Поспех, ён унутры, у табе самім…

Што ёсць поспех для творчага чалавека? Ці заўсёды ён парўноўваецца з грашыма, папулярнасцю? Мы паспрабавалі высветліць адказы на гэтыя пытанні ў маладога фатографа Аляксея Грызунта.

 

Чаму пачаў фатаграфаваць?

– Чаму ўвогуле можна пачаць фатаграфаваць? Я пачаў чаму… хацеў захаваць нейкія моманты свайго жыцця, хацеў захаваць твары сваіх сяброў, потым паглядзець, успомніць, пасмяяцца. Нават не памятаю, калі гэта пачалося. Першыя здымкі з’явіліся тады, напэўна, калі матуля ўсё прасіла яе сфатаграфаваць у нашых падарожжах.

Як думаеш, ці зможаш забяспечыць сябе пры дапамозе выключна гэтага занятку ў будучыні?

– Гэта цяжкае для мяне пытанне. Супярэчлівыя думкі ў мяне наконт аплаты такой працы. Люблю фатаграфаваць увогуле і фатаграфаваць людзей у прыватнасці, але не зусім згодны, што за мастацтва трэба прасіць грошы. Але ж магчымасці тут бязмежныя. Калі буду ў сферы развівацца, калі мае здымкі будуць падабацца людзям і атрымаецца такім чынам зрабіць самому сабе рэкламу, тады – так, змагу, канешне. Але ж калі сам сябе не зарэкамендую, то як ведаць. Усё ж такі занятак для мяне больш важны ў духоўным плане, гэта тое, што робіць мяне спакайнейшым, матывуе, а грошы прыкладаюцца. А калі я змяню сваю ўнутраную матывацыю знешняй і буду арыентавацца на заробак, то сэнс працы зусім згубіцца. Фатаграфія ёсць мастацтва.

Плёнка/лічбавыя фотаапараты?

– Лічбавы фотаапарат – гэта камп’ютар. Момант не адбіваецца ў іх на матрыцы, гэта ўсё лічбы, лічбы… Такі здымак не захоўваецца матэрыяльна. Я выбіраю плёнку, таму што на ёй сапраўды адлюстроўваецца і святло, і настрой, і ўся агульная атмасфера. Кадр трапляе адразу на рэактывы, і гэта сапраўднае, жывое, што рэальна было.

 

 

Instagram: уласнае задавальненне ці заробак?

– З майго пункту гледжання гэта, канешне, задавальненне. Апошні час нешта зусім не разумею, нашто ён мне, – смяецца. – Гэта проста вопыт нейкіх зносін, сродак, пры дапамозе якога можна падзяліцца з іншымі, дзе ты, хто, чым цікавішся. Гартаеш стужку, атрымліваеш асалоду ды ўсё. А заробак, рэклама… адносна Instagram’a – зусім не маё. Такое мастацтва прадаваць адмаўляюся.

Твае крытэрыі ўдалага здымку?

– Ну, што такое ўдалы здымак. Вось зробіш здымак і бачыш – тут ёсць на што глядзець. Выглядае даволі гарманічна – удалы здымак. Лягчэй выбраць няўдалы. Тая ж геаметрыя, тое ж святло, твары людзей і іх шчырасць. Калі гэта ўсё не суадносіцца, не гарманіруе – здымак не ўдаўся.

Любімы жанр?

– Па-першае, скейт-фота. Не ўвогуле ўсе экстрымальныя віды і жанры, не сноўборд-фота, не сёрф-фота, а менавіта адзін. Гэта абумоўлена маёй уласнай любоўю да скейтбордынга. А ўвогуле вельмі люблю стрыт-фотаздымкі. Вось ты ідзеш па вуліцы і ловіш гэтыя выпадкі, ніколі не ведаеш, што ўбачыш за вуглом. Гэта такая цудоўная імправізацыя. Глядзіш на іх звычайнымі вачыма і ўжо захапляешся, бо таксама па вуліцы ходзіш і бачыш, а нехта такія моманты яшчэ і захоўвае. А калі потым яшчэ і ў дробязі ўглядзішся, разумееш, што шанец злавіць нешта такое дзіўнае адзін на мільён, але ён ёсць і ў цябе. Я б да гэтага яшчэ сямейныя здымкі аднёс. Не такія, як у студыях робяць, а нейкія выпадковыя здымкі тых, каго любіш. Эмоцыя для мяне галоўнае.

Імправізуеш ці абдумваеш канцэпт здымкаў загадзя?

– Калі як. Да і ўвогуле імправізуеш хутчэй не ты, імправізуе момант, прырода вакол цябе, вуліца, а ты проста гэта ловіш. Але, канешне, гэта і твая імправізацыя. Калі, напрыклад, ты бачыш нешта, што ўляціць праз момант, ты проста фатаграфуеш і не абдумваеш, з якога боку гэта зняць лепей. Але я люблю і падумаць над сваімі будучымі здымкамі, задаць канцэпцыю. Дарэчы, калі падрыхтуеш ідэю, лепш атрымоўваецца. Здымкі тады выглядаюць статычна і гарманічна, таму што ты загадзя ўсё пабудаваў у галаве і засталося толькі матэрыялізаваць. Імправізацыя ж мне будзе бліжэй, таму што я такі фатограф, які не прыдумае, пакуль не ўбачыць. Патрэбны падштуршок!

Ці ёсць якія-небудзь прафесійныя звычкі?

– Камеру таскаю заўсёды і паўсюль. Спрабую ва ўсім ўбачыць больш, чым ёсць на першы погляд і ўвогуле рэальна ёсць. Часам інтуіцыя ўжо падказвае: тое, што ты бачыш, гэта не ўсё. Напэўна, такая звычка – глядзець на ўсё больш патрабавальна, углядацца ў дробязі, пакуль не ўзнікне нейкі новы сэнс.

 

– Поспех для фатографа – гэта калі твае творчыя здольнасці маюць выйсце і вынік. Што можа быць лепей, чым мець магчымасць проста фатаграфаць? Глядзець ў вочы людзям, якія ацэньваюць тваю працу? Поспех, ён унутры, у табе самім.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *