5 беларускіх сучасных кніг, якія вы, магчыма, не чыталі

Кожны дзень у інтэрнэце мы бачым вялікую колькасць спісаў з кнігамі, якія абавязан прачытаць «кожны адукаваны чалавек» альбо кнігі, якія «зменяць наша жыццё». Аднак праблема ў тым, што большасць з гэтых спісаў паўтараюць адны і тыя ж сусветна вядомыя творы, якія, напэўна, вядомы і прачытаны ўсімі, хто ў нейкай ступені цікавіцца літаратурай. Сёння я прапаную вам крыху змяніць гэту сітуацыю і пагутарыць пра нашу беларускую літаратуру.

На дадзены момант яна перажывае свой росквіт і набывае ўсё большую папулярнасць сярод чытацкай публікі. У XXI стагоддзі творцы, нарэшце, змаглі адмовіцца ад такіх тэм, як «вёска» і «вайна», якія у большасці людзей і асацыююцца з нашай літаратурай. Сёння кожны чалавек незалежна ад таго, якому жанру ён аддае большую первагу, здольны адшукаць нешта на свой густ у беларускай літаратуры, бо такой колькасці цікавых і разнастайных па тэмах твораў не было даволі доўга. Такім чынам, зараз мне б хацелася параіць вам некалькі файных сучасных кніг, напісыных на беларускай мове, бясспрэчна, таленавітымі і вартымі ўвагі людзьмі.

1. Віктар Марціновіч «Мова»
Адзін з самых папулярных і вядомых за мяжой беларускіх празаікаў, інтэлектуал – Віктар Марціновіч, працягвае ўражваць публіку сваімі захапляльнымі кнгамі, у якіх асвятляюцца злабадзённыя тэмы сучаснага грамадства.
«Мова» – гэта антыўтопія, якая прымусіць працаваць усе звіліны вашага мозгу і не заставіць раўнадушным ніводнага чытача. Дзеянне рамана адбываецца ў 4741 годзе ў саюзнай дзяржаве Кітая і Расіі, дзе цэнтр Мінска – гэта густанаселены кітайскі квартал. Увесь сюжэт завязваецца вакол скрукткаў – старажытных каштоўнасцей, якія знаходзяцца па-за межамі закона. Гэта кніга – страшны сон пра будучыню, дзе галоўныя героі спрабуюць зламаць сістэму, у якой дабро і зло, асветнікі і злачынцы, каханне і спажыванне, вернасць і здрада памяняліся месцамі.
А галоўнае пытанне: які лёс чакае Беларусь?
2. Людміла Рублеўская  «Дагератып»
Як сказаў адзін мой знаёмы: «Рублеўская – гэта Караткевіч у спадніцы». Безумоўна, на сённяшні дзень яе прыгодніцка-дэтэктыўныя раманы з’яўляюцца аднымі з найлепшых прадстаўленых ў гэтым жанры. Захапляючы цікавым сюжэтам і да таго ж асвятляючы гісторыю Беларусі, Рублеўская прываблівае чытача сваёй арыгінальнасцю і непаўторнасцю.
«Дагератып» – незвычайны раман з асаблівай структурай: дзеянне Кнігі знешняга кола перацякае ў Кнігу ўнутранага кола, з сучаснасці ў гістарычнае мінулае. Анатацая да рамана гучыць так: «У наш час маладая журналістка Сімка дапамагае разблытаць сямейныя таямніцы біёлагу Гальяшу. Выпадкова ў старой дзедавай кватэры яны знаходзяць дзённік. Перад іх вачыма паўстаюць загадкавыя падзеі з канца XIX стагоддзя…
Уладальнікі фотаатэлье ў правінцыйным беларускім мястэчку, незалежная прыгажуня Багуслава і яе бацька Варакса Ніхель, разам з двума патрыятычна настроенымі студэнтамі выпраўляюцца фатаграфаваць этнаграфічную калекцыю ў злавесны маёнтак Жухавічы, гаспадара якога лічаць ваўкалакам. Далейшыя падзеі прымаюць самы нечаканы абарот…»
Такім чынам, калі вы цікавіцеся гісторыяй, міфалогіяй і ўвогуле вам падабаюцца загадкавыя творы, якія трымаюць у напружанні да апошняй старонкі, то «Дагератып» варты вашай увагі.
3. Юры Станкевіч «Любіць ноч – права пацукоў»
Станкевіч – аўтар, які закранае ў сваіх творах праблемы, пра якія многія баяцца гаварыць, а тым больш вырашаць. Жорсткая праўда падаецца на талерцы разам з несуцешным болем ад немагчымасці штосьці змяніць сваімі ўчынкамі. Аднак перастаць змагацца яшчэ горш, чым заставіць ўсё як ёсць. Гэта кніга чытаецца за адзін вечар, аднак пакідае пасля сябе змешаныя пачуцці.
У сваім рамане аўтар адлюстроўвае рэаліі другой паловы 90-х гадоў. У правінцыйным мястэчку Янаўску раптоўна з’яўляюцца ўцекачы з Усходу, і менавіта з гэтага моманту жыццё гарадка змяняецца назаўсёды. Пасяліўшыся на ўскрайку, чужынцы наладжваюць гандаль наркотыкамі, гвалцяць мясцовых дзяўчат і ўвогуле паводзяць сябе больш, чым непрыстойна. Настаўніца Люба – адзіная, хто спрабуе паўплываць на сітуацыю і абараніць свайго маленькага сына. Да чаго гэта ўсё прывядзе, хто зможа спыніць зло і ці будзе яно пакарана, вы даведаецеся, калі прачытаеце гэты раман.

4.Андрусь Горват «Радзіва Прудок»
Кніга, якая стала бэстсэлерам 2017 года. Кніга, гісторыя ствараэння якой ужо заслугоўвае таго, каб яе прачыталі, бо яна заснавана на рэальных падзеях!
Андрусь Горват – журналіст па адукацыі, пэўны перыяд свайго жыцця працаваў дворнікам Купалаўскага тэатра, аднак, некаторыя роздумы прывялі яго да ідэі кінуць ўсё і з’ехаць на жыццё ў вёску «Прудок», што на Палессі. Такім чынам, сельскае жыццё гарадскому хлопцу прыйшлося засвойваць самастойна і з самага пачатку. Андрусь пачаў дзяліцца рознымі вясковымі цікавосткамі на сваёй старонцы ў фэйсбуку, падмацоўваючы іх фотаздымкамі. Праз некаторы час яго блог пачаў набіраць папулярнасць, а пазней, на грошы сабраныя праз краўдфандынгавую платформу «Талака», быў выдадзены зборнік расказаў «Радзіва Прудок». Ён створаны  у выглядзе дзённікавых запісаў, складзеных з тых самых пастоў на фэйсбуку.
Таму, калі ў вас дрэнны настрой ці проста хочацца пачытаць нешта лёгкае і з гумарам, гэта кніга менавіта для вас!
5.Альгерд Бахарэвіч «Дзеці Аліндаркі»
«
Беларускі акцэнт можна вылечыць – дастаткова проста выплюнуць костачку… Пакуль ты малы – гэта не балюча. Так кажа Доктар, а яму трэба верыць».
Раман пачынальніка беларускага пост-мадэрнізма, неардынарнага і проста цікавага аўтара Альгерда Бахарэвіча, у ідэйным плане крыху пераклікаецца з «Мовай» Марціновіча. Нягледзячы на тое, што гэта кніга – антыўтопія, апісаныя ў ёй абставіны хутчэй падобны да сённяшняй рэчаіснасці, чым да далёкай будучыні.
Галоўныя героі рамана – Лёся і Лётчык, беларускамоўныя дзеці, якія трапілі ў загадкавую ўстанову Лягер. Іх свет – гэта казка, аднак зусім з не дзіцячая. Іх прыгоды – гэта падарожжа сучасных Гензэль і Грэтэль па беларускім лесе. Напоўненая вялікай колькасцю сімвалаў, і напісаная ў шыкоўным і непаўторным стылі Бахарэвіча, гэта кніга зацікавіць ўсіх, хто неабыякавы да лёсу мовы.

Спадзяюся, што вы ацэніце гэтыя кнігі і зможаце далей працягнуць сваё знаёмства з вялікім і цудоўным светам беларускай літаратуры!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *