І за драматургію (“Паўлінка”, “Тутэйшыя”), Колас — за энцыклапедыю сялянскага жыцця “Новую зямлю”, трылогію “На ростанях”).
На хвалі рэвалюцыйнага запалу з’явіліся новыя, маладыя імёны таленавітых аўтараў. Паэты Уладзімір Жылка, Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, крытык Адам Бабарэка, празаікі Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі і Андрэй Мрый сталі надзеяй гэтай новай літаратуры. Але не многім удалося выжыць у тыя складаныя часы. Засталіся ў літаратуры з таго пакалення Максім Танк , І. Брыль, Аркадзь Куляшоў. Праз дзесяцігоддзі пасля Вялікай Айчыннай вайны з’явілася неабходнасць расказаць пра яе не ў гераічна-пафасным стылі, а паказаць яе як найвялікшую сусветную трагедыю – так у савецкай мастацкай прасторы з’явілася “лейтэнанцкае пакаленне”, а ў беларускую літаратуру прыйшоў Васіль Быкаў. З новым пакаленнем прыйшлі Іван Мележ і Міхась Стральцоў, Ніл Гілевіч і Рыгор Барадулін. Няўвага да свайго мінулага і сваіх каранёў сфарміравала ў беларускім пасляваенным грамадстве нацыянальны нігілізм. Такі дыягназ яшчэ ў “Лістках календара” канстатаваў Максім Танк, які зазначыў, што беларуская літаратура зачакалася свайго Вальтэра Скота. Неўзабаве ў літаратурнай прасторы з’явіўся Уладзімір Караткевіч з яго бессмяротнымі гістарычнымі творамі. Класічную літаратуру якраз і адрознівае тое, што яна цікавая ва ўсе часы і любому пакаленню.