Што можа яднаць Квенціна Таранціна і Інстытут журналістыкі БДУ? Кінаманы лёгка ўзгадаюць апошні на дадзены момант фільм вядомага амерыканскага рэжысёра: «Мярзотная васьмёрка». Паводле сюжэту карціны васьмёра абсалютна розных людзей, якіх аб’ядноўвае пэўная мэта, сустракаюцца ў выпадковым месцы.
На пачатку 2018 года на журфаку БДУ распачаўся першы семестр чарговага набору перападрыхтоўкі па спецыяльнасці «Інтэрнэт-журналістыка». Між іншым, гэтая спецыяльнасць была запушчаная роўна дзесяць год таму. Пакуль што цяжка сказаць, ці будзе лёс вучэбнай групы нагадваць прыгоды герояў Таранціна, але іронія лёсу ў тым, што студэнтаў сёлета набралося менавіта восем.
Мэтр эпатажнага кіно быў бы задаволены: у аўдыторыі сабралося восем людзей, якіх дагэтуль не звязвала анічога. Яны прыехалі з розных гарадоў, навучаліся ў розных універсітэтах, працавалі ў самых розных месцах: ад металургічнага завода да мужчынскага манастыра. Яднала іх выключна адна пачэсная мэта: стаць прафесіяналам у сферы інтэрнэт-журналістыкі.
«Мярзотная васьмёрка» стала лаўрэатам найважнейшых кінапрэмій: «Оскар», «Bafta» ды «Залаты глобус». Ці будзе паспяховым кар’ерны шлях «Цудоўнай васьмёркі» з журфака, стане вядома як мінімум праз паўтары гады, калі студэнты плануюць атрымаць дыплом. Але ёсць верагоднасць таго, што час навучання будзе для іх такім жа вясёлым, насычаным і нестандартным, як у персанажаў папулярнай кінастужкі.