Прывід Ляхавіцкага замка

Сёння Ляхавічы — гэта невялікі горад з насельніцтвам каля 11 тысяч чалавек. Вялікіх перспектыў на будучыню пакуль што не відаць, таму і не думаецца, што калі-небудзь горад можа стаць высокаразвітым як эканамічна, так і культурна. Але ж вось каб захавалася знакамітая Ляхавіцкая фартэцыя, то ўсё, мабыць, склалася б інакш.

Большасць жыхароў Ляхаўшчыны ведае, што некалі на месцы цяперашніх вуліц Раганава і Замкавай стаяў грозны замак, які быў адным з найбуйнейшых умацаванняў не толькі ў Рэчы Паспалітай, але і ва ўсёй Еўропе. Да таго ж, многія гісторыкі лічаць, што гэта быў самы прыгожы замак на тэрыторыі Беларусі. Таму мы вырашылі, што было б добра паведаміць усім аб тым, чым былі ў мінулым знакамітыя Ляхавічы і чаго іх пазбавілі.

Хоць афіцыйна 1492 год лічыцца годам першага ўпамінання Ляхавіч, але годам сапраўднага «заснавання» нашага горада можна назваць 1572 год. Менавіта ў гэты час Ляхавічы выкупіў Ян Караль Хадкевіч, які і распачаў будаўніцтва новага каменнага замка на месцы старога драўлянага, пра які на сенняшні момант амаль нічога не вядома. Пабудаваны замак быў у канцы XVI стагоддзя і амаль адразу прайшоў праверку на трываласць: ў 1595-1596 гадах Ляхавічы былі абложаны войскамі Северына Налівайка. Пасля Ляхавічы былі не аднойчы  ўцягнуты ў ваенныя падзеі, але захапіць горад удалася толькі шведам падчас Паўночнай вайны. Ды і толькі тады, калі яго абаранялі расійскія войскі. Дарэчы, менавіта пасля захопу замка шведамі пачалося разбурэнне Ляхавіцкай фартэцыі. Часткова замак быў пашкоджаны яшчэ падчас аблогі, але асноўныя разбурэнні будынак перанес, калі шведы адступалі і пакідалі замак. Тады яны ўзарвалі паўночную сцяну замка, якую потым ніхто ўжо не аднаўляў. Паўночная вайна была апошняй, у якую замак бралі ў аблогу. З-за цяжкага эканамічнага становішча Рэчы Паспалітай у XVIII стагоддзі кіраўніцтву краіны было не да аднаўлення замкаў. Пасля другога раздзелу Рэчы Паспалітай ён апынуўся на тэрыторыі Расійскай Імперыі ў прымежнай зоне. Паколькі Ляхавічы былі амаль што на мяжы паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай Імперыяй, улады Расіі вырашылі аднавіць замак. Ужо ўсе было падрыхтавана да аднаўлення, але ў апошні момант пачалося паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, з-за якога аднаўленне фартэцыі скончылася, не паспеўшы пачацца. А пасля гэтага адбыўся яшчэ адзін падзел Рэчы Паспалітай (ужо трэці), у выніку якога Рэч Паспалітая перастала існаваць, а ўся сучасная Беларусь стала часткай Расійскай Імперыі. «Дзякуючы» гэтаму неабходнасць у аднаўленні замка адпала, і ён так і застаўся напалову разбураным. У XIX стагоддзі ўлады Расійскай Імперыі дазволілі мясцовым жыхарам разбурыць замак. З цягам часу жыхары дашчэнту зруінавалі будучую каштоўнасць. Больш-менш добра захаваліся толькі брамная вежа і перакідны мост, якія потым разабралі гандляры на продаж.

Што ж з сябе ўяўляла гэтая фартэцыя? Замак меў правільную чатырохкутную форму, але на кожным куце размяшчаўся трохкутны бастыённы выступ. Памеры замка — 175 на 220 метраў. З усіх бакоў замак быў акружаны ровам, які быў цэлы год запоўнены вадой ( ён падсілкоўваўся перакрытай плацінай ракі Ведзьма). Каля замка былі адны вароты, з якіх праз роў перакідваўся драўляны мост, размешчаны на першым ярусе брамной вежы. Бастыёны замка былі поўнымі. Гэта значыць, ўнутры яны практычна цалкам былі запоўнены зямлёй, што рабіла іх больш моцнымі, але і значна даражэйшымі. Усе бастыёны былі злучаны паміж сабой падземнымі хадамі. На тэрыторыі самога замка знаходзіўся арсенал — масіўнае каменнае аднапавярховае збудаванне, а таксама цудоўны двухпавярховы каменны палац у форме літары «П», з высокім дахам і невялічкімі вежкамі ў стылі барока. Таксама на тэрыторыі замка знаходзіўся патаемны ход, які з часам, на жаль, абсыпаўся. І сёння нельга выявіць, куды ён вёў. Палац ды арсенал, як вы разумееце, таксама былі разбураны.

Да нашых дзён, на жаль, амаль нічога ад замка, акрамя некалькіх сярэдневяковых камянёў, не захавалася. Замкавыя равы былі часткова знішчаны. Калі ісці з аўтастанцыі ў бок бальніцы праз вуліцу Замкавую, то можна заўважыць невялікае паглыбленне паміж аўтастанцыяй і жылымі дамамі на гэтай вуліцы. Менавіта тут калісьці быў адзін з равоў. Акрамя гэтага, захавалася невялікая частка аднаго з падземных хадоў, што злучалі бастыёны замка. Цяпер гэта падвал аднаго з жылых дамоў на вуліцы Раганава.

На жаль, зараз Ляхавічы — гэта амаль нічым не прыкметны горад з вельмі багатай гісторыяй. Але каб замак захаваўся да нашых дзён, то зараз нашы Ляхавічы сталі б у адзін рад з такімі гарадамі, як Ліда, Нясвіж, Мір. І толькі ўявіце сабе, як выглядаў бы наш горад, калі б побач з нашымі дамамі стаяў грозны, але,  ў той жа момант, вельмі прыгожы замак. Як гэта было б цудоўна!

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *