Шматганная вайна Васіля Быкава

sm

Згадзіцеся, што праблемы, якія разглядае пісьменнік у творы, залежаць ад яго жыццёвага вопыту, кругагляду, біяграфіі.
В. Быкаў нарадзіўся ў вёсцы Бычкі Віцебскай вобласці ў 1924 годзе. Калі яму было 17 год, у Беларусь прыйшла вайна. Малады Быкаў, адчуваючы адказнасць перад Радзімай і сваім народам, дадае сабе год і ідзе ў войска. У той час не сачылі пільна за дакладнасцю дакументаў, таму што хутка патрэбны былі людзі. Вораг не чакаў.
Як вядома, кожны чацвёрты загінуў на гэтым жудасным млыне жыцця і смерці. Але Васіль Быкаў увайшоў у невялікую колькасць выжыўшых. Напрыклад, з 80 лейтэнантаў, якія выпусціліся разам з ім, пасля вайны засталося толькі трое. Таму, зразумела асноўная тэма ўсіх твораў Быкава – вайна. Пiсьменнiк адчуваў сваю адказнасць за праўдзівае яе адлюстраванне.
Але ж пісаць ён пачаў не адразу пасля таго, як вярнуўся. Хацелася на многае забыцца, перерваць сувязь з мінулым, пачаць новае жыццё. Зведаўшы неймаверны цяжар франтавога жыцця, пісьменнік не здолеў забыць перажытае. Ды яшчэ ў друку пачалі з’яўляцца творы, якія паказвалі не тое, што В. Быкаў бачыў на вайне. І гэта прымусіла яго пачаць пісаць.
Пісьменнік не пісаў пра саму вайну, яе падзеі, яго зацікавіла іншае – чалавек на вайне. У цэнтры твора аўтар ставіў чалавека ў экстрэмальных умовах, калі, як лічыў пісьменнік, герой раскрываецца поўнасцю. Бачны ўсе яго добрыя і адмоўныя якасці. Даследаваць подзвіг і яго вытокі, паказаць чалавека, які здзейсніў подзвіг і паказаў высокія маральныя якасці, — такую мэту паставіў Васіль Быкаў перад сабой, пачынаючы сваю творчую дзейнасць. “Гаварыць няпраўду аб вайне – не толькі амаральна, але і злачынна, як ў адносінах да мільёнаў яе ахвяр, так і ў адносінах да яе будучыні.Людзі Зямлі павінны ведаць, ад якой небяспекі яны пазбавіліся і якой цаной дасталася ім гэтае збавенне”, — так акрэсліў сваю пазіцыю В. Быкаў у час выступлення на з’ездзе піьсменнікаў у 1981г.
Але ж звярнуся непасрэдна да аповесцяў.
Па-першае, “Аблава”. Гэты твор уразіў мяне да глыбіні душы. Адна з падтэм твора – праблема бацькоў і дзяцей. Хведар Роўба да апошняга моманту свайго жыцця не верыў у тое, што яго сын здольны забіць яго. “Бедны Міколка, што ён перажывае цяпер?” – хваляваўся бацька пра забойцу-сына. “Пэўна ж, то не па сваёй волі – ён змушаны”. Але ж не, вось гэтая “быкаўская” сітуацыя – наяўнасць выбару: бацькі ці ўлада. Так і хочацца выкрыкнуць: бацька! Які тут выбар?! Але Міколка не я, ён вырашыў інакш, “Ляшук! Вунь туды пырні! — гэта таксама Міколка. – аднекуль здаля цвёрдым начальніцкім голасам, якога не ведаў Хведар. Той голас ён набыў ужо без бацькі. Шчаслівая яго маці, што не бачыць таго. І не чуе”. Жыццё канчаткова страціла сэнс для старога. Ён выпусціў з рук вузлаваты корань, за які трымаўся з апошніх намаганняў.
Узгадваецца твор Цёткі “Тры кветкі”: таксама ваенны час, бацькі-дзеці. Але ж тут іншая справа.Пайшоўшы ваяваць, хлопец узяў тры кветкі: ад сябра, ад каханай, ад маці.Праз доўгі час, калі хлопец дастаў кветкі, ён убачыў: жывой засталася толькі адна, ад маці.
Бацькі-гэта наша апора, тыя людзі, якія ніколі не адвернуцца ад нас. Страшна чытаць, як вайна мяняе чалавека, і ён гатовы забіць гэтых самых родных людзей, каб захаваць сваё жыццё.
Па-другое, аповесць “Сотнікаў”. Два галоўныя героі — два лёсы, якія перапляла вайна. Твор цікавы тым, што на першы погляд няма адмоўнага і станоўчага герояў, не падкрэслены добры і дрэнны пачатак. Спачатку мы бачым, як Рыбак дапамагае Сотнікаву,калі таго параніла, не бяжыць далей,на кідае Сотнікава паміраць, праз што яны абодва трапілі ў палон. І толькі ў канцы твора Васіль Быкаў ставіць сваіх герояў у сітуацыю выбару: здрадзіць або загінуць. І вось тут ужо, калі ўмовы сапраўды экстрэмальныя, мы бачым, хто ёсць хто. Сотнікаў загінуў, а Рыбак пайшоў у паліцаі. Выбар зроблены.
І, канечне, нельга не ўзгадаць твор “Знак бяды”. Гэтая аповесць сапраўды знакавая: па ёй беларускую літаратуру ведае велізарная колькасць людзей усёй планеты, бо кніга перакладзена на больш як пяцьдзесят моў свету. Гэта кніга-падзея, якая нікога не пакінула абыякавым. У аповесці сама вайна паказана іначай, чым у ранейшых творах В. Быкава. У цэнтры твора не салдаты, партызаны-людзі са зброяй у руках, а звычайныя мірныя жыхары, якія ўвогуле не павінны ўдзельнічаць у вайне. Да Петрака і Сцепаніды Багацькаў-старых, якія жылі на хутары,-прыйшлі ў дом немцы.Яны здзекаваліся са старых, білі іх, але нашы героі не схілілі галавы перад чужакамі, сярод якіх ужо былі і былыя “свае”, таму што сапраўды моцная асоба вызначаецца сумленнем і гонарам.Такімі і з’яўляюцца Багацькі ў аповесці. Пятрок і Сцепаніда-нацыянальныя тыпы. У прыродзе нашага народа заўсёды былі тыя рысы, што аўтар адлюстраваў у героях.
В. Быкаў лічыў, што няма размежавання паміж маленькай здрадай і здрадай вялікай. Здраду нельга вымераць і адрозніць адну ад другой. Героі пісьменніка — Гуж, Мікола Роўба, Каландзёнак — пераступілі тую рысу, за якой чалавек перастае быць чалавекам. Этычныя нормы, маральныя прынцыпы, па якіх жыў, на першы погляд “слабы чалавек”, да канца захавалі ў ім Чалавека. У рашаючы момант Пятрок знаходзіць у сабе незвычайную сілу. Сцэна гібелі героя яшчэ раз сцвярджае, што самы моцны пратэст ідзе з душы чалавека слабага, але ў такім выпадку ён перастае быць слабым. Сваю душу, сумленне, чалавечы гонар ён не прадаў ворагам. І ў гэтай высакароднасці, выкліку акупантам выявілася сіла яго духу, гераізм, у гэтым яго ўклад у перамогу. Не стала Петрака. Забітая да паўсмерці Сцепаніда ведае,што паліцаі не адчэпяцца, адступаць няма куды. Акружаная паліцаямі, яна зачыняецца ў істопцы, аблівае сябе газай і падпальвае. Істопка — гэта не пастка, яна ператвараецца ў непрыступную крэпасць, якой баяцца паліцаі, баяцца падысці нават блізка да палаючага дама Сцепаніды. Трагічная смерць Сцепаніды ўздымаецца да подзвігу і ўспрымаецца як знак непераможнасці народа.
У сваіх творах пісьменнік не проста сцвярджае,а перасцярагае, б’е ў набат, што разбурэнне духоўнасці, векавой народнай маралі намнога страшней за акупацыю, за рабства. Няма апраўдання здрадзе. Усё канчаецца, і рабства таксама скончыцца. Пры ўмове, што ў зарабаваным народзе не вынішчана маральнасць і духоўнасць, бо іх вынішчэнне-працэс незваротны. Гэта галоўнае ў творах В. Быкава: ён звяртаецца да нашага сумлення, чалавечай годнасці, вучыць быць праўдзівымі, ніколі не скарацца перад абставінамі, быць вартымі звання Чалавек.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *