«Тэатр як бы для душы»: размова з заслужаным артыстам Беларусі Фамой Варанецкім

Мы сустрэліся з Фамой Варанецкім у яго дома. Фама Сільвестравіч выйшаў да мяне ў вітальню, высокі, строгі, але са шчырай усмешкай на твары. Размова пачалася ў гасцёўне. Гэты невялікі пакой ўяўляў сабой нешта вельмі незвычайнае, яркае: на сцянах – карціны, у кутку – фарбы, белыя лісты бумагі і мальберт. Творчыя здольнасці Фамы Варанецкага праявіліся не толькі ў тэатры і кіно, але і ў жывапісе. Нездарма гавораць: “Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім”. У няспешнай размове перагаварылі шмат пра што, але найперш пра тэатр.

– Маё першае пытанее можа падацца вам банальным, але цікава даведацца, што прывяло вас у свет тэатра і кіно?

Канешне, прыводзіць у мастацтва ў першую чаргу здзіўленне. Нешта трэба ўбачыць. Можа быць цяга да гэтага, могуць быць, як кажуць, «данные». Але трэба нешта ўбачыць. Аднойчы прывезлі нас на спектакль у рускі тэатр. Так здарылася, што гэты спектакль ставіў Дзмітрый Аляксеевіч Арлоў, будучы мой кіраўнік курса. Было здзіўленне – наогул, у першы раз я ўбачыў тэатр. Здзіўленне – гэта не тое слова, ноччу не мог заснуць. Павінен я быў паступаць у мастацкае вучылішча, але пасляваенны Мінск – было гэта якраз пасля вайны – ні жылля, анічога. Я пайшоў далей у школу вучыцца. Пасля першы раз паспрабаваў паступіць. Мне кіраўнік курса Саннікаў, народны артыст, сказаў: “Колькі табе гадоў?” Я гавару: “Ну, чатырнаццаць”. –“Малы шчэ, ідзі падрасці”. Я пайшоў працаваць у камсамол, а на наступны год паступіў ужо да Арлова.

– Вядома, што дзяцінства і юнацтва – самыя важныя этапы ў фарміраванні асобы. Раскажыце пра гэтыя перыяды ў вашым жыцці.

Канешне, важныя. Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі ў адным са сваіх твораў сказаў: “Чем богат человек? Человек богат детством своим”. Якое было дзяцінства, такое складваецца і жыццё. Дзяцінства ў нас харошае было, хоць пасляваеннае, галоднае, халоднае, але ж мы жылі ў такія часы, якія вучаць. Хто хацеў вучыцца, вучыўся. Настаўнікі пасляваенныя былі проста выдатныя. У нас у школе працаваў матэматык, быўшы выкладчык інстытута, які адседзеў у лагерах з-за дваранскага паходжання гадоў сямнаццаць. У інстытут прымалі з нашай школы без экзаменаў па матэматыцы, таму што яго ведалі добра. Разам мы хадзілі на танцы з Хадкевічам – зараз самым вядомым беларускім матэматыкам. Юнацтва было актыўнае. Я быў камсоргам школы. «І ў юнацтве самае галоўнае, – я сваім студэнтам заўсёды гавару, – не прапусціць час! Вам дадзена толькі чатыры гады, каб асвоіць такую складанейшую прафесію”. У некаторых ёсць здольнасці, але пасля высвятляецца, што няма галоўнага – няма працаздольнасці.

– У якім фільме вы дэбютавалі?

Я пачаў здымацца з музфільма. І здымаўся ў галоўнай ролі адразу ў першым фільме. Называўся гэты фільм “Там, где длинная зима”.

– Ці шмат вы падарожнічалі падчас гастроляў?

Гэта пастаянная язда. Зараз ніхто нікуды не едзе, таму што няма грошай. Украіна закрылася для нас. Нас любілі ў Кіеве больш, чым у Мінску. Мы прыязджалі – гэта было свята заўсёды. А зараз далёка не паедзеш.

– Як вы лічыце, ці высока ацэньваецца чалавечы талент у Беларусі?

Зусім не ацэньваецца. Скажуць: “Гэта няпраўда! Варанецкі нешта мудрыць”. Не ацэньваецца. Не то што ў грашах не ацэньваецца, а проста не паважаецца. Няма павагі ні да журналістаў, ні да артыстаў. Няма звычкі. Мастацтва як бы не стала прадметам ўкладання капіталу.

– У якім узросце вы пачалі цікавіцца жывапісам і чаму так здарылася?

Недзе ў сорак гадоў. Так бывае іншым разам амаль у кожнага артыста – адны іграюць у Купалаўскім тэатры, а ў наступным годзе – ніводнай ролі. Гэта як складваецца рэпертуар, як заняты акцёр, бывае зусім сядзіць без працы гадамі. Вось тады і падумаеш, чым яшчэ заняцца. Каб гарэлку не піць, так трэба нешта рабіць!

Творчы куток у кватэры Фамы Варанецкага

– Ці лічыце вы карыснай здольнасць пасмяяцца з сябе?

Вельмі! Вельмі карысна і патрэбна. Кожны мастак, журналіст – няважна – іншым разам павінен казаць сябе: “Якая я гадасць! Что я за чалавек такі?” Таму што сярод акцёраў менш, а сярод журналістаў цынічных людзей вельмі многа. Як бы прафесія такая –глядзець зверху, збоку і судзіць людзей. Ва ўсім павінна быць мера, таму вельмі карысна над сабой пасмяяцца.

– Што вы лічыце галоўнай задачай тэатра? Для чаго ён існуе і якія пачуцці павінен выклікаць у гледача?

Тэатр… Нехта з мудрых людзей сказаў: “Тэатр павінен дапамагаць людзям выжываць ў цяжкія часы”. Тэатр як бы для душы. Чалавеку расказваюць там пра яго. Чалавек у выгадным становішчы: ён сядзіць у зале, паказваюць яго, але ён у зале, а не на сцэне – яго ніхто не б’е. Тэатр – гэта такая «зараза».

Пра мінулае можна даведацца праз падручнікі і энцыклапедыі, але інфармацыя з іх ніколі не заменіць тых ведаў, што перадаюцца з вуснаў у вусны, ад аднаго жывога чалавека да іншага. Падумалася, чаму так лёгка гаварыць з чалавекам, які больш сталы за цябе ў чатыры разы. Мабыць, таму што кожнае яго слова шчырае і кожная гісторыя напоўнена сапраўднымі пачуццямі. Мабыць, таму што ён умее разумець свет і сябе, і сябе ў ім.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

«Тэатр як бы для душы»: размова з заслужаным артыстам Беларусі Фамой Варанецкім: 1 комментарий

  • 02.06.2017 в 20:21
    Permalink

    цікавае інтэрв’ю з цікавым чалавекам. дзякуй!

    Рейтинг комментария:Vote +1+2Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *