Кнігі ў нашай краіне з’явіліся вельмі даўно. Усе са школы памятаюць, што яшчэ ў 12 ст. Ефрасіння Полацкая стварала пры цэрквах скрыпторыі, дзе перапісывала кнігі. Як яе духоўнае крэда гучаць радкі з верша Л. Тарасюк «Еўфрасіння. XII ст.»:
Я знаю, што зраблю перад судом суровым…
Я славу зберагу, я прынясу ім Слова!
Да кніг сфарміравалася стаўленне як да прадметаў матэрыяльнай і культурнай спадчыны. Чаму культурная спадчына, згадзіцеся, зразумела ўсім. А матэрыяльная — таму, што старажытная кніга ўяўляе сабой не толькі ўзор старажытнага пісьменства, але і з’яўляецца прыкладам матэрыяльнай каштоўнасці. Успомнім старажытныя фаліянты ( я іх бачыла ў Нацыянальнай бібліятэцы і ў Музеі кнігі ў Полацку): скураная ці драўляная вокладка, асаблівая папера… Гэтыя кнігі з’явіліся ўзорам для Скарыны, зачаравалі яго сваёй мудрасцю і прыгажосцю, сваёй святасцю, так бы мовіць:
Свяціліся,як пацеркі з брыльянтаў,
Як жэмчуг, прад якім ты трапятаў,
«Азы» і «букі» тоўстых фаліянтаў,
Што я ў сафійскай кніжніцы гартаў..
З часоў Скарыны пачалося арыгінальнае афармленне друкаванай кнігі.І адначасова пачалося яе назапашванне. Кожны паважаючы сябе шляхціч павінен быў мець сваю бібліятэку. Успомніце бібліятэкі Радзівілаў ці Сапегаў.
Таму наша краіна мае вопыт захавання кніг. Калі казаць пра 20 стагоддзе, то трэба адзначыць, што Нацыянальная бібліятэка Беларусі (НББ) была заснавана ў 1922 г. як Беларуская дзяржаўная і ўніверсітэцкая бібліятэка. Яна ўваходзіла ў склад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ), але выконвала ўсе функцыі галоўнай бібліятэкі рэспублікі. Першым дырэктарам бібліятэкі стаў Іосіф Бенцыянавіч Сіманоўскі, які ўзначальваў яе амаль 40 гадоў. У 1926 г. бібліятэка была выведзена са складу БДУ і рэарганізавана ў Беларускую дзяржаўную бібліятэку. На пачатак 1941 г. у фондзе бібліятэкі было ўжо больш за 2 млн. тамоў, колькасць чытачоў складала 15 тыс. чалавек. Далейшае яе развіццё было перапынена другой сусветнай вайной. Баявыя дзеянні і тры гады акупацыі практычна цалкам знішчылі бібліятэку.
Як казаў А. Куляшоў вуснамі свайго лірычнага героя:
Родны горад ляжыць,як юнацтва майго папялішча:
Вецер дзьме ў каміны,як у медныя трубы трубач.
Пасля вызвалення Мінска з двухмільённага фонду Бібліятэкі засталося толькі 320 тыс. экзэмпляраў. Падчас вайны было знішчана багатае спецыяльнае абсталяванне Бібліятэкі. Захаваўся толькі будынак у вельмі пашкоджаным стане. Трэба было ствараць дзяржаўную бібліятэку другі раз за чвэрць стагоддзя.
З вясны 1945 г. пачаўся сістэматычны пошук вывезеных кніг у Германіі, Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі. У 1947 г. фонды бібліятэкі былі колькасна адноўленыя і дасягнулі даваеннага ўзроўню, хоць шматлікія прабелы ў іх не атрымалася запоўніць дагэтуль.
Пасля набыцця Рэспублікай Беларусь дзяржаўнай незалежнасці і суверэнітэту бібліятэка ўзначаліла бібліятэчную сістэму краіны. Змена яе статусу, павышэнне значнасці ў культурным і сацыяльным развіцці дзяржавы і нацыі адлюстравалася ў перанайменні 19 мая 1992 г. Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі.
Да гэтага часу вострай стала неабходнасць увядзення для бібліятэкі новага збудавання. Яшчэ ў 1989 г. быў праведзены міжнародны конкурс на лепшае архітэктурнае рашэнне будынка. Пераможцам конкурсу стаў праект творчага калектыва М.К. Вінаградава і У.У. Крамарэнка, якія прапанавалі арыгінальнае спалучэнне функцыянальнасці і эфектнасці «беларускага дыямента». Але праект быў рэалізаваны толькі праз 13 гадоў.
7 сакавіка 2002 г. прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка падпісаў загад «Аб будаўніцтве будынка дзяржаўнай установы «Нацыянальная бібліятэка Беларусі». Закладка падмурка новага будынка бібліятэкі адбылася 1 лістапада 2002 г. 16 чэрвеня 2006 г. новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адкрыўся для карыстальнікаў. Ён вылучаецца яскравым архітэктурным рашэннем, сваёй формай нагадвае агранены алмаз, які сімвалізуе каштоўнасць ведаў, прыгажосць і разнастайнасць свету (аўтары праекта М.К. Вінаградаў і В.У. Крамарэнка).
Нацыянальная бібліятэка Беларусі, з’яўляючыся асабліва каштоўным аб’ектам культурнай спадчыны беларускага народа, выконвае сваё місійнае прызначэнне – збіраць, захоўваць і даваць у карыстанне грамадству ўніверсальны фонд дакументаў, якія адлюстроўваюць веды чалавецтва і маюць, перш за ўсё, дачыненне да Беларусі і яе нацыянальных інтарэсаў. Напрыклад, у яе фондах захоўваецца “Астрамірава евангелле” 11 ст., “Вянок” М. Багдановіча, “1” і” 2 чытанне для дзяцей беларусаў” Цёткі і Я. Коласа.
У новым будынку створаны ўсе неабходныя ўмовы для захавання ўнікальных фондаў бібліятэкі, незлічонае багацце якой увабрала ў сябе мудрасць чалавечай цывілізацыі. Сёння Нацыянальная бібліятэка Беларусі – галоўная бібліятэка краіны, якая задавальняе інфармацыйныя запатрабаванні грамадства. З развіццём сучасных інфармацыйных тэхналогій на бібліятэку ўскладзены новыя задачы і патрабаванні. У роўнай ступені важна захаваць як электронныя, так і друкаваныя дакументы, каб не згубіць нашу культурную спадчыну, не страціць яе для дзяцей і ўнукаў. Новая бібліятэка – сучасны інфармацыйны цэнтр, які ажыццяўляе фарміраванне і эфектыўнае выкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў, надзейны інструмент інфармацыйнага забеспячэння ўсіх сфер дзейнасці грамадства. Інфармацыйныя рэсурсы бібліятэкі накіраваны на задавальненне і фарміраванне інфармацыйных запатрабаванняў розных катэгорый карыстальнікаў праз прадстаўленне розных відаў дакументаў і вынікаў іх аналітыка-сінтэтычнай перапрацоўкі. НББ валодае найбольш поўным і запатрабаваным дакументным фондам у краіне. Ён складае 8,9 млн дакументаў (друкаваныя выданні, рукапісы, мікрафільмы, электронныя і іншыя віды дакументаў), створаных як у Беларусі, так і ў розных краінах свету больш чым на 50 мовах. Яна мае найбольш поўную ў краіне ўніверсальную калекцыю нацыянальных дакументаў, а таксама дакументаў, выдадзеных у замежных краінах.
П.С. Матульскі,дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прафесар, доктар педагагічных навук, клапоціцца пра тое, каб кнігі бібліятэкі былі даступныя кожнаму. Акрамя гэтага, у бібліятэцы наладжваюцца выставы класікаў і сучаснікаў, выставы пісьменнікаў-юбіляраў, адбываюцца сустрэчы пісьменнікаў з чытачамі, я была на сустрэчы, прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна. Цікава была паслухаць успаміны аб ім яго дачок, запомнілася прамова Р. Баравіковай. Таму НББ жыве цікавым жыццём, прымае мноства экскурсій, і , думаецца, з дапамогай яе адновіцца ў нашым грамадстве любоў да чытання, друкаванай кнігі.