Новае Палессе

Абитуриент Разное

Сакавік 1954 года, палеская глуш, чыгуначная станцыя “Шацілкі”, група маладых ініцыятыўных будаўнікоў…

Менавіта гэта вялікая, але малавядомая вёска стала пляцоўкай для будаўніцтва найбуйнейшай на той час цеплавой электрастанцыі рэспублікі — Васілевіцкай ДРЭС. І ўжо праз чатыры гады побач з ёй з’явіўся пасёлак энергетыкаў, насельніцтва якога складала каля шасці тысяч чалавек. Тут шумела жыццё, тут пачынаўся Светлагорск.

Зараз гэты раён называюць Старым горадам. У гэтым месцы знаходзіцца “Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей”, у яго шасці экспазіцыйных залах шырока прадстаўлены розныя тэмы: прырода і экалогія, археалогія і этнаграфія, Вялікая Айчынная вайна, гісторыя прамысловага, сацыяльна-эканамічнага развіцця Светлагоршчыны. Таксама сабраны багатыя калекцыі жывапісу, рэдкай кнігі, нумізматыкі і інш. Яшчэ ў Старым горадзе можна знайсці “Светлагорскі раённы дом рамёстваў” і сапраўдны палац — “Светлагорскі дом культуры энергетыкаў”, фасад якога ўпрыгожаны скульптурай Праметэя, што нясе светлагорцам агонь. На гэтых вуліцах можна пачуць рэха перыяду будаўніцтва Васілевіцкай ДРЭС, тут дыхае гісторыя, тут жыве культура. Але ёсць у Светлагорску месца, дзе захаваліся хаты з часоў Шацілак, у гэтай частцы горада можна сапраўды адпачыць ад гарадской мітусні, паглыбіцца ў спакойнае жыццё.

Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей

Многія жартуюць: “Мы не разумеем, што такое Светлагорск: ці гэта лес у горадзе, ці гэта горад у лесе?” Сапраўды, у самім горадзе тры вялікія лясныя масівы, а пералескі сустракаюцца паўсюль. У “палескай глушы” знаходзяцца і некаторыя грамадскія будынкі: басейн, стадыён “Бумажнік”, школа мастацтваў. На мой погляд, архітэктары нездарма пакінулі ў горадзе гэтыя прыродныя часткі. Светлагорск — адзін з найбуйнейшых прамысловых цэнтраў Беларусі. Зразумела, адны толькі шэрыя будынкі не змаглі б захаваць чысціню навакольнага асяроддзя. А вось зялёныя лёгкія не даюць гораду забрудзіцца. І, канечне ж, кожнаму часам патрэбна адпачыць думкамі і душой на прыродзе.

Стадыён “Бумажнік”

Але галоўным дасягненнем архітэктараў можна лічыць Цэнтральную плошчу Светлагорска. Менавіта тут злучаюцца Стары горад і сучасныя мікрараёны. Побач працягнулася невялікая, але даволі утульная набярэжная, з якой адкрываецца прыемны від на самую доўгую раку Беларусі — Бярэзіну. У цэнтры горада знаходзяцца таксама кінатэатр “Юнасць”, галоўная гасцініца, “Гарадскі цэнтр культуры” і райвыканкам. Асноўным жа акцэнтам плошчы і самым высокім жылым будынкам Светлагорска з’яўляецца 16-павярхоўка, з балконаў якой адкрываецца раскошны від на горад,  Бярэзіну і некаторыя прамысловыя прадпрыемствы. А ў яе падножжа ўсталяваны помнік Раману Шаціле, легендарнаму заснавальніку Шацілак. Яшчэ ўвагу турыстаў прыцягвае партрэт Леанарда Ды Капрыа на адным з жылых дамоў, з’яўленне гэтага шэдэўра мае сваю цікавую гісторыю…

Цэнтральная плошча Светлагорска

Гэта ўсё і стварае арыгінальны стыль Светлагорска. 29 ліпеня 1961 года на карце БССР з’явіўся наш горад. Чаму менавіта такая назва? Былі розныя варыянты (“Камсамольск”, “Партызанск”, “Маладзёжны”), але перамог “Светлагорск”, бо будаўнікі паставілі перад сабой мэту прынесці ў гэты глухі куток святло. Так, горад даволі малады, але за гэты кароткі час ён ужо пакінуў нейкі след у гісторыі краіны. Дарэчы, Светлагорск — горад таямніц. Шмат з іх яшчэ нікім не спазнана. Ходзяць розныя чуткі і плёткі, але далёка не ўсім можна верыць. Вуліцы і лясы нашага горада могуць шмат чаго расказаць кожнаму. Гэта месца для сапраўды дапытлівых людзей. Магчыма, вы таксама хочаце адчыніць дзверы ў гэты таямнічы свет?



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *