Хварэю табою, Беларусь

Мой чарговы паход на спектакль у Рэспубліканскі тэатр беларускай драмы. Твары акцёраў ужо даволі знаёмыя: Вераніка Буслаева, Віктар Багушэвіч, Максім Паніматчанка, Сяргей Шымко, Людміла Сідаркевіч.

«Кругі раю» — пастаноўка пра класіка беларускай літаратуры, паэта Янку Купалу. Янка Купала, якого мы ведаем – гэта не проста народны паэт, якого ўсе услаўлялі. Час, у якім жыў Янка(Іван Дамінікавіч Луцэвіч) складаны і няпросты. Была прыемна здзіўлена, калі пабачыла акцёра, што выконваў галоўную ролю – ён быў неверагодна падобны да паэта.

С самага пачатку спектакля можна пабачыць, што Янка Купала – асаблівы з дзяцінства. Ён дэкламуе свае вершы сябрам, не баючыся гаварыць такія ўзнёслыя словы. Асабліва моцная сувязь у Янкі з маці – сэрца яе баліць, калі той ад’язджае ў Вільню.

Там Янка сустракае сваё каханне – Уладзіславу. Даволі кранальная сцэна, калі паэт і дзяўчына стаяць моўчкі, і глядзяць адзін на аднаго, узяўшы рука ў руку.

— Але ж яны маўчаць, яны ж не гавораць.

— Гавораць іх сэрцы.

У гэты час Янка марыць пра светлую будучыню, піша пра гэта свае вершы. Успомніць знакаміты верш «А хто там ідзе?», які прасякнуты патрыятызмам, любоўю да Радзімы і менавіта непакоем за яе лёс.

І вось ціхае жыццё людзей скалыхнула завіруха рэвалюцыі. У спектаклі нават прыход да ўлады бальшавікоў быў паказаны цікава: тры чалавекі пранеслі доўгі, шырокі кавалак чырвонай тканіны, прасцінуўшы яго паўз усю сцэну.

Спачатку Янка нібы і радуецца зменам ў дзяржаве і грамадстве. Але варта крыху прыгледзецца – і ў вочы кінуцца ўсе хібы. Новая ўлада насаджвае свае лозунгі тыпу «хто быў усім, той стане нікім», але, па сутнасці, гэты час можна ахарактарызаваць часам рабаўнікоў, хлусоў і разбойнікаў. Дужа жорсткі момант адбыўся, калі менавіта прадстаўнікі рэвалюцыі сутыкнуліся з дзяўчынай. Яны здзекаваліся з яе, бо ведалі, што за гэта ім нічога не будзе. Вось яно і “ўсё для народа”.

Новая ўлада спачатку спрабуе ўлагодзіць паэта ўзнагародай – яму прысуджаюць званне народнага паэта БССР. Але потым Купала сустракаецца з шэрагам абвінавачванняў з боку ўлады. Ці выстаіць звычайны чалавек перад безпадстаўным гнётам?

“Кругі раю” – гэта шлях паэта. Шлях складанасцей і супярэчнасцей. І каб не збочыць, трэба заўсёды памятаць словы:

Няхай свет пазнае ўсе песнi бяздольнiка, Хай вораг-мучыцель дрыжыць з праўды слоў,
Быць вольным хай родзяцца думкi ў нявольнiка, Хай быць чалавекам захоча брат мой.

Дар’я Кукса

ФОТА : http://rtbd.by/project/krugi-rau/

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Дарья Кукса

Абитуриентка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *