Ад рыжага ката – да #синегокита. Погляд учарашняга падлетка на “групы смерці”

Пра “групы смерці” ў сацыяльных сетках, якія падштурхоўваюць дзяцей да здзяйснення самагубства, сёння чулі, напэўна, усе. У нашай краіне, якая да нядаўняга часу была пазбаўлена гэтай бяды, ужо ўзбуджана некалькі крымінальных спраў у сувязі з дзейнасцю “груп смерці”. Небяспека побач, яна рэальнасць нашага жыцця. Я ў гэтым упэўнена. А вы?

Пра “групы смерці” з’явілася інфармацыя яшчэ вясной 2016 года, я тады вучылася ў 10 класе. Дзіўна, што вядомасць і рэзананс гэтая сітуацыя атрымала толькі два месяцы назад. Людзі даведаліся пра давядзенне дзяцей да суіцыду з матэрыялу, надрукаванага ў расійскай «Новай газеце» 16 мая 2016 года. Матэрыял атрымаўся яркім, эмацыйным, і па яго прачытанні пачынала здавацца, што за ўсімі гэтымі «гульнямі» стаяць нейкія вышэйшыя сілы, таямнічая арганізацыя на чале з жахлівым чалавекам. Сутнасць газетнага матэрыялу заключалася ў тым, што маці пацярпелай дзяўчынкі-падлетка ўзняла шум вакол тэмы суіцыду ў падлеткаў. Яна расказала пра ўласны вопыт укаранення ў гэтую злую гульню, якая называлася і называецца цяпер #синийкит або #тихийдом.

Каб патрапіць у гэтую гульню, дзецям нічога складанага рабіць не прыходзілася. Яны нікога не прасілі, у сябры нікому не набіваліся. Дастаткова было проста пакінуць у сябе на сцяне запіс з вершам, у якім павінны былі прысутнічаць радкі #разбудименяв420, #явигре, #китыплывутвверх.

«Куратары» дадавалі дзяцей у гутарку, падлеткі праходзілі «выпрабаванне», у сувязі з якім частка вылятала, а частка працягвала гульню. Тыя, хто застаўся, выконвалі 50 заданняў. Кожную ноч трэба было прачнуцца у 4:20 і паслухаць атмасферную музыку, дзе на заднім фоне былі чуваць гукі кітоў, паглядзець страшныя відэа, надрапаць лязом на руцэ кіта або і зусім схадзіць на дах суседняга дома, паглядзець з яго ўніз.

Якая была мэта ў гэтай гульні, што вялікая колькасць падлеткаў проста пагалоўна хацелі згуляць? Не, за перамогу не давалі прыемныя прызы, за перамогу не пералічвалі грошы, за перамогу нават не хвалілі. Таму што калі ты пераможаш, хваліць ужо будзе няма каго. Бо мэта гэтай гульні — гэта смерць. Гэта самагубства.

Мне сямнаццаць гадоў, і я люблю сваё жыццё. Я ўжо ацэньваю сябе як дарослага чалавека, у якога ёсць погляды і мэты, для якога ёсць сэнс у жыцці, які ідзе да сваёй мары. І колькі б я ні думала над гэтай сітуацыяй, колькі б гадзін запар я ні разважала, я ўсё роўна не магу зразумець, навошта чалавеку забіваць сябе. Жыццё — яно ж адно, іншага жыцця не будзе. Колькі б праблем, няўдач і нягод ні было, колькі б табе ні было гадоў — пяць ці чатырнаццаць, або восемдесят — трэба працягваць змагацца. Трэба працягваць жыць.

 

Дарэчы, нават такога імклівага і любячага жыццё чалавека, як я, гэтая сітуацыя з “групамі смерці” таксама закранула, і прычым закранула не пальцам, а ўсёй далонню. Вось мая гісторыя.

… Аднойчы я блукала па прасторах інтэрнэту і зайшла ў групу #f57. Мне спадабаліся там малюнкі, на якіх былі людзі, а магчыма, нават не людзі: ведзьмы, гобліны і г.д. Я, не задумваючыся, уступіла ў групу, было мне тады гадоў 15, да слова.

Праз некаторы час мне напісаў незнаёмы чалавек. Памятаю толькі, што яго звалі Мікітам, і на аватарцы ў яго стаяў кот Леапольд. Ветлівы такі рыжы кот, з велізарным фіялетавым матыльком на шыі. Гэты Мікіта адразу перайшоў да справы. Я перапіскі выдаляю, таму ўсё дасканала не памятаю, але самае асноўнае засела ў мяне ў галаве да гэтага часу.

Ён павітаў мяне, і спытаў, ці ведаю я «што гэта такое”, кінуўшы спасылку на “групу смерці”. Я адказала адмоўна, таму што праўда не мела ўяўлення.

Мікіта спытаў, ці не хачу я даведацца. І ўжо менавіта ў той момант я насцярожылася і напісала, што мне гэта не вельмі цікава, мне проста патрэбныя прыгожыя містычныя выявы, якія там захоўваюцца.

Ён сказаў, што калі гэта так, то я абавязана пакінуць групу. І не заходзіць у яе больш ніколі.

Я напісала яму знак пытання, таму што не да канца разумела, што адбываецца. Але паведамленне не дайшло — ён ужо адправіў мяне ў чорны спіс.

На той момант я падумала, што гэта нейкі жарт, ці хлопец проста дзіўна сябе паводзіць — хацеў так пазнаёміцца, напрыклад, але не выйшла. Але калі вясной 2016 года прайшла чутка пра «групы смерці», калі стала востра абмяркоўвацца смерць Рыны Палянковой (яшчэ адна ахвяра «груп смерці»), калі гэтая тэма падлеткавых суіцыдаў пачала набіраць абароты, вось тады я спалохалася. Бо напісаўшы б тады яму, што была б не супраць даведацца пра групу пабольш, зараз я б магла і не пісаць гэты матэрыял. І мне насамрэч страшна.

Мне страшна, таму што я разумею, што гэта глупства, што гэта бязглуздзіца, але ў мяне расце малодшая сястра. Яна яшчэ не бачыла свету, яна не знаёмая з тэматыкай сацыяльных сетак, яна ўражлівая. Мне страшна, што гэта можа закрануць і яе. Я стараюся гэтага не дапусціць, проста назіраю, чым яна займаецца пры выхадзе ў інтэрнэт.

 

Такім чынам, што такога ёсць у гэтых групах, што прыцягвае дзяцей? На мой погляд, ключавое слова тут — дзяцей. Хлопчыкі і дзяўчынкі, яшчэ юныя, такія чыстыя, не разумеюць, што гэтая «гульня» зусім не «гульня». Па статыстыцы ў #синегокита гуляюць дзеці ва ўзросце 12-15 гадоў. Чаму? Вельмі лёгка здагадацца. Таму што яны яшчэ юныя. Як раз у гэты час надыходзіць пераходны ўзрост, пачынаюцца глабальныя, на іх погляд, праблемы, пастаянныя сваркі з бацькамі. А таямнічыя знакі, змрочныя пасты і ўскрытыя вены толькі падліваюць алею ў агонь.

Напэўна, гэта яшчэ не ўсё, бо на старонках у гэтых групах можна ўбачыць нават відэа самагубстваў. Там можна прачытаць гісторыю дзяўчынкі Рыны, якая, здзейсніла суіцыд. Гэтая гісторыя, дарэчы, стала прыколам у

інтэрнэце. Так, у гэта складана паверыць, але так і ёсць. І потым, начытаўшыся, нагледзеўшыся, нарэзаўшыся ножыкам — нават так, дзеці захапляюцца. Гэтыя пакуты захапляюць дзяцей. Магчыма, у гэтым яны шукаюць выйсце. У «гульні» яны знаходзяць падтрымку з боку “куратараў”. Бо да сваіх падапечных напачатку тыя ставяцца цярпліва, чакаюць момант. Момант, калі дзіця зламаецца.

Менавіта гэтае слова, чалавек ламаецца. Ніколі нельга дазваляць зламаць сябе.

Момант Х, смерць. Як гэта адбываецца? Я чытала шмат інфармацыі, глядзела шмат відэа, якія былі зняты папулярнымі блогерамі як Беларусі, так і Расіі. І што я даведалася?

Калі надыходзіць час апошняга, 50-га, задання, некаторыя дзеці сумняваюцца, адмаўляюцца. І выдатна! І ўсё б было добра, калі б не тое, што ім не дазваляюць адмовіцца. Маўляў, раз пачаў, то завяршай. Пад шантажом (калі ты не скокнеш з даху, мы заб’ём усю тваю сям’ю) дзіця згаджаецца. Яны вымушаюць дзіця здзейсніць суіцыд.

Гэтыя людзі — забойцы. Бо калі па тваёй віне памёр чалавек, усё роўна якая паміж вамі было адлегласць, ты забойца.

Самае жудаснае тое, што арганізатар усяго гэтага хаосу, Філіп Ліс, быў даўно затрыманы, але ў яго засталіся паслядоўнікі. І яны з’яўляюцца кожны дзень. І, вядома, рэальнасць трохі менш цікавая, чым здагадкі нашай фантазіі. Гэтыя «гульні» сталі трэндам, і кіруюць імі дакладна такія ж падлеткі, як тыя, хто гуляюць у іх (у ходзе следства былі названы імёны адміністратараў самых вядомых «груп смерці», і адной з іх 14 гадоў). Даўно зразумела, што ў сувязі з эмацыйным фонам падлеткі часцей становяцца ахвярамі суіцыду, чым дарослыя, і гэтая тэндэнцыя існавала заўсёды. Але каб тыя ж самыя падлеткі заклікалі да суіцыду — гэта ўжо выходзіць за рамкі.

 

Цікава, што ўсе падлеткі падзяліліся на тры групы. Першая — «пакутлівая» — тыя, хто гуляе ў «гульню». Другая — «нейтральная», думаю, тут і так усё зразумела. І, нарэшце, трэцяя. Гэта тыя, хто змагаюцца супраць гэтай «гульні». Змагаюцца рознымі спосабамі, праз іншыя сацыяльныя сеткі. Напрыклад, дзеці, якія зарэгістраваныя ў Твітары (так званыя «твітарскія») прыдумалі сваю гульню. Яна называецца #синийкіт. Яны пішуць пасты супраць арыгінальнай гульні, выразаюць з паперы катоў, спецыяльна напрошваюцца да «куратараў» #синегокита ў асабістыя паведамленні і надакучваюць ім, тым самым выводзячы іх з сябе. Я лічу, што гэта лепшае, што маглі прыдумаць дзеці ў процівагу ўсяму гэтаму хаосу.

На самай справе кожны чалавек, які паважае сябе, ніколі не пачне гуляць у гульні са смерцю. Кожны разважлівы, кожны маральны ці рэлігіёзны чалавек ніколі не дазволіць падвяргаць сябе, сваё цела ці нават свае думкі небяспецы. Кожная персона, ацэньваючы ўсю сітуацыю цвяроза, будзе супраць гэтай гульні. І тыя, хто пачынаюць у яе гуляць, хай нават «дзеля прыколу” — павінны неадкладна спыняцца, пакуль не стала занадта позна.

Я люблю сваё жыццё, сваю сям’ю, сваё месца ў грамадстве, сваіх сяброў. У мяне ёсць мэта, ёсць мары, якія я хачу ўвасобіць у хуткім часе. Я б хацела пабываць у многіх краінах нашай планеты, убачыць большасць гарадоў і сталіц, перазнаёміцца з многімі людзьмі. Дык навошта ж мне перакрэсліваць усё гэта адным крокам з акна сваёй кватэры? Для чаго мне адмаўляцца ад будучыні? Чаму я павінна сцерці сваю памяць, перакрэсліць сабе дарогу?

Дарагія бацькі. Не ўсе дзеці на свеце ўстойлівыя і дарослыя. Я ўпэўнена, што большасць падлеткаў — гэта ранімыя, маленькія і далікатныя вазачкі, якія могуць у любы момант разбіцца. Дык давайце ж умацуем гэты крышталь, давайце станем яму апорай. Не драўляным, а жалезным сталом. Сачыце за дзецьмі, правярайце іх сацыяльныя сеткі. Усталюйце за сабой правіла правяраць дзіця адзін раз у тыдзень або ў месяц. Пытайцеся за вячэрай, як у яго справы, што новага ў школе, як адносіны з сябрамі, можа, хто крыўдзіць. Так, магчыма вашым дзецям гэта не спадабаецца, магчыма, яны скажуць, што гэта іх асабістая справа. Але бяспека вышэй за ўсё. Здароўе вышэй за ўсё. Жыццё чалавека — яно бясцэннае.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *