Скарынаўскае зерне

Культура

DSC_1069

Нямала народаў з крыніц яго піла
І брала мудрасці вечны агонь,
У літарах першых знаходзячы сілу…
Ты слаўна, зямля, што вякам нарадзіла
Такога вядомага сына свайго!
П. Броўка.
Найвыдатнейшым дзеячам эпохі Адраджэння, чалавекам, вартым самай высокай пахвалы і захаплення нашчадкаў, быў Ф. Скарына, вялікі асветнік-гуманіст, вучоны, пісьменнік і перакладчык, заснавальнік кнігадрукарства ва Усходняй Еўропе, наш зямляк, вялікі сын зямлі Полацкай. Ніводны чалавек не можа лічыцца адукаваным, калі ён не ведае ўрыўка з прадмовы Ф. Скарыны да кнігі “Юдзіф”: “Ад нараджэння звяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лятаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вуллі свае, — так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць.”
Гэты скарынаўскі запавет – любіць Радзіму, быць цалкам адданым ёй – быў усвядомлены многімі яго паслядоўнікамі, сярод якіх асаблівае месца займаюць імёны Сымона Буднага і Васіля Цяпінскага.
Традыцыі, закладзеныя Скарынам, паспяхова развіваліся. У 2 палове 16-17 ст. адкрываюцца друкарні ў гарадах і мястэчках Беларусі (Берасце, Нясвіж, Лоск, Магілёў, Слуцк, Слонім, Орша). Выдаюцца кнігі рознага прызначэння, асабліва для патрэб богаслужэння (кн. Свяшчэннага Пісання), навучання (буквары граматыкі (Л.Зізаній), слоўнікі). Напачатку на лацінскай, польскай, а потым і на старабеларускай мове. Імкненне людзей да асветы, якое ўзнікла на хвалі гуманістычнага і рэфармацыйнага руху, выяўлялася ў адкрыцці ўсё новых школ, у павышанай увазе да роднай мовы і культуры.
Асобай сапраўды рэнесанснага тыпу, шмат у чым падобнай да Фарнцыска Скарыны, быў Сымон Будны (1530-1593). Як і Скарына, ён вучыўся у Кракаўскім універсітэце, валодаў многімі еўрапейскімі мовамі: польскай, чэшскай, італьянскай, лацінскай, грэчаскай, старажытнаяўрэйскай. Ён быў адным з самых адукаваных людзей свайго часу. У 1562 годзе з дапамогай Раздівілаў заснаваў друкарню ў Нясвіжы і выдаў там на беларускай мове “Катэхізіс” і “Апраўданне грэшнага чалавека перад Богам” (апошняя кніга не захавалася). У прадмове да “Катэхізіса” звярнуўся да князёў Радзівілаў, каб тыя ведалі сваю беларускую мову і былі прыкладам у гэтым для іншых.
Сымон Будны быў прапаведнікам у Нясвіжы, пісаў і паэтычныя творы. Яму належыць каля 25 твораў на розных мовах, якія прынеслі яму шырокую вядомасць не толькі ў Беларусі, але і ў Заходняй Еўропе. Яго творчасць высока цаніў француз Вальтэр (18 ст!). Будны пісаў пераважна на рэлігійныя тэмы, крытыкаваў духавенства за празмерную схільнасць да багацця, невысокую адукаванасць. Ён выступаў супраць беззаконня, асуджаў захопніцкія войны, дабіваўся верацярпімасці і талерантнасці, роўнасці ўсіх перад Богам і законам, заклікаў шанаваць народную мову і мараль, змагацца за свабоднае развіццё навукі і пашырэнне ведаў сярод простых людзей.
Сымон Будны – прадстаўнік эпохі Рэфармацыі. Рэфармацыя – рух антыфеадальнага кірунку, які закранаў і інтарэсы царквы, што служыла апорай феадалам. Рэфарматары не былі супраць царквы, але былі за самавызначэнне чалавека па надрукаваных кнігах Бібліі (Лютэр(немец), Кальвін (швейцар), Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы).
Такія людзі, як Сымон будны, не маглі доўга жыць на адным месцы, бо іх праследавалі. У далейшым ён пакіне Нясвіж, як перад тым пакінуў Клецк, і ўцячэ ў Лоск, дзе заснуе новую друкарню, каб працягваць справу Скарыны.
Адначасова з ім за некалькі сот кіламетраў ад Нясвіжа працаваў у сваёй друкарні, заснаванай у фальварку Цяпіна, у нас на Віцебшчыне (Чашніцкі раён) (адкуль родам яшчэ адзін знакаміты вучоны-фізік, але ўжо 20-21 ст. – Жарэс Алфёраў), змагар за народную асвету, аднадумец буднага – Васіль Цяпінскі (1540-1603). Спараўднае прозвішча – Амельяновіч. Ён называў Буднага сваім братам. Як і Скарына, бачыў сваё прызванне ў тым, каб шырыць асвету сярод народа. Ён не быў багатым чалавекам, але на свае грошы арганізаваў друкарню ў маёнтку Цяпіна, каб шырыць кнігавыдавецкую дзейнасць. Але, на жаль, сваім нашчадкам ён пакінуў толькі адну кнігу “Евангелле”, перакладзеную на беларускую мову і надрукаваную на царкоўнаславянскай і беларускай мовах (паралельна, у два слупкі на кожнай старонцы). Кніга была выдатная тым, што з’явілася чарговым, пасля Скарыны і Буднага, выданнем, якое яскрава засведчыла сцвярджэнне намеру развіваць беларускую культуру на роднай мове, была працягам менавіта скарынаўскіх традыцый і ў тэхніцы выдавецкай справы.
Яго прадмова да “Евангелля” не была надрукавана і дайшла да нас у рукапісным варыянце. Гэта быў маніфест эпохі і ў той жа час споведзь сына сваёй зямлі, глыбока ўстрывожанага лёсам роднай мовы і культуры. Ён з захапленнем адзначае, што “Многокрот посторонние учёные народы их мудрость мусели похвалять, и овсем се от них учить», ён з вялікім болем у сэрцы гаворыць пра сучаснае яму становішча роднага краю, калі ў заняпадзе мова і адукацыя. Выйсце бачыць у “свае школы злажыці і науку”, не аддаваць дзяцей у польскія школы. Уласна з такой мэтай ён і выдаваў “Евангелле”, ахвяраваў усю сваю і так не багатую маёмасць.
З такой палымянасцю і настойлівасцю, патрыятычнай адданасцю ідэі служэння роднаму краю да Цяпінскага выказваўся хіба Ф. Скарына, а праз тры стагоддзі – Ф. Багушэвіч у прадмове да “Дудкі беларускай”. “Не кідайце ж мовы нашай, каб не ўмёрлі!” Гэты заклік амаль слова ў слова прагучаў у канцы 16 ст. у прадмове Васіля Цяпінскага.
І вось яшчэ радкі, што тычацца прадаўжальнікаў справы Скарыны, напісаныя ўжо амаль праз тры з паловай стагоддзі пасля В. Цяпінскага, усплываюць у памяці. Памятаеце?:
У краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
З друкарні пана Марціна Кухты.
Ды хто ж ён такі, таямнічы пан Марцін Кухта, згаданы геніем Максіма Багдановіча? Вядома, што ён быў са звычайнай сялянскай сям’і, у пятнаццаць год прыехаў у Вільню, каб працягваць справу Скарыны. Наборшчыкі тады павінны былі ведаць французскую, нямецкую, лацінскую, грэчаскую мовы. Друкарская праца была вельці цяжкай і шкоднай (пыл з волавам), але цікавай.
10 сакавіка 1906г. Марцін Кухта атрцымлівае дазвол на адкрыццё тыпаграфіі “з правам друкавання прац на ўсіх еўрапейскіх мовах”. 1 верасня 1906 у яго друкарні выходзіць першы нумар беларускамоўнай газеты “Наша доля”, надрукаванай кірыліцай і лацінай.
Восенню 1906г. утварылася рэдакцыя газеты “Наша ніва”. Але ўлады імкнуліся задушыць незалежны беларускі друк, у канцы 1907г. друкарня М. Кухты была зачынена на 2 гады, але перабралася ў іншае памяшканне, усё роўна дзейнічала. Дзякуючы ёй асобнымі кнігамі выйшлі “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі” У. Ігнатоўскага, “Апавяданні” Я. Коласа, “Вянок” М. Багдановчіа, “Рунь” М. Гарэцкага.
Беларуская друкарня закрылася напярэдадні вірлівых падзей 1917г. З гэтага моманту сляды М. Кухты губляюцца, але не згубілася справа, распачатая Скарынам у Вільні ў 1522г. і працягнутая М. Кухтам у той жа Вільні ў 1906г.
Думаю, дарэчы будзе ўспомніць той факт, што першая кніга, надрукаваная на беларускай мове Ф. Скарынам, гэта ўсё ж не “Псалтыр”, а кніга Іова. Гэта сцвярджаў яшчэ адзін славуты абаронца Беларусі, выдатны гісторык і пісьменнік У. Караткевіч. Ён пісаў, што тагачасны каляндар пачынаўся з 1 верасня, а таму выдадзеная 10 верасня 1917г. у Празе кніга Іова выйшла на 11 месяцаў раней за “Псалтыр”, надрукаваную 6 жніўня 1917г. Гэта проста цікавы факт, які сведчыць, што ў нашай гісторыі многа яшчэ нязведанага. Многае яшчэ не вядома з біяграфіі Скарыны, Цяпінскага, М. Кухты, але нязменна адно: яны – выдатныя людзі, лепшыя сыны сваёй Айчыны, “служкі” народныя, адданыя патрыёты, якія ўсім сваім жыццём паказалі прыклад самаахвярнасці на карысць навукі, асветы.
І сапраўды, іх подзвіг не мае межаў, ён і нацыянальны і агульначалавечы адначасова. І нам застаецца адно – сказаць словамі Л. Геніюш:
Мудрасць здолее ў цемры свяціць.
Загад продкаў у сэрцах не згіне.
Будзем думаць, вучыцца, тварыць,
Так, як ты, у сваёй мове, Скарына.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *