Гасцiнны народ сiнявокай зямлi

belarus

Беларусаў ведаюць у свеце як добрых працаўнікоў, адказных і сумленных, як мужны народ, які прыняў на сябе першы агонь Вялікай Айчыннай вайны, краіну партызан, а яшчэ як краіну шчырых і дбайных гаспадароў, якія заўсёды рады гасцям. Зараз у нашай краiне рэалізуецца шмат турыстычных праектаў. Тэлебачанне асвячае турыстычныя маршруты і паказвае іх удзельнікам-іншаземцам, якія прыязджаюць да нас і адкрываюць для сябе прыгожую, гасцінную, ветлівую краіну, якой ёсць што паказаць.
Мы самі, беларусы, любім падарожнічаць па родным краі. Улетку — адпачываць на Браслаўскіх азёрах і Нарачы, захапляцца веліччу архітэктуры Мірскага і Нясвіжскага замкаў, прыгажосцю Камянецкай вежы, Каложскай і Спаса-Еўфрасіннеўскай царквы – сведкаў нашай слаўнай гісторыі. Зімой любім катацца на лыжах у Сілічах і Раўбічах, запрашаем далучыцца нашых сяброў з іншых краін.
У інтэрнэце можна пазнаёміцца з архітэктурнымі і культурнымі помнікамі нашай краіны, дарогамі, гатэлямі, мясцовай валютай, кухняй, а пра гасціннасць беларусаў усе ведаюць і без мiжнароднай сеткi. Менавіта таму рознымі гасцінцамі да нас едуць турысты з замежных краін. І ад таго, як сёння мы прымаем гасцей, таксама залежыць імідж Беларусі. І так хочацца, каб наша сінявокая краiна працягвала заставацца самай гасціннай краінай у свеце, каб ва ўсіх нас станавілася больш званых гасцей, каб больш гасцей запрашалася на рознага кшталту ўрачыстасці, сямейныя ды вытворчыя.
У адным са сваіх інтэрв’ю В. Арэшка пра гасціннасць беларусаў выказваўся так: «Пра надзвычайную гасціннасць шляхты і магнатэрыі згадваюць замежныя падарожнікі, гэтаму прысвечаныя і шматлікія старонкі ў дзённіках і мемуарах нашых суайчыннікаў. Напрыклад, Ян Ахоцкі распавядае, што як толькі заўважана было набліжэнне да дому госця: «…Усё, што было жывога ў доме зрушвалася …Госця належала чакаць на парозе і ўрачыста праводзіць да гасцёўні. Не адбывалася гэта без кампліментаў, без цырымоній перад дзвярыма, на парозе ды, як займалі месца, сядаючы»». А вось, напрыклад радкi з верша Ніны Аксёнчык «Беларуская гасціннасць»:
Недарэмна вёска наша цэніцца:
Шчырасцю – гасцінны беларус.
На парозе толькі госць павернецца –
Ільняны разгортваем абрус…
Каб не здрадзіць бацькаўскаму следу,
Беларусь у сэрцы берагчы,
Па гасціннасць я у вёску еду –
Хата зоркай свеціць мне ўначы.
Так, беларусы любяць і ўмеюць прымаць гасцей. У нас выпрацавана многавекавая традыцыя гасціннасці. Многія госці ўжо наведалі нашу цудоўную краіну, многіх мы прымалi на чэмпіянаце свету па хакеі ў маі 2014 года, астатніх чакаем зараз і заўсёды, бо так вучылі нашы продкі-пакідаць у незачыненай хаце хлеб-соль, мёд для раптоўных гасцей, даваць прытулак падарожным, слухаць іх расповеды, як герой Яна Баршчэўскага, і расказваць свае гісторыі, знаёміць з нашай шчодрай і гасціннай Беларуссю.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *