Звычайная палеская вёска Багданаўка. Да бліжэйшага гарадка – 20 кіламетраў, з усіх бакоў – лес. Мясцовыя мужыкі дэлегавалі лесніка Сяргея, каб ён паказаў, дзе вяскоўцы нарыхтоўваюць бярозавыя розгі для мяцёлак.
Павольна выязджаем з вёскі і паварочваем на прасёлкавую дарогу. Па баках – голае пасля зімы поле, наперадзе – лес, які пачынаецца са слабенькіх, нібыта хворых бярозак.
- Вынішчылі, паразіты… — з горыччу ў голасе гаворыць Сяргей. — Гэта яны табе сказалі, што галлё толькі са зрэзаных дрэваў бяруць. Паглядзі на гэтыя бярозы! Вярхушкі яшчэ паспяваюць адрасці, а тая частка, якую проста дастаць – заўсёды будзе голай стаяць.
Сяргей – 25-гадовы хлопец, які нядаўна “дэмбельнуўся” з арміі. Ён ужо не ляснічы: працаваў ім толькі год да арміі, а зараз на гэтую працу ўжо не ўладкавацца. Увогуле з працай у вёсцы велізарныя праблемы: большая частка працаздольных жыхароў не мае пастаяннага занятку.
Заязджаем у лес. Далей ён ужо магутны, густы – падобны на пушчу. Сосны – сапраўдныя волаты. Па словах Сяргея, гадаваліся яны далёка не адзін дзясятак гадоў. Праз метраў пяццот разам з шумам дрэваў улоўліваем гук, падобны на працу магутнага рухавіка. Здагадваюся: пад’язджаем на дзялянку. Да масавага спільвання дрэваў мой спадарожнік адносіцца негатыўна:
- Ты толькі паглядзі, што яны з лесам робяць! Думаеш, адрастуць на гэтым месцы новыя? Куды там! Такое вялікае дрэва гадоў сорак расці будзе. Думаю, колькасць леса у Беларусі ў хуткім часе значна паменшыцца.
Сяргей лес вельмі любіць і з захапленнем паказвае, дзе знаходзіўся яго абход. Хлопец расказвае, што стаць ляснічым было яшчэ яго дзіцячай марай: ў лесе ён адчувае сябе спакойна і ўтульна. Зараз паляшук, здаецца, знаходзіцца ў пастаянных разважаннях: што рабіць далей? Працы ў яго роднай вёсцы няма, таму, гаворыць, трэба з’язджаць. Але куды?..
Да сваёй лесніковай пасады Сяргей ставіўся вельмі адказна: штодзённа рабіў абходы, сачыў, каб людзі не шкодзілі лесу. Аднойчы некалькі дзён сядзеў у засадзе, каб высачыць злодзея, які спільваў дрэвы толькі дзеля галля, якое пускаюць на мяцёлкі.
Нягледзячы на адсутнасць працы, турбот у хлопца хапае: жыве ён зараз разам з сям’ёй брата, якому аддаў хату перад адыходам у армію, і ўсю гаспадарку трымае на асабістых плячах: брат уладкаваны на дзяржаўную працу, і часу на хатнія справы ў яго няма. А тут яшчэ дзядуля, які ў суседняй вёсцы жыве, моцна захварэў… Сяргею прыходзіцца два дні дапамагаць сям’і брата, а два – сачыць за дзедам, за яго хатай.
Нядаўна Сяргея моцна абразілі: мясцовы мужык параіў брату гнаць сародзіча з хаты і назваў яго так папулярным зараз словам “іждзівенец”. Хлопца, які кожны дзень выбіваецца з сіл, кранула да глыбіні душы:
- Ён жа не ведае, колькі мне прыходзіцца рабіць, колькі дзён я ўжо выспацца не магу: ў хаце брата перашкаджаюць дзеці, а за дзедам патрэбны пастаянны нагляд.
Вельмі сумна, што такія маладыя, поўныя энергіі хлопцы трапляюць у тупіковыя сітуацыі. На мой погляд, гэта сведчыць аб тым, што ў краіне нешта ідзе не так, штосьці робіцца не правільна.
- Зараз разумею, што трэба было ў арміі па кантракце заставацца… Вярнуцца туды ўжо не магу: не прайшоў медагляд. Напэўна, трэба з’язджаць у Расію. Ведаю, што там зараз таксама шмат не заробіш, але капейку нейкую прывязеш…
Хочацца верыць, што ў Сяргея, а таксама ў іншай моладзі, якая трапіла ў падобную сітуацыю, хопіць духоўнай сілы, запалу, каб не збочыць з правільнай сцежкі. Такія людзі нам вельмі патрэбны і менавіта ад іх, лічу, будзе залежыць будучыня Беларусі!