Шляхамі алімпіяды

…I гучаць нябёсныя арганы,
I жывуць у сэрцы,
I злiваюцца ў гуках паланезу…
…я ніколі не любіла развітвацца. З усім. Зусім. Нават з самым дрэнным. А зараз мне трэба развітацца з Алімпіядай, са значнай часткай майго жыцця. Як бы гэтага хацелася не рабіць, у мяне няма выбару. “Развітанне з Радзімай” гучыць штодня ў Слоніме а шостай гадзіне вечара. Развітанне з Алімпіядай гучыць штосекунду ў маёй душы… Вечнасцямі не кідаюцца, але гэтае пачуццё пасялілася ў маім сэрцы калі не назаўсёды, то, прынамсі, надоўга…
…Над сядзiбай крумкачамi знак бяды,
Ох i наядзiмся супу з лебяды.
Чорныя часы грукочуць у дзверы,
Ды не сена косяць касiнеры…
…гэтыя словы сталі для мяне – а можа, і не толькі для мяне – своеасаблівым гімнам Алімпіяды. Памятаю, як упершыню пачула гэтую песню. Мяне здзівіла, што тэкст ведаў кожны без выключэння. Алімпіяда аб’яднала самых розных людзей, праз душу якіх чырвоненькай нітачкай праходзіла беларускасць. Гаворачы, што буду сумаваць па Аліпіядзе, я ўпэўнена, што гэты сум будзе не па лінгвістыцы, водгуку або вусным выказванні (хаця хто гэта можа ведаць дакладна), а па людзях, па атмасферы, якую яны стваралі. Нягледзячы на тое, што кожны з нас наеўся лебяды, а хтосьці нават палыну, асабіста ў мае дзверы грукалі толькі светлыя часіны…
…Жыве з iм дум маiх сям’я
I снiць з iм сны нязводныя…
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю…
…Алімпіяда дала мне значна больш, чым я магла ўявіць. Яна дала мне БЕЛАРУСЬ. Не крывячы душой, прызнаюся, што да вясны дзявятага класа, калі я трапіла ў кола алімпіёнікаў, мая зямля была быццам захінута ад мяне фіранкамі. Алімпіяда ж іх рассунула. Быццам я апранула акуляры, і перад маімі вачыма апынуўся бясцэнны, самабытны скарб, які немагчыма не любіць…
…Грай! Шукай! У снах юнацкіх твае мары!
Грай! Гукай! Вясны зяленай цёплай чары!
Грай! Спявай! Дружна песні райскай волі!
Грай! Грай! Гані быкоў – вярнецца доля!..
…за два тыдні пасля заканчэння рэспублікі Алімпіяда мне снілася тройчы, гэта калі ўлічваць, што сны я бачу дзесьці раз на два месяцы. Кажуць, што сніцца тое, чаго больш за ўсё не хапае… Спадзяюся, Алімпіядзе было ўтульна ў маім сэрцы…Але гэты час скончыўся… Адзінае, чаго хочацца, каб яна знайшла сабе іншае, але не менш цёплае і ўтульнае месца…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *