Свет выратуе дабрыня…

Абитуриент Разное

Юнацтва – гэта час максімалізму і ідэалізму. Здаецца, што ты можаш зрабіць штосьці вартае, зрабіць гэты свет лепшым. Варта адзначыць, што гэтыя рысы могуць проста застацца перажыткам маладосці, а могуць даць плён. Другі выпадак я на днях магла выразна пабачыць.


Звычайны веласіпедны шпацыр ператварыўся для мяне ў прыгоды. Ужо на шляху дадому я спаткала крыху знаёмага хлопчыка. Ён мяне спыніў і папрасіў дапамогі. Як апынулася, Максім – так звалі таго хлопца – займаючыся спортам у лесе, пачуў дзіцячы плач. Выйшаў на размешчаную непадалёк дарогу і клікаў на дапамогу дарослых кіроўцаў машын. Аднак яны не спыняліся або ігнаравалі яго просьбы.

Мая ж задача была нескладаная – проста пастаяць побач, пакуль прыйдзе маці Максіма.
Яна прыйшла дужа хутка. Мы знайшлі тое месца, адкуль чуліся гукі, побач стаяў турнік. Спачатку не было нічога чутна, толькі дзесьці зязюля перакліквалася з салаўём. І вось пачуўся той плач, плач зусім маленькага дзіцяці. Мы ўтраёх накіраваліся ў той бок – не было ні адной прыкметы прабывання там жывой істоты. У той жа момант плач пачуўся з іншага боку. Згадзіцеся, таямніча і незразумела?

Тут да мяне прыйшла добрая думка: “Мой бацька – выратавальнік!” Тэлефонны званок – і ён ужо ў лесе. Аднак нават прафесіянал не адразу зразумеў , што ж такое адбываецца. Яшчэ раз прайшоўшыся па ўзлеску, бацька вярнуўся да турніка. І толькі тады пільнае вока вопытнага чалавека заўважыла дрэнна прымацаваны турнік, што вырабляе гукі , падобныя да плачу дзіцяці,  .
Усё скончылася надзвычай добра. Юнацкі максімалізм вывеў на чыстую ваду існасць усіх удзельнікаў гэтай падзеі. Дабрыня і смеласць перамаглі. Перамагла агульная неабыякавасць.Так, гераічны ўчынак не атрымаўся, але ён меў месца быць. Бо не абставіны кіруюць чалавекам, а наадварот. Свет стаў лепшым. Мой свет стаў лепшым.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *