Чаго чакаць ад беларусаў на “Еўрабачанні-2017” ?


«Святкуйце разнастайнасць» — гэты слоган быў абраны для міжнароднага конкурсу эстраднай песні«Еўрабачанне — 2017». Аб гэтай падзеі хочацца расказаць, таму што да фіналу, дзе стане вядома імя пераможцы, застаецца літаральна месяц. У гэтым годзе конкурс будзе прымаць сталіца Украіны, горад Кіеў. Кожны год «Еўрабачанне» дорыць нам новыя таленты, яркіх і запамінальных выканаўцаў. І цяпер варта пагаварыць пра прадстаўнікоў нашай краіны і пра тое, што мы ўбачым на сцэне ў Кіеве.
Ужо ў студзені было вядома, што ад Беларусі на конкурсе «Еўрабачанне -2017» будзе выступаць малады гурт Naviband або NAVI з беларускамоўнай песняй «Гісторыя майго жыцця». Хацелася б расказаць пра сам гурт і аб іх творчасці ўвогуле.
NAVI — музычны гурт з Мінска, які быў створаны ў 2013 годзе. Сваю музыку выконваюць у жанрах фолк-рок, індзі-фолк, індзі -поп. Для тых, хто не вельмі добра разбіраецца ў музыцы, варта сказаць, што ўсе гэтыя жанры звязаны з выкарыстаннем элементаў народнай музыкі і элементаў року. У беларускай музыцы гэты гурт асабліва вылучаецца, таму што выканаўцамі падобных жанраў у Беларусі з’яўляюцца ўсяго некалькі груп, але Naviband — самы прыкметны і яркі з усіх.
Чатыры гады таму музыкі Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук аб’ядналіся ў творчы тандэм, а ўжо сёння іх ведае ўся краіна. На іх трымаецца не толькі вакальная частка песень гурта, але і музычнае афармленне. Так, Ксюша іграе на клавішных, а Арцём — на гітары. У гурт таксама ўваходзяць Уладзіслаў Чышчавик (бас), Аляксандр Табольскі (электрагітара) і Уладзімір Бегер (ударныя).
Пра сваё выпадковае знаёмства, якое адбылося на адным з рэпетыцыйных пунктаў Мінска 14 лютага 2013 года, Ксюша і Арцём расказвалі ў шматлікіх інтэрв’ю. У той час у іх былі розныя праекты, але праз нейкі час пасля сустрэчы, Арцём напісаў тэкст «Абдымі мяне» і прапанаваў Ксеніі праспяваць яго разам. Гэта быў першы хіт новай беларускай групы, і самі яны прызналіся, што адразу спадабаліся адзін аднаму, адразу знайшлі агульную мову.
На гэты момант у гурта існуе тры альбомы: «Лови» (студзень 2014 г.), «Сонцам сагрэтыя» (снежань 2014 г.), «Иллюминация» (студзень 2017 г.). Пра апошні з альбомаў можна сказаць, што ён асабліва паказвае сапраўдны стыль дуэта. Лёгкая, ненадакучлівая музыка з фолк- рысамі выклікае на душы цяпло, а прадуманасць зместу альбома стварае сапраўдную гісторыю, слухаць якую хочацца зноў і зноў. Можна з упэўненасцю сказаць, што Naviband не страцілі сябе, сваёй асаблівасці і арыгінальнасці.
У альбоме ёсць трэкі і на рускай, і на беларускай мовах. Самі Naviband кажуць, што калі пішуць песню, то адразу адчуваюць, на якой яна павінна быць мове. Першы хіт групы — «Абдымi мяне» — быў на беларускай мове, і яны не толькі спяваюць на роднай мове, але і актыўна прапагандуюць яе. NAVI падтрымліваюць яшчэ адзін беларускі праект — «Мова нанова» (бясплатныя курсы беларускай мовы, якія існуюць у розных гарадах нашай краіны).
Калі вы ўважліва сочыце за ўсімі беларускімі адборамі на Еўрабачанне, то вы магчыма ведаеце, што гэта не першая спроба NAVI трапіць на конкурс. У 2016 годзе Navi ўжо спрабавалі паехаць на «Еўрабачанне» з песняй «Гэта зямля». Але ў адборы таго года перамог Ivan, а патэнцыял дуэта застаўся незаўважаным. Вядома, былі эмоцыі і расчараванні, але менавіта гэты год даў гурту час для самаразвіцця, дазволіў вывесці сваю творчасць на новы ўзровень. З упэўненасцю можна сказаць, што Naviband падыходзяць да «Еўрабачання — 2017» у сваёй найлепшай форме.
Пра творчасць калектыва кажуць рознае, але добрых водгукаў і пажаданняў поспеху значна больш, чым крытыкі. Напрыклад, у станоўчым ключы аб іх творчасці адгукаўся вакаліст яшчэ аднаго беларускага гурта J: Морс, Уладзімір Пугач. Ен прызнаўся, што творчасць і песні Navi яму падабаюцца і ён будзе любіць іх незалежна ад вынікаў Еўрабачання.
Таксама Зміцер Вайцюшкевіч выказаўся пра творчасць дуэта: «Фармат — папулярны, салодзенькі, але зразумелы. Шчыра рады, што яны прайшлі адбор, спадзяюся, у іх усё атрымаецца ».
Не можа не радаваць тое, што ў гэтым годзе ўпершыню на «Еўрабачанні» прагучыць беларускамоўная песня: усе мінулыя гады нашых выканаўцаў крытыкавалі за дрэнную англійскую мову, і ў гэтым годзе ёсць шанс глядзецца арыгінальней, найбольш натуральна, і, магчыма, нават перамагчы. Музыка, якую ствараюць Naviband, робіць людзей дабрэйшымі, яна чыстая, шчырая, без дэпрэсіўных нот, без непатрэбнага пафасу, які так ўласцівы беларускай эстрадзе. Naviband — тая група, у якой спалучаюцца добры матэрыял, зачаравальныя галасы і простая чароўнасць выканаўцаў. Застаецца спадзявацца, што ў гэтым годзе конкурс не будзе закрануты палітыкай, і наш гурт змогуць ацаніць па вартасці. У ходзе жараб’ёўкі стала вядома, што Naviband выступіць у другім паўфінале 11 мая. Нават калі NaviBand не пройдзе ў фінал конкурсу, іх творчасць заслугоўвае высокай адзнакі. Нам сапраўды пара навучыцца любіць тых, хто прадстаўляе нашу краіну на міжнародных пляцоўках, і Naviband – гэта тая група, з якой варта пачаць.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *